У Лядах адбылася спартакіяда мясцовага сельсавета, якую ладзіў раённы фізкультурна-спартыўны клуб сумесна з раённай арганізацыяй ДТСААФ.
Спаборніцтвы прайшлі ў Лядзенскай школе і, нягледзячы на тое, што за перамогу змагаліся ўсяго тры калектывы: гаспадары пляцоўкі, маладзёжная каманда «Скарастухі» і спартсмены ААТ «Лядзенскі», барацьба паміж імі была надзіва вострай і захапляльнай. У асобных відах праграмы першыя месцы здолела заняць кожная каманда. Прадстаўнікі Лядзенскай школы былі мацнейшымі ў спаборніцтвах па настольнаму тэнісу, стральбе і шашках, спартсмены ААТ «Лядзенскі» — у валейболе, «Скарастуха» — па дартсу і перацягванню каната.
Калі падлічылі найменшыя сумы занятых у асобных відах праграмы месцаў, атрымалася, што ўсе каманды набралі аднолькавыя балы — па 9. За кошт большай колькасці першых месцаў перамога ў спартакіядзе дасталася камандзе Лядзенскай школы. На другім месцы — «Скарастуха», на трэцім ААТ «Лядзенскі».
Пераможцы і прызёры спартакіяды ўзнагароджаны Дыпломамі і Граматамі аддзела па фізічнай культуры спорту і турызму райвыканкама і сельвыканкама. Мацнейшыя ў індывідуальных і камандных спаборніцтвах атрымалі грашовыя прэміі.
СЕМ БАРЦОЎ — НА П’ЕДЭСТАЛЕ
Днямі ў Смалявічах прайшла спартакіяда Мінскай вобласці па вольнай барацьбе сярод навучэнцаў СДЮШАР і ДЮСШ 1996-98 гадоў нараджэння.
На ёй вызначыліся і прадстаўнікі нашай СДЮШАР. Пераможцамі спартакіяды сталі Аляксей Луцэвіч, Дзмітрый Качаткоў і Аляксандра Захожая. На трэцюю прыступку п’едэсталу гонару ўзышлі Ягор Акуліч, Сяргей Цыгановіч, Аляксандра Горбач і Вераніка Мастоўская. Чэрвеньскія юнакі таксама занялі трэцяе агульнакаманднае месца ў спаборніцтвах.
НАШЫ Ў «ІЗУМРУДЗЕ»
Каманда «Ізумруд», у складзе якой выступаюць тры ігракі чэрвеньскага «Коласа» — Дзмітрый Чысты, Сяргей Канцур і Аляксандр Курыловіч, заняла другое месца ў першай лізе чэмпіянату Асацыяцыі аматарскага футбола Мінска і заваявала пуцёўку ў вышэйшую лігу.
У апошнім матчы спаборніцтваў «Ізмруд» разграміў футбалістаў «Фенікса» — 8:0. Адметна, што Дзмітрый Чысты ў гэтай сустрэчы забіў соты мяч каманды ў сёлетніх спаборніцтвах.
ПАСПАБОРНІЧАЛІ З СУСЕДЗЯМІ
Адкрытае першынство Чэрвеньскай СДЮШАР па лёгкай атлетыцы сярод хлопчыкаў і дзяўчынак узростам да 14 гадоў прымеркаванае да 60-годдзя гэтай установы прайшло ў другой смілавіцкай школе.
Акрамя выхаванцаў нашай спартшколы, удзел у ім бралі дзеці з Заполля, Мар’інай Горкі, Жодзіна і Барысава.
Спаборніцтвы пачаліся эстафетамі для самых маленькіх спартсменаў узростам 6-7 гадоў. Першынствавала тут каманда Чэрвенскай СДЮШАР у складзе Лізаветы Мар’інай, Максіма Шастака, Яны Асадчай, Ягора Станкевіча і Сабіны Кукалевай.
Сярод гаспадароў першынства асабліва вызначыліся Кацярына Буйневіч з СШ№1 Смілавічаў і Таццяна Дзянько з Раваніцкай школы. Яны па тры разы ўзышлі на п’едэстал гонару. Кацярына Стала мацнейшай у бегу на 30, 300 метраў і скачках у даўжыню, Таццяна — у бегу на 200, 30 метраў і скачках у даўжыню.
У лік пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў у розных відах праграмы таксама ўвайшлі Павел Клімовіч, Аляксандра Валчок, Дар’я Ляўданская, Ігар Шчурко, Аляксандр Мялешчык, Міхаіл Русак, Міхаіл Крумкач і Максім Шастак з першай Смілавіцкай школы, Юлія Таболіна, Яўген Сядак, Марк Міненка і Андрэй Драпеза з другой Смілавіцкай школы, Максім Захарчук, Аксана Барысёнак і Ганна Зяневіч з СШ№3 Чэрвеня, Анастасія Цалуйка, Валерыя Зыль, Аляксандр Шарай і Аляксей Слабодчыкаў з СШ №4 Чэрвеня, і Мацвей Голуб з Запольскай школы, Анастасія Балоціна і Дзмітрый Паўловіч з Чэрвеньскай гімназіі.
Мацнейшыя юныя спартсмены ўзнагароджаны Граматамі і прызамі аддзела фізічнай культуры, спотрту і турызму райвыканкама. Госці з Жодзіна падаравалі ім фірменныя значкі, а Смілавіцкаму філіялу СДЮШАР — кнігу пра Беларускі аўтамабільны завод.
Дарэчы, дзеці спаборнічалі ў імправізаваным лёгкаатлетычным манежы, што знаходзіцца ў падвальным памяшканні школы, з асаблівым задавальненнем, бо нядаўна сіламі аддзела фізічнай культуры, спотрту і турызму і аддзела адукацыі райвыканкама тут зроблены рамонт. А ў мастацкім афармленні сцен на дабрачыннай аснове дапамог былы вучань школы Іван Шатэрнік.