«НЕЎПІВАЕМАЯ ЧАША» — У ПАДАРУНАК АД ЗЯМЛЯЧКІ

Духовность

Убранства чэрвеньскай Свята-Мікалаеўскай царквы мінулымі выхаднымі папоўнілася іконай Божай Маці «Неўпіваемая чаша», якая дапамагае людзям пазбавіцца ад п’янства. Напісала і падаравала яе храму наша зямлячка — ураджэнка вёскі Машчаліна, а зараз — жыхарка Масквы, супрацоўніца Генеральнага штаба Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі Ганна Іванаўна Мяленцьева (у дзявоцтве — Касцевіч). Гэта ўжо другі яе падарунак. Летась Ганна Мяленцьева перадала нашай царкве ікону святога Серафіма Сароўскага.

— Аднойчы, калі праездам была ў Чэрвені, зайшла ў царкву, — узгадвае Ганна Мяленцьева. — І мне падалося, што ў ёй зусім няшмат ікон. Так і ўзнікла жаданне чымсьці аддзячыць малой радзіме, пакінуць тут памяць аб сабе. Вельмі хачу, каб гэтыя мае іконы прыносілі боскую ласку.

Аўтарка, як яна падкрэслівае сама, звычайны мірскі чалавек. Іконы пачала ствараць у даволі сталым узросце, скончыўшы школу іканапісу. Адбылося гэта па поклічу Божаму, які прыйшоў ёй у сне.

З удзячнасцю прымаючы ў падарунак ікону Божай Маці «Неўпіваемая чаша», святар Свята-Мікалаеўскай царквы айцец Аляксандр Лазоўскі выказаў упэўненасць у тым, што святыня будзе ратаваць душы тых, хто пакутуе ад алкагольнай залежнасці.

— Ікона даступная для ўсіх, — сказаў ён. — Кожны, хто прыдзе ў царкву, можа прачытаць адпаведны акафіст або малітву, заказаць малебен з водаасвячэннем.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *