Цi ёсць альтэрнатыва лясной ёлцы?

Общество

Гэтае пытанне мы задалі па тэлефоне нашым чытачкам і вось што пачулі:

Алена Веташка,

21 год:

— Самы просты варыянт — купіць штучную і кожны год рабіць яе ўпрыгожанне розным. Напрыклад, у мінулым годзе мая ёлка была срэбная, а сёлета хачу павесіць цацкі, каралі, дожджык — чырвона-залатога колеру.

 

Марыя Пянько,

16 гадоў:

— Заўжды бацькі ставілі дома лясную ёлку — высокую, ажно да столі. Мне падабалася вечарам перад Новым годам упрыгожваць яе. Гэта займала даволі шмат часу і было вялікай радасцю. Асабліва, калі мама купляла шмат шакаладных цукерак і мандарынаў. Я ўсё гэта старанна вывешвала на ёлку — галінкі былі моцныя і добра вытрымлівалі такія цацкі. Я ведала, што ўжо на наступны дзень змагу знімаць пакрыху і ласавацца. Каб ёлка не падавалася потым пустой, цукерку вынімала акуратна, не пашкоджваючы абгортку, тады фанцік заставаўся як бы напоўнены слодычу. Я ўжо вырасла — і цяпер мне шкада лясной прыгажуні, якую ссякаюць усяго на некалькі вечароў. Думаю, не будзе горш, калі паставіць на стол у прыгожую вазу сасновыя галінкі, ды яшчэ калі яны з шышкамі…  Сасновы водар напоўніць пакой і надасць святу асаблівы настрой. Вось такая альтэрнатыва.

 

Тамара Гардзец,

34 гады:

— Мне падабаецца, калі ёлкі ёсць у кожным пакоі. Але купіць іх некалькі — даволі дорага. Сяброўка падказала мне просты спосаб, які не займае шмат часу, не патрабуе асаблівых навыкаў, ёлкі атрымліваюцца розныя і прыгожыя. Для гэтага трэба узяць паперу (лепш тоўстую) і згарнуць яе у кулёк. Верх і ніз кулька замацаваць, можна нават звыклымі канцылярскімі скрэпкамі або клеем, урэшце прышыць ніткамі, словам, тым, што вам трапіць пад руку. Ніз кулька падрэзаць ці падгарнуць так, каб ён атрымаў выгляд піраміды і мог трывала стаяць на стале. Затым абгарнуць пышнай бліскучай гірляндай зялёнага колеру. Дарэчы, гірлянды бываюць з рознымі адценнямі, а значыць вашы ёлкі атрымаюцца рознымі. А можна на іх падвесіць маленькія цацачкі.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *