Фестываль-сабантуй «Мост дружбы»

Общество

У чарговы раз прайшоў тыдзень татарскай культуры» ў сярэдняй школе №2 г.п.Смілавічы. На працягу некалькіх дзён вучні азнаёміліся з творамі татарскіх паэтаў і пісьменнікаў, праглядзелі фільм «Мая настаўніца Айша», прынялі ўдзел у канферэнцыі  «Зямлі адзінай людзі». Вучні малодшых класаў здзейснілі падарожжа ў свет татарскіх  казак, якія для іх падрыхтавалі піянеры 7 класа.

Вядучыя  Яўген Абрамовіч і Анастасія Чарнушэвіч звяртаюць увагу на тое, што ёсць адна асаблівасць у Сабантуя: не пакрыўдзіць, не абылгаць ніводнага чалавека. Ніхто не павінен пакінуць свята з крыўдай на сэрцы.

Вельмі прыемна, што ў  гэтым годзе ў сабантуі «Мост дружбы» прынялі ўдзел вучні сярэдняй школы №1 г.п.Смілавічы і Турэцкай школы. Як і заўсёды,  ганаровым госцем свята была дацэнт кафедры гуманітарных дысцыплін БДУ Зарына Канапацкая.

Сабантуй — цудоўнае свята, свята дружбы і працы, на якім усе спяваюць, танцуюць і весяляцца…

Вельмі прыемна было слухаць выступленні вучняў СШ №1, вучаніцы і настаўніцы Турэцкай школы. Як заўсёды, затаіўшы дыханне, слухалі прысутныя песні ў выкананні Дзмітрыя Маркевіча, Алёны Васільевай і Аліны Пазняк, Наталлі Крэпскай, Дар’і Мукавозчык і Карыны Юшко.

На сабантуі гучалі вершы:  М.Джаліля «Красная ромашка» ў выкананні Анастасіі Прадзед, Ф.Карыма «Пра радзіму» ў выкананні Лізаветы Матросавай, А.Ерыкеева «Пра каханне» ў выкананні А.Пазняк…

А як прыгожа танцавалі дзяўчынкі 2 «А»класа! Імі любаваліся не толькі вучні, настаўнікі, але і бацькі.

Далей свята прадаўжалася ў фае школы, дзе праходзіў байрам-кірмаш «З рога ўсяго многа».  І сапраўды чаго тут толькі не было:  татарскія кундумы,  перакачанікі з тварагом, перакачанікі з яблыкамі,  азу па-татарску. Цэлая чарга выстраілася каля стала СШ №1, каб набыць смачную страву чак-чак. І, безумоўна, галоўнай стравай байрама была гальма.

Напрыканцы самым актыўным удзельнікам фестывалю намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце ўручыў граматы.

Людміла Драпеза, настаўніца беларускай мовы і літаратуры  СШ №2 г.п.Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *