Вiншуем з прафесiйным святам! Сёння у iх — юбiлей!

Общество

Беларускае ўнітарнае рэспубліканскае страхавое прадпрыемства «Белдзяржстрах» у Дзень страхавых работнікаў адзначае сваё 90-годдзе. Разам з усімі святкуюць і супрацоўнікі прадстаўніцтва па Чэрвеньскаму раёну на чале з дырэктарам Фёдарам Шчурком (на здымку). Да юбілею яны падышлі з добрымі вынікамі.

Фёдар ШЧУРОК,

дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Чэрвеньскаму раёну:

«Працуем стабiльна, надзейна, упэўнена»

— Звычайна напярэдадні значных датаў мы найперш звяртаемся  да гісторыі. У нашай арганізацыі яна наступная. Трэцяга снежня 1921 года быў выдадзены дэкрэт Саўнаркама Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусіі «Аб арганізацыі дзяржаўнага маёмаснага страхавання». Функцыі па арганізацыі страхавання і кіраўніцтва ім ускладзены на Упраўленне дзяржаўным страхаваннем Беларусіі ў складзе Наркамфіна ССРБ. Гэтую ўстанову і прынята лічыць роданачальнікам Белдзяржстраху — арганізацыі, з дзейнасцю якой звязана наступная гісторыя развіцця страхавой справы ў Беларусі.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2001 года № 505 зацверджана ініцыяванае Белдзяржстрахам рашэнне аб устанаўленні ў рэспубліцы прафесійнага свята «Дзень страхавых работнікаў», якое адзначаецца штогод у першую суботу снежня.

Белдзяржстрах — універсальная страхавая арганізацыя, якая ажыццяўляе правядзенне сацыяльна значных відаў страхавання ў рамках дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Зараз ліцэнзія прадпрыемства прадугледжвае магчымасць правядзення больш за 70 відаў абавязковага і добраахвотнага страхавання — ад найбольш масавых і распаўсюджаных да эксклюзіўных і індывідуалізаваных. Гэта дазваляе ў канкрэтнай сітуацыі сфармаваць сістэму страхавой абароны кожнага кліента.

На ўзбраенне Белдзяржстрахам узяты дэвіз «Учора, сёння, заўтра — мы з вамі!», які адзначае шматгадовую гісторыю прадпрыемства, канстатуе яго вядучыя пазіцыі на нацыянальным страхавым рынку і гарантуе ўдзел у лёсе кліента пры надыходзе ў яго жыцці неспрыяльных падзей.

Сёння Беларускае рэспубліканскае ўнітарнае страхавое прадпрыемства «Белдзяржстрах» адзначыць свой 90-гадовы юбілей. Прыемна, што наша прадстаўніцтва сустракае яго з добрымі паказчыкамі. Працоўным калектывам выкананы план паступлення страхавых узносаў за дзевяць месяцаў гэта года па ўсіх відах страхавання на 115,2% пры тэмпе росту 135% да ўзроўню мінулага года. З 22 прадстаўніцтваў у разліку рэйтынгу вытворчай дзейнасці адасобленых падраздзяленняў Белдзяржстраху, якія ажыццяўляюць дзейнасць на тэрыторыі з агульнай колькасцю жыхароў ад 30 да 50 тысяч, наша арганізацыя па выніках мінулага года і дзевяці месяцаў гэтага займае трэцяе месца ў сваёй групе.

Тое, што мы з году ў год паспяхова выконваем планы, — заслуга ўсяго калектыву. Але разам з тым хочацца адзначыць асабліва старанную працу страхавых агентаў — Марыі Волчак, Наталлі Давідовіч, Таццяны  Абчугскай, Алены  Бурдак, Алены Дзяруга, Наталлі  Зыкавай, Наталлі  Чыжаньковай.

У тым, што работнікі прадстаўніцтва забяспечваюць своечасовую і якасную выплату страхавога пакрыцця і страхавога забеспячэння як грамадзянам, так і арганізацыям раёна, вялікая заслуга начальніка сектара страхавання і ўрэгулявання стратаў Анатоля  Ульянава, вядучага спецыяліста па страхаванні няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў Галіны  Шчурок, вядучых спецыялістаў Валянціны  Жвірбля, Надзеі  Найдовіч, вядучага эканаміста Вольгі Баравік, галоўнага бухгалтара Жанны  Шукан, намесніка дырэктара Алены  Ільмоўскай.

Так, за 10 месяцаў гэтага года выплачана 2.005.479.000 рублёў па ўсіх відах страхавання пры паступленні 2.751.787.000 рублёў, што складае 72, 8% ад усіх узносаў. Найбольшую ўдзельную вагу  склалі выплаты:

—  па абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесіянальных захворваннях — 701.741.000 пры паступленні 527.994.000 рублёў

— па абавязковаму страхаванню ўраджаю сельскагаспадарчых культур — 582.515.000 рублёў пры паступленні 104.453.000 рублёў.

Сардэчна віншую ўсіх супрацоўнікаў і страхавых агентаў нашага прадстаўніцтва з 90-годдзем Белдзяржстраху! Жадаю моцнага здароўя, бадзёрасці духу, актыўнасці і энергічнасці ў працы. Страхавальнікаў, з якімі працуем, хачу запэўніць у тым, што мы і далей будзем арыентавацца на аказанне якасных паўнавартасных страхавых паслуг па абароне іх асабістых і маёмасных інтарэсаў.

Усiм вiншаваннi, лепшым — падзякi i прэмii!

Напярэдадні свята ў будынку па вуліцы Луначарскага, які выдзяляецца сярод іншых дагледжанасцю, афармленнем у зялёных тонах, лагатыпам і шыльдай «Белдзяржстрах», сабраліся ўсе супрацоўнікі прадстаўніцтва па Чэрвеньскаму раёну, каб атрымаць віншаванні і заслужаныя ўзнагароды падчас урачыстага сходу, прымеркаванага да юбілею арганізацыі. Завіталі сюды і шаноўныя госці — намеснік старшыні Чэрвеньскага райвыканкама па эканоміцы Алена Шлома, намеснік дырэктара філіяла Белдзяржстраху па Мінскай вобласці Галіна Старавойтава, старшыня райкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Ганна Аўласенка.

Усе яны адзначылі стабільную работу, высокія паказчыкі, згуртаванасць і надзейнасць калектыву, талент кіраўніка, павіншавалі з надыходзячым юбілеем Белдзяржстраху і Днём страхавых работнікаў, уручылі ўзнагароды.

Падзячныя лісты райвыканкама атрымалі дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Чэрвеньскаму раёну Фёдар ШЧУРОК  і начальнік сектара страхавання і ўрэгулявання стратаў Анатоль УЛЬЯНАЎ, Падзяку цэнтральнага апарату — страхавы агент Наталля ДАВІДОВІЧ, Падзякі філіяла Белдзяржстраху па Мінскай вобласці — вядучы эканаміст Вольга БАРАВІК, страхавыя агенты Алена БУРДАК і Марыя ВОЛЧАК, Падзяку абкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў — казначэй Жанна ШУКАН, Падзякі райкама прафсаюза — страхавы агент Алена ДЗЯРУГА, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Алена ІЛЬМОЎСКАЯ.

Дырэктар прадстаўніцтва Фёдар Шчурок аб’явіў падзякі з уручэннем грашовых прэмій вядучым спецыялістам Валянціне ЖВІРБЛЯ, Надзеі НАЙДОВІЧ, Галіне ШЧУРОК, вядучаму эканамісту Андрэю МІЛЬКЕВІЧУ, страхавым агентам Надзеі РАМАНЁНАК і Наталлі ЗЫКАВАЙ.

Калектыў рэдакцыі далучаецца да віншаванняў супрацоўнікам прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Чэрвеньскаму раёну і шчыра зычыць ім моцнага здароўя, шчасця, кахання, узаемаразумення, дабрабыту, падзякі ад людзей і далейшых працоўных поспехаў!

Святлана АДАМОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *