ЯК ЗРАБІЦЬ, КАБ ДАРОГІ БОЛЬШ БЯСПЕЧНЫМІ СТАЛІ?

Общество

О, гэтыя паказчыкі паваротаў! Колькі разоў яны падманвалі пешаходаў і з’яўляліся прычынай наезду на іх! Прынамсі, я не аднойчы на свае вочы бачыла, як машыны, што праязджалі праз гэтае перакрыжаванне па вуліцы Луначарскага, загадзя паказвалі правы ці левы паварот і… спакойна ехалі прама, не зніжаючы хуткасці! Гэта значыць, што калі б пешаход памкнуўся б пераходзіць дарогу, то атрымаў бы вялікія праблемы… Толькі я, напрыклад, заўсёды чакаю, пакуль машына сапраўды пачне выконваць паварот, а пасля пераходжу…

Раніца, якая надышла за 13-ым снежня, была звычайная. Такая ж цёмная, як і папярэдняя. Быў бы снег на зямлі — стварыў бы натуральную падсветку. А так… Раз-пораз прыгадваючы страчаны «зімовы» час, людзі брылі на працу. Прынамсі, пешаходы. Вадзіцелі ехалі. Хтосьці — павольна, а хтосьці — як заўсёды, «стралою». Карацей, усё было звычайным. Апрача, хіба, колькасці машын па вуліцы Луначарскага, якія ішлі на працягу некалькіх хвілін даволі шчыльным патокам. Убачыўшы невялікі прасвет, уважліва пазіраю на машыну, якая першай стаіць перад гэтым перакрыжаваннем, толькі па вуліцы Барыкіна. Ці не паказвае яна правы паварот? Тады давядзецца чакаць яшчэ.

… Хуценька перайшоўшы перакрыжаванне Барыкіна-Луначарскага, кіруюся на працу. І раптам, зрабіўшы літаральна крокаў дзесяць, чую за спіною пранізлівы віск-крык дзіцяці. Рэзка азіраюся, але напачатку нічога не бачу. Бо на самім перакрыжаванні асвятлення няма, толькі фары машын… Раблю некалькі крокаў назад і заўважаю якоесьці варушэнне на асфальце. З машыны выскоквае вадзіцель, падымае веласіпед… Збіта жанчына з дзіцём?! Першыя словы вадзіцеля: «Я ж не ляцеў!» Ну сапраўды, ён толькі кранаўся з перакрыжавання… І яшчэ штосьці — пра адсутнасць флікераў… А можа — катафотаў ці фары на веласіпедзе. У адказ — роспачны крык жанчыны: «Ды ўсё ў нас ёсць!..»

Дзякуй Богу, хуткасць невялікая, усе жывыя… Толькі ў шоку, вядома. Ну, і якіясьці пашкоджанні пасля падзення на асфальт, відаць… Хто правы, хто вінаваты, высветліць ДАІ. А мне адразу ж падумалася: ізноў гэтае аварыйнае перакрыжаванне!

Памятаеце, шаноўныя чытачы, колькі дарожна-транспартных здарэнняў тут было раней? Напачатку вінавацілі… бярозу. Маўляў, з-за яе дрэнны агляд. Дрэва спілавалі. Многія ўжо нават забыліся, што яно тут расло. А праблема аварыйнасці — засталася…

Літаральна за пару апошніх тыдняў — тры небяспечныя сітуацыі. У адзін з дзён згледжваю, што ля дома, які размешчаны непадалёк, з боку Луначарскага ізноў «склалі» цэлы пралёт плоту, заехаўшы на агарод! У чарговы раз так не пашанцавала яго гаспадарам. А праз пару дзён увечары там жа назірала сітуацыю, якая таксама ледзь не скончылася аварыяй.

… Пачуўшы рэзкі віск тармазоў і крык дзіцяці, пазіраю ў той бок. Аказваецца, вуліцу Барыкіна перасякае мама з бальшаватым хлопчыкам. Даволі спакойна, не зважаючы, што машына ўжо блізка…. Заўважу: святлафора там няма. Як няма дарожнага знака «Пешаходны пераход» ці «зебры». Словам, здаецца, ніякага прыярытэту ў пешаходаў. І добра, што вадзіцель паспеў прытармазіць. Ды і хуткасць пасля «ляжачага паліцэйскага» была невялікай.

Але ўразіла мяне не гэта. А тое, што жанчына… вадзіцеля яшчэ і аблаяла. Маўляў, глядзі, куды едзеш… А можа, лепей паглядзець, куды калі і як ісці?!

Згадаўшы адсутнасць там абазначанага пешаходнага перахода, не магу не напісаць пра тыя, што ёсць. Толькі карысці ад іх пешаходам мала. Не, што датычыцца «зебраў» па вуліцы Ленінскай насупраць ЗАГСа і фантана, выпрабавана не аднойчы на сабе. Прапускаюць. За рэдкім-рэдкім выключэннем. І не толькі тады, калі мкнешся ісці. А і тады, калі яшчэ нерашуча мнешся на тратуары (беражонага Бог беражэ!), пазіраючы па баках.

А вось «зебры» на вуліцы Барыкіна насупраць выхаду з двара СШ №2 і крыху далей, на перакрыжаванні Барыкіна і К.Маркса… Усё з дакладнасцю наадварот. За рэдкім-рэдкім выключэннем НЕ прапускаюць, хоць мніся, хоць мкніся! Раніцаю і ўвогуле там небяспечна, бо ліхтар непадалёк ужо то гарыць, то не.

Але хачу адзначыць, хто заўсёды прапусціць на перакрыжаванні Барыкіна-К.Маркса. Вы не паверыце, шаноўныя чытачы, — вадзіцель вялізнага зялёнага гарадскога аўтобуса! Бачыла гэта не аднойчы. Яму не лянота прытармазіць вялізную машыну…

Даволі праблемны пешаходны пераход насупраць філіяла «Беларусбанка» па вуліцы Чапаева. Там таксама далёка не кожны цябе прапусціць. Зрэшты, часткова вадзіцеляў можна зразумець. Каб без праблем праехаць перакрыжаванне Чапаева-К.Маркса, ім трэба тармазіць акурат на «зебры». Бо крама «Усё для дома» загароджвае агляд…

А вось і яшчэ адзін праблемны для пешаходаў участак па вуліцы Чапаева — насупраць міні-рынку і далей, да перакрыжавання з К.Лібкнехта. Калі заканчваюцца тратуары, хоць ты па паветры ляці! Бо калі з двух бакоў стройныя рады машын… Плюс яшчэ рух у два бакі… Ды яшчэ вечар, цемра… Складана, вельмі складана перасячы вуліцу. Мабыць, давядзецца абвешвацца флікерамі, як навагодняя ёлка! Але ці ўратуе гэта, калі трапіцца вадзіцель без правоў, у стане алкагольнага ап’янення альбо проста аматар хуткай язды?.. Таму пешаходам самім трэба быць вельмі і вельмі ўважлівымі…

Гэта ўсяго некалькі праблемных месцаў Чэрвеня. Упэўнена, што ў кожнага чытача на заметцы ёсць і іншыя. І што кожны выпрацаваў для сябе ўласныя прынцыпы. Вось толькі б хацелася, каб і вадзіцелі, і пешаходы не забываліся пра адзін, галоўны: быць узаемна ветлівымі.

Таксама хочацца, каб усе зацікаўленыя службы сабраліся нарэшце разам і вырашылі, як зрабіць напачатку хаця б перакрыжаванне Барыкіна-Луначарскага менш небяспечным. Дарэчы, многія з чэрвеньцаў, як высветлілася з размовы, нязгодны з тым, што менавіта Луначарскага як дарога з аднабаковым рухам тут — галоўная. Натуральней было б зрабіць больш шырокую Барыкіна. Наўрад ці магчыма абсталяваць гэтае перакрыжаванне святлафорам, бо дорага, відаць… Але ж якіясьці захады зрабіць трэба…

Я пацікавілася ў начальніка Чэрвеньскага РЭС Міхаіла Чарнаўца: а чаму нельга павесіць ліхтар на самым бліжэйшым да перакрыжавання слупе, каб яно было добра асветлена? І пачула ў адказ, што калісьці… ліхтар там сапраўды быў. Але паколькі і ў гэтую апору ўразаліся дзесяткі разоў… ён падаў. І добра, калі ў такой сітуацыі ўсё абыходзіцца толькі пашкоджаннем транспартнага сродку, а не траўмамі…  Але, як запэўніў Міхаіл Чарнавец, калі Чэрвеньская ЖКГ ліхтар там прымацуе і лямпу набудзе, разам можна паспрабаваць вырашыць праблему…

Карацей, хочацца пачуць разважанні, канкрэтныя прапановы і ад супрацоўнікаў ДАІ Чэрвеньскага РАУС, і ад вадзіцеляў, і ад пешаходаў. Давайце разам зробім нашы дарогі больш бяспечнымі, шаноўныя…

А на заканчэнне я пацікавілася ў нашых чытачоў:

 

«ХТО ЧАСЦЕЙ ПАРУШАЕ ПРАВІЛЫ ДАРОЖНАГА РУХУ — ВАДЗІЦЕЛІ ЦІ ПЕШАХОДЫ?

Алена МАТВЕЕВА, пешаход і вадзіцель (стаж — 5 гадоў):

— На мой погляд, больш за ўсё — пешаходы. Напрыклад, увечары, калі цёмна, яны ідуць па праезнай частцы. І калі едзеш за рулём, вельмі цяжка манеўраваць паміж імі і пры гэтым не выязджаць на сустрэчную паласу. Ды яшчэ ж трэба іх убачыць. А калі няма флікераў?! Пачынаеш сігналіць, дык не ўсе сыходзяць з дарогі… Таму сапраўды ў дарожна-транспартных здарэннях часта вінаватыя пешаходы… Ведаеце, пасля таго, як сама паездзіла за рулём, пабыла ў «скуры» вадзіцеля (смяецца), стараюся хадзіць цяпер толькі па тратуары альбо абочыне. Калі чалавек і кіроўца, і пешаход, то ён здольны ацэньваць сітуацыю з двух бакоў. Што датычыцца найбольш заўважных парушэнняў Правілаў вадзіцелямі… Канешне, гэта незахаванне хуткаснага рэжыму, асабліва ў горадзе. Існуе абмежаванне — 60 км, яшчэ ёсць асобныя знакі — 40, 30, 20 км… Некаторыя вадзіцелі едуць нетаропка, а іншыя так ляцяць! Я заўсёды думаю: «А калі б у гэты час дарогу пераходзіла дзіця?!» На «зебрах» часцей за ўсё прапускаюць, гэта трэба, як кажуць, аддаць належнае. Але, зноў-такі, я па іх цяпер не пераходжу дарогу, задраўшы галаву, а напачатку пагляджу і налева, і направа. Усё ж такі вывучэнне Правілаў дарожнага руху дае свой плён…

 

Сяргей ПАТАПАЎ,

пешаход:

— Думаю, што вадзіцелі. Ім трэба ведаць вельмі шмат правілаў дарожнага руху, звяртаць увагу на ўсе знакі… І не ўсе спраўляюцца. Я вучуся ў трэцім класе СШ №2 г.Чэрвеня. Каля нашай школы ёсць пешаходны пераход. А яшчэ ёсць знак, дзе намаляваны дзеці. Гэта значыць, што вадзіцелі павінны тут ехаць ціха, бо вучні могуць выскачыць на дарогу. А некаторыя ездзяць хутка. Я ведаю, што пераходзіць дарогу трэба па «зебры», калі яна ёсць. Спачатку паглядзець налева, пасля — направа. І рухацца толькі тады, калі блізка няма машын. Я аднойчы бачыў аварыю непадалёк ад нашай школы, калі збілі веласіпедыста… Прыехала «хуткая»… У веласіпеда так кола было пагнута… У мяне тата таксама водзіць машыну. Ён ведае ўсе правілы, усе знакі… Напрыклад, перад тым, як кранацца ўзад, спачатку глядзіць у люстэрка, каб блізка не было якога транспарту… Нас у школе вучаць, што мы павінны быць вельмі ўважлівымі на дарогах, каб нічога не здарылася…

 

Люцыя ДУЖАВА,

вадзіцель (стаж — 15 гадоў) і пешаход:

— Ведаеце, вельмі часта — веласіпедысты. Выдзелім іх у асобную катэгорыю. Пераважная большасць едзе, не гледзячы, праз асноўную дарогу, праз другарадную… Па ходу руху, насупраць руху, ледзь не пасярэдзіне… У цёмны час сутак — без катафотаў, фараў, флікераў… Вадзіцелям аўтамашын дужа складана… А што датычыцца таго, хто больш парушае — вадзіцелі ці пешаходы… Напэўна, усё залежыць ад чалавека. Вось мяне не прапусцілі на перакрыжаванні Барыкіна-Луначарскага… Слізка, да таго ж, было… Вадзіцель другой машыны сказаў, што туды паглядзеў, а туды — не. І крануўся. А тут ужо я была на аўто… Не магу аспрэчваць прынятае калісьці рашэнне, што галоўная дарога на гэтым перакрыжаванні — Луначарскага… Да таго ж, людзі прывыклі, не памяняеш. Таму адзінае выйсце — паставіць тут святлафор…

 

 

Іван ІВАНЦОЎ,

вадзіцель (стаж — 29 гадоў) і пешаход:

— Хачу сказаць са сваёй міліцэйскай практыкі, а таксама як пешаход і вадзіцель. Мабыць, больш пешаходы. Пераходзяць дарогу ў неналежных месцах. У цёмны час сутак не абазначаюць сябе святловяртальнымі элементамі. Многія і часта, як у горадзе, так і ў раёне. Скажу нават больш. У нас адзіны святлафор у цэнтры. І вось калі пастаяць там і паназіраць, убачыш, што і тут ухітраюцца парушаць пешаходы. Часта гэта робяць дарослыя, а ўслед за імі — і дзеці. Памятаю, калі працаваў начальнікам Чэрвеньскага РАУС, неаднаразова рабіў заўвагі. Дзіця быццам бы і спыняецца, а дарослы ідзе на чырвоны сігнал і яго за сабой цягне… Вадзіцелі найчасцей парушаюць хуткасны рэжым, не глядзяць на знакі. Асабліва небяспечна, калі ігнаруюць «Стоп!» альбо «Саступіце дарогу». Вось апошняя аварыя насупраць «Беларусбанка» — таму пацвярджэнне. А па вялікаму рахунку, парушаюць, мабыць, усё ж 50 на 50. Калі я працаваў у міліцыі, часта выязджаў на дарожна-транспартныя здарэнні. Прычына — п’яны за рулём, перавышэнне хуткасці сярод вадзіцеляў, пераход у неналежным месцы, раптоўнае з’яўленне на праезнай частцы, неабазначэнне сябе флікерамі ў цёмны час сутак — сярод пешаходаў…

 

Святлана АДАМОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *