Шчаслiвая дзецьмi i ўнукамi

Люди и судьбы

Менавіта так ацэньвае свае цяперашнія адчуванні жыхарка Дамавіцка Софія Іванаўна Няхай, якая 12 лістапада адсвяткавала шаноўны 80-гадовы юбілей, — шчаслівая. Бо мае цудоўных дзяцей і ўнукаў, з якімі — поўнае ўзаемапаразуменне. У пару родзіць зямелька, што перайшла ў спадчыну ад продкаў. Нягледзячы на шматлікія захворванні яшчэ сама спраўляецца па хатняй гаспадарцы, даглядае ўнука Дзімку…

Самой ёй давялося нагаравацца ў дзяцінстве.

— Нага ў мяне 7 гадоў моцна балела, — тлумачыць Софія Няхай.— Таму ў школу я толькі два гады пахадзіла. І тое на год раней пайшла. Настаўнік быў стрыечным бацькавым братам, дык тата і папрасіў яго. Маўляў, хоча крэпка ў школу дачка. А я з самага маленства так чытаць любіла… Калі мяне нарэшце павезлі ў бальніцу, урач сказаў: «Патрэбна аперацыя…» А тут — вайна…

Пра вогненныя саракавыя Софіі Іванаўне памятаецца ўсё. Кажа, што можа не ўспомніць, што было ўчора. А тыя падзеі зрокавымі малюнкамі ды гукамі і зараз уваччу ды ўвушшу… Было, па яе словах, сапраўды ўсяго…

— Аднойчы нашу сям’ю ледзь не расстралялі, — са слязьмі на вачах прыгадвае Софія Няхай. — А было вось як. Зайшоў у хату немец. Бачыць, што я сяджу з хворай нагой… Ён бацьку і кажа: «Тут нашы дактары ёсць. Знасіце яе…» Тата мяне на рукі — і панёс. Налажылі мне гіпс. Ды дзе там… Вайна, страляюць, паляць усё вакол… Страшна… Я ж з гіпсам не ўцяку… Сядзела-сядзела, калупала-калупала — і скінула яго. Яшчэ не справіліся прыбраць — два немцы заходзяць у хату. Глядзяць — гіпс. Маме пісталет да грудзей: «Партызан… Партызан…» Дык добра, што яна здагадалася. Доктар той нямецкі даў рэцэпт на лекі. Трэба было па іх ехаць у Беразіно. Дык мама дастала рэцэпт і паказала немцу. А той усё роўна пісталетам размахвае. Другі за яго, шамятнуў ад мамы — і пайшлі з хаты. Так мы засталіся жывымі…

Хата наша стаяла туды далей, на агарод. Дык вось пры адступленні немцаў бамбілі іх нашы самалёты. Увесь гэты канец Дамавіцка згарэў. Калі пачалася бамбёжка, мы выскачылі з хаты — і ў лес. Мяне мама на плячах несла. Папраставалі ў балота. А вярнуліся дахаты… Нават прыперціся не было да чаго, усё згарэла… І вось так браліся мы за жыццё. Але былі радыя, што ўся сямейка ацалела. Тата, Казёл Іван Юльянавіч, на фронт па гадах не пайшоў, родам — з 1892-га.

Трохі лесу прыцягнулі — і ўзяліся будаваць хатку. Мы з сястрою, мама, тата — учэпліваліся ў цялежкі і цягалі. Так і будаваліся. Сцены паставілі, а на столь што папала накідалі. Тут цэлая калона разбітых нямецкіх машын стаяла. Бацька адрываў барты і рабіў столь. Падлогі не было, жылі без яе. Мужык адзін даў нам парачку жывёлаў — трусоў. З іх і разжываліся…

Апрануць не было чаго змяніць. Мама, Аляксандра Лукінічна, пайшла трафеі збіраць. Знайшла плашч-палатку — нашу, савецкую. У крыві была, ды не ўся адмылася. І яна з яе пашыла сабе спадніцу. Ды трошкі трапіла, дзе кроў. Дык мама, калі яе надзявала, заўсёды плакала: «Мой салдацічак! Можа, ты памёр на гэтай палатцы…» (плача сама). Але хадзіла ў такой. А мне пашыла кофтачку атласную з падкладкі. Ды на рукавы не хапіла, прышыла брызентавыя. Так мы і жылі. Цяжка, але былі шчаслівыя. Паедам у лес, бервяно прыцягнем (не хапала на хату), пасядам і так радуемся…

Ішлі гады. У працы, з цяжкасцямі і маленькімі дасягненнямі. Софія Іванаўна ў дарослым жыцці працавала ў мясцовай гаспадарцы. Сем гадоў рабіла млынаркай. А як ад тамтэйшага пылу пачалі балець вочы, пайшла на палявыя. Апошнія гады перад пенсіяй працавала ў канторы прыбіральшчыцай.

Не была занядбана і хатняя гаспадарка. Падняла траіх дачок сама. Ды яшчэ і пляменніка ўзяла на выхаванне.

— Яму, Уладзіміру Пятровічу, тады год і два месяцы было, — прыгадвае Софія Няхай. — Вырасціла і яго. Адметным працаўніком стаў, гонарам, перадавіком раёна. Вельмі ім задаволена, бо ён мне — як сыночак, а жонка яго, бібліятэкар, — як дачушка. Лічу, што ў мяне не тры, а чатыры дочачкі. І зяці мне — як сыночкі, глядзяць мяне. Я шчаслівая цяпер…

Вось тры гады будзе, як я сваю хворую нагу «падправіла». Выйшла на ганак, паслізнулася… Так да Дзімкі малога спяшалася… Упала і зламала шыйку бядра. Два месяцы праляжала ў бальніцы. І мае дочачкі, мае зяцькі, унукі — усе мяне ні на адзін дзень не пакідалі. Дзяжурствы арганізавалі. І толькі дзякуючы ім я жыву (плача)…

Софія Іванаўна Няхай — рукадзельніца адметная. Усё-ўсё ўмее рабіць — і ткаць, і вязаць, і вышываць. Такія рэчы мела прыгожыя. Толькі лёс, выпрабаваўшы агнём у вайну, зрабіў гэта яшчэ раз — на пачатку дзевяностых. Згарэла ўсё… І зноў давялося адбудоўвацца, разжывацца. Канешне, саматканых ды вышываных вырабаў ужо не вернеш. Але што-кольвечы Софія Іванаўна вяжа і зараз — у 80 гадоў.

А яшчэ — чытае. Шмат. І з вялікім задавальненнем. Асабліва — «раёнку».

— Усё жыццё да нас гэтая газета ідзе, — кажа. — Да вайны яшчэ бацька выпісваў «Калектывіст». Тады ўжо я — «Уперад». Цяпер — «Раённы веснік». Чытаю ўсё. Ад пачатку да канца. Як сябе памятаю, чытаць хацелася заўсёды. У вайну нямецкія кніжкі трапляліся. Бацька іх на курава пускаў. А я так глядзела, гартала і думала: «Хай бы я ўмела іх чытаць…» Шмат кніг прачытала. Царкоўныя. І пра жыццё. Вось зараз у мяне — «Прощание славянки». Тут апісваюць вайну, усе няшчасці адной сям’і. Больш за палову прачытала. Гэта па праўдзе было. А яшчэ запомнілася кніжка «Дзе жыве шчасце». З яе і зразумела, што я — самы шчаслівы чалавек. Люблю сваіх дзяцей, і яны мяне любяць. Думаю, я гэта заслужыла…

З вялікай пяшчотай і любасцю пра сваю мамачку гаворыць дачка Алена Гаўрыла, начальнік Дамавіцкага аддзялення сувязі, з чыёй сям’ёй Софія Іванаўна і жыве:

— Мая мамачка для мяне — самая лепшая. Шмат чытае. Ведае, што адбываецца ў свеце, сочыць за палітычнай абстаноўкай, цікавіцца мясцовымі навінамі. А яшчэ яна ўмее бачыць прыгажосць. Выйдзе на вуліцу, а тады: «Дзетачкі, ідзіце хутчэй! Паглядзіце, які заход сонца…» Унукаў усіх пазаве. Другі раз выходзіць… «Зірніце, які маладзік прыгожы!» Усе — на вуліцу. «А вось снегіркоў колькі…» Мы і снегіркоў тых паглядзім. Мо, самі б такога і не згледзелі, усё дзякуючы ёй. Калі якія мерапрыемствы, канцэрты ў сельскім Доме культуры, любіць хадзіць. Яе дырэктар Ларыса Іванаўна Зыль заўсёды запрашае. А 9 Мая — святое! Нават калі нічога не ладзяць…. Яна, бывае, раніцою ўстане, нарве кветак і нас, цэлы вывадак, вядзе да помніка. Пастаім, пакладзём кветкі — і назад. Мамачка звычайна кажа: «Дзетачкі, я ведаю, што такое вайна… Заўсёды буду адзначаць Дзень Перамогі. Для мяне гэта вялікае свята. Няхай такім будзе і для вас…»

Такая наша мама. Добрая, цікавая і цікаўная… Імкнецца бачыць ва ўсім станоўчае, а дрэннага бы не заўважае… Любіць пагаварыць з унукамі — маімі дзецьмі. Расказвае ім пра вайну. Максім нават запісваў на дыктафон. Насіў у школу і па гісторыі атрымаў 10 балаў за бабуліны ўспаміны…

Цікава яшчэ і тое, што Софія Іванаўна Няхай — з роду доўгажыхароў. Бацька памёр у 83 гады, мама — у 93. Бацькавы сёстры з Раваніцкай Слабады (ён адтуль родам, у Дамавіцк прыйшоў у прымы, без усялякага кахання, а такая моцная атрымалася сям’я!) каля сотні гадоў пражылі. А цёці… Адна — 105, другая — 107 гадоў. І па мамінай лініі доўгі век жывуць родзічы. Не так даўно памерла стрыечная сястра Софіі Іванаўны — у 97 гадоў.

— Хварэю ўвесь час, але жыву, — неяк проста і будзённа кажа Софія Няхай. — І хачу во Дзімку на ногі паставіць, яму чацвёрты гадок…

Дык дай Вам Бог, шаноўная Софія Іванаўна, доўгага веку ў такім жа шчасці! Няхай паслужаць яшчэ здароўе і бязмежнае цярпенне, абыходзяць хату ўсё нягоды. І няхай яшчэ доўга-доўга Вас захапляе прыгажосць жыцця…

Святлана АДАМОВІЧ

P.S. Шчырая падзяка дырэктару Дамавіцкага сельскага Дома культуры Ларысе Зыль — ініцыятарцы гэтага знаёмства.

 



1 комментарий по теме “Шчаслiвая дзецьмi i ўнукамi

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *