Антон Мікалаевіч ДУЛЕБА

Люди и судьбы

Нарадзіўся ён 14 студзеня 1920 года на хутары Дулебшчына Руднянскага сельсавета. У некаторых энцыклапедычных выданнях сказана, што ў вёсцы Дубовы Лог гэтага ж сельсавета. Няправільна. Хутар Дулебшчына ўяўляў сабой цудоўны куток маляўнічай мясціны. Яго акаймоўвалі сакавітыя лугі і вялікі лес.

Я таксама нарадзілася на гэтым хутары, дзе было пяць двароў, жылі пяць сямей родных братоў. Хата бацькі будучага героя, які мне даводзіцца стрыечным братам, знаходзілася побач з нашай на ўзгорку каля самай ракі Уша, якая стужкай вілася вакол хутара. Нашы сем’і жылі дружна, дзялілі паміж сабой і радасці, і беды.

На Дулебшчыне прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Антона Дулебы. Ён любіў гэтую прыгожую мясціну і пазней прыязджаў сюды не раз, каб палюбавацца маляўнічай прыродай, успомніць родных, парыбачыць.

Нялёгкімі былі дзіцячыя і юнацкія гады Антона Мікалаевіча. У іх сям’і было каля дзесяці дзяцей. Хлапчуком Антон застаўся сіратой — пасля працяглай хваробы памёр бацька, а праз некаторы час не стала і маці. Таму давялося з маленства прывыкаць да цяжкасцяў. У школу хадзіў пешшу спачатку за чатыры кіламетры ў вёску Дубовы Лог, а потым за сем кіламетраў — у Рудню. Як і іншыя браты і сёстры, дапамагаў па гаспадарцы: пасвіў жывёлу, пілаваў дровы… Вельмі любіў хадзіць па грыбы, лавіць рыбу і ракаў, якімі тады багатыя былі навакольны лес і рака Уша.

Скончыўшы ў 1937 годзе Мінскі індустрыяльна-тарфяны тэхнікум, Антон Дулеба працаваў тэхнікам-землеўпарадчыкам на Гомельшчыне, а пасля — у Сталінградскай вобласці. У 1939 годзе сям’я Антона Мікалаевіча ў сувязі з ссяленнем хутара пераехала ў вёску Дубовы Лог. У верасні 1939 года ён быў прызваны ў Чырвоную Армію.Служыў у Забайкаллі. Скончыў палкавую школу і курсы малодшых лейтэнантаў. Быў камандзірам кулямётнага ўзвода, потым кавалерыйскага эскадрона.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны са жніўня 1942 года змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі спачатку на Паўднёва-Заходнім, потым на Беларускім і Першым Беларускім франтах. Удзельнічаў у вызваленні акупіраванай ворагам тэрыторыі Расіі, Беларусі, Польшчы, у разгроме яго ў самой Германіі. Прайшоў з баямі сотні кіламетраў, некалькі разоў быў паранены.

Вызначыўся Антон Мікалаевіч у баях 29-30 студзеня 1945 года. Кавалерыйскі эскадрон 56-га гвардзейскага кавалерыйскага палка 14-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі 7-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса Першага Беларускага фронту пад камандаваннем гвардыі старшага лейтэнанта А.М.Дулебы фарсіраваў раку Одэр, заняў населены пункт Прыттаг у васьмі кіламетрах ад горада Зялёная Гура ў Польшчы, замацаваўся на плацдарме і два дні ў поўным акружэнні адбіваў дзёрзкія варожыя контратакі. Сілы былі няроўныя, але старшы лейтэнант Дулеба, паказваючы прыклад мужнасці і гераізму, умела арганізаваў прарыў варожага кальца, выратаваў людзей, зброю і боепрыпасы.

За гераізм і адвагу, праяўленыя ў гэтым баі, Указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР ад 27 лютага 1945 года А.М.Дулебу прысвоена ганаровае званне Героя Савецкага Саюза. За баявыя заслугі ён узнагароджаны таксама ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга (двойчы), Багдана Хмяльніцкага трэцяй ступені, Аляксандра Неўскага, Айчыннай вайны другой ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі.

Пасля вайны Антон Мікалаевіч Дулеба працягваў ваенную службу. Ён скончыў дзве ваенныя навучальныя ўстановы — Ленінградскую вышэйшую бронетанкавую школу (1948 г.) і Ваенную акадэмію імя М.Фрунзе (1954 г.). Быў камандзірам мотастралковага батальёна, начальнікам штаба танкавага палка, ваенным камісарам горада Хмяльніцкі на Украіне.

У 1969 годзе ў званні палкоўніка выйшаў у адстаўку.

Дзе б ні служыў Антон Мікалаевіч, ён не парываў сувязі з роднымі мясцінамі. Прыязджаў на пабыўку да сваякоў у вёску Дубовы Лог і Мінск. Зрэдку даводзілася сустракацца з ім і мне. У маёй памяці ён захаваўся шчырым, сціплым і добразычлівым чалавекам. У цяжкі пасляваенны час, наколькі мог, дапамагаў сваім братам і сёстрам. Большую частку  вольнага часу аддаваў выхаванню трох сваіх сыноў, грамадскай рабоце.

Вайна, раненні давалі ведаць аб сабе. Здароўе яго пахіснулася. І вось на Радзіму прыйшла сумная вестка: 11 снежня 1983 года перастала біцца яго сэрца. Пахавалі Антона Мікалаевіча ў горадзе Хмяльніцку.

 

Ганна ДУЛЕБА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *