Мы спыталі ў чытачоў:

Общество

Звычайна напрыканцы года старога прынята падсумоўваць зробленае і акрэсліваць планы на будучае. Не выключэнне — і калектыў рэдакцыі. Мы заўсёды стараемся прыслухоўвацца да прапаноў, заўваг, пажаданняў чытачоў. Вось і гэтым разам папрасілі іх выказаць свае адносіны да газеты. Зразумела, колькі людзей — столькі меркаванняў. І ўсё ж нам вельмі важна было пачуць адказы на пытанне:

«ШТО Б ВЫ ЖАДАЛІ  ПРАЧЫТАЦЬ  У «РАЁНЦЫ» Ў НАСТУПНЫМ  ГОДЗЕ?»

Ігар САДЧАНКА (чытацкі стаж — 20 гадоў):

— Мне падабаецца ўсё, што друкуецца ў «Раённым весніку». Найперш звяртаю ўвагу на публікацыі сельскагаспадарчай тэматыкі, на мясцовыя навіны, якія заўсёды чытаю з цікавасцю. Добра, што ёсць рубрыкі «Аб’явы», «Віншаванні», наша сям’я імі карыстаецца. А ў новым годзе хацелася б убачыць больш публікацый аб прысядзібнай гаспадарцы, сельскіх установах культуры, што-небудзь новае па садаводству, прагноз надвор’я на тыдзень…

Ірына САРМАНТ (чытацкі стаж — 29 гадоў):

— У Чэрвені я — з 1982 года. З таго часу і выпісваю «раёнку». Чакаю яе кожную сераду і суботу, чытаю ўсё запар, ад першай старонкі да апошняй. Усё цікавае. Асабліва падабаецца чытаць пра людзей, якіх ведаю. Спадзяюся, што і ў новым годзе «Раённы веснік» будзе шмат распавядаць пра жыхароў Чэрвеня і раёна. А ўвогуле, я нават не задумвалася пра тое, што б яшчэ хацела ўбачыць у «раёнцы». Бо ўсё, што напісана, друкуецца там — карыснае. Пра адукацыю матэрыялаў стае… Можа, хацелася б толькі, каб ішлі яны і з нашай другой гарадской школы, але гэта трэба і самім педагогам патурбавацца…

 

Васіль КАПЦЕЛАЎ (чытацкі стаж — 42 гады):

— Зазначу, што ў апошні час шмат увагі на старонках раённай газеты ўдзяляецца культуры. Мне гэта падабаецца. Добрыя рубрыкі — «Таленты Чэрвеньшчыны», «Весткі з бібліятэк». Стае матэрыялаў пра нашу школу мастацтваў. Я звычайна адразу праглядаю нумар — што там пра культуру, адукацыю, а затым чытаю цалкам. Вось з апошняга спадабаўся матэрыял пра святкаванне 120-х угодкаў М.Багдановіча. У студзені ў нас будзе шмат музычных конкурсаў. Буду даваць інфармацыю, спадзяюся ўбачыць яе на старонках «раёнкі»…

 

Галіна КОРЗЮК (чытацкі стаж — 20 гадоў):

— Чытаць у «раёнцы» мне падабаецца ўсё. Асабліва цікавяць аповеды пра кагосьці, пра чыйсьці лёс. Прычым не мае значэння, знакаміты гэты чалавек ці просты, стары ці малады… Падабаюцца парады хатнім гаспадыням, якіясьці матэрыялы для ўсёй сям’і. Вось раней у «Раённым весніку» друкаваліся рэцэпты. Ірына Калмакова вяла рубрыку «Ад нашага стала — вашаму».  І я нядаўна яшчэ гатавала па тых рэцэптах са старой газеты… Хацелася б, каб гэтую рубрыку адрадзілі ў новым годзе…

 

Аляксандр ФЯДОСАЎ (чытацкі стаж — 15 гадоў):

— Сам я — прыезджы, з Любаншчыны. Але прывык ужо да чэрвеньскай газеты. Чытаю яе ад пачатку да канца. Падабаюцца навіны Чэрвеньшчыны, цікавяць матэрыялы, якія датычацца харчавання. Даспадобы ўсё жывое, жыццёвае. Людзі, іх звычкі, прафесіі, праблемы, таленты. Хацелася б, можа, бачыць больш публікацый аб працы камунгаса, у якім я раблю. Ну, і каб было ў «раёнцы» штосьці гумарыстычнае, бо смяяцца — карысна для здароўя.

 

Распытвала і занатоўвала Святлана АДАМОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *