Навiны

Общество

СУСТРЭЧА З МАЛАДЫМІ СПЕЦЫЯЛІСТАМІ.

У райвыканкаме адбылася традыцыйная сустрэча з маладымі спецыялістамі ўсіх галін народнай гаспадаркі раёна. Яе арганізатар, аддзел па справах моладзі райвыканкама, меў на мэце бліжэй пазнаёміцца з тымі, хто сёлета прыйшоў працаваць у раён пасля заканчэння вышэйшых і сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў, выслухаць іх праблемы. Пытанні, якія цікавяць маладых спецыялістаў, тычыліся кар’ернага росту, будаўніцтва жылля, арганізацыі вольнага часу і актыўнага адпачынку. На іх адказалі начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Наталля Дмухоўская, начальнік аддзела будаўніцтва і архітэктуры райвыканкама Уладзімір Ніціеўскі, галоўны спецыяліст аддзела крэдытавання цэнтра банкаўскіх паслуг №627 філіяла «Беларусбанка» Сяргей Калтовіч, загадчык аддзела культуры райвыканкама Сяргей Суша, галоўны спецыяліст аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Курыловіч, першы сакратар райкама БРСМ Яўгенія Марозава.

 

ПЕРАМОГА БУДАЎНІКА

Каманда «Будаўнік» (Чэрвень), у склад якой увайшлі футбалісты ПМК-237 і чэрвеньскага «Коласа», а таксама два сталічныя ігракі, паспяхова стартавала ў чэмпіянаце Асацыяцыі аматарскага футбола Мінска па міні-футболу. У першым матчы яна ўпэўнена перамагла «Мінск-Гэлаксі» — 11:6. Два мячы ў вароты сапернікаў забіў Дзмітрый Трапашка, па аднаму — Аляксей Сасункевіч і Дзмітрый Чысты. А самым выніковым у чэрвеньскай камандзе стаў мінчанін Антон Масько, на рахунку якога 7 мячоў.

 

НЕШЧАСЛІВАЯ ПЯТНІЦА

Адразу два дарожна-транспартныя здарэнні адбыліся ў раёне ў мінулую пятніцу. У Чэрвені на вуліцы Перамогі, непадалёк ад гарадскога стадыёна, жыхар райцэнтра на аўтамашыне «Фіят-Тэмпра» здзейсніў наезд на жанчыну 1971 года нараджэння. З траўмамі яе шпіталізавалі ў райбальніцу. Як паведамілі ў Дзяржаўтаінспекцыі, яна пераходзіла дарогу па пешаходнаму пераходу. А на шашы «Мінск-Магілёў» вадзіцель «ГАЗ-3309» Чэрвеньскага райпо пры павароце з вёскі Стары Пруд у зоне дзеяння знака «Саступі дарогу» сутыкнуўся з аўтамашынай «Івека», якой кіраваў жыхар Маладзечанскага раёна. У выніку наш вадзіцель і пасажырка шпіталізаваны. Акрамя таго, вечар пятніцы быў адзначаны трагедыяй у вёсцы Іванічы. Тут падчас пажару ў жылым доме загінуў яго гаспадар, 1956 года нараджэння. Паводле звестак раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, прычынай узгарання стала курэнне мужчыны ў ложку.

А вечарам у панядзелак на шашы ля паварота на вёску Жураўкавічы аўтамашынай «Опель», якой кіраваў жыхар Чэрвеня, смяротна траўміраваны жыхар Жураўкавічаў, 1974 года нараджэння. Мужчына пераходзіў праезную частку па-за пешаходным пераходам і не быў абазначаны святловяртальным элементам.

Ігар АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *