Навіны

Общество

НАТАЛЬЕЎСКАЕ ЛЯСНІЦТВА — ЛЕПШАЕ НА МІНШЧЫНЕ

Па выніках абласнога спаборніцтва калектываў лясгасаў, лясніцтваў і дрэваапрацоўчых цэхаў за 3 квартал года, калегія Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання і прэзідыум Мінскага абкама прафсаюза работнікаў лесу прызналі пераможцам сярод калектываў лясніцтваў калектыў Натальеўскага лясніцтва Чэрвеньскага лясгаса (ляснічы Дмітрый Васілеўскі, памочнік ляснічага Уладзімір Губіч).

Лясніцтва перавыканала планы па шэрагу вытворчых паказчыкаў. У прыватнасці, па лесаўзнаўленню — на 11 працэнтаў, па рубках прамежкавага карыстання — на 9,2, па паступленню сродкаў ад вядзення лясной гаспадаркі — на 7 працэнтаў.

 

ПУЦЁЎКІ Ў САНАТОРЫІ — ВЯСКОВЫМ РУПЛІЎЦАМ

Абласное ўпраўленне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленню і санаторна-курортнаму лячэнню насельніцтва ў гонар Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці выдаткавала 200 санаторных пуцёвак для перадавікоў аграпрамысловага комплексу.

Як паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення па нашаму раёну Людміла Паддубіцкая, такія пуцёўкі атрымалі і 7 лепшых працаўнікоў гаспадарак Чэрвеньшчыны. Трое з іх у гэты панядзелак накіраваліся на адпачынак ў санаторый «Іслач», яшчэ чацвёра ў снежні паедуць у санаторый «Пралеска».

 

УДЗЯЧНАСЦІ АД АБЛАСНОЙ АРГАНІЗАЦЫІ «БЕЛАРУСКІ САЮЗ ЖАНЧЫН»

Іх атрымалі за актыўную грамадзянскую пазіцыю, ініцыятыўнасць, усебаковую падтрымку жаночага руху, накіраваную на абарону інтарэсаў сям»і, жанчын і дзяцей,  чатыры прадстаўніцы нашага раёна — Людміла Пасудзеўская, Ларыса Асановіч, Людміла Паддубіцкая і Людміла Шаркова.

Ва ўрачыстай абстаноўцы ім падчас штотыднёвай нарады ў старшыні райвыканкама ўручыла  старшыня раённай арганізацый «Беларускі саюз жанчын» Галіна Гамеза.

 

АДПРАВІЛІСЯ Ў ВОЙСКА

Завершана адпраўка навабранцаў ва ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь.

Дваццаць чэрвеньскіх хлопцаў будуць несці службу ва ўнутраных войсках МУС, часцях супрацьпаветранай абароны, зянітна-ракетных і інжэнерных войсках, а таксама 72-м вучэбным цэнтры ў Пячах.

 

УЗРОСТ ЮНЫ,  А РАЗРАД — ДАРОСЛЫ

Паспяхова выступілі на адкрытым першынстве СДЮШАР «Дынама» па лёгкай атлетыцы ў Мінску навучэнцы

Чэрвеньскай СДЮШАР.

Вучаніца чацвёртай гарадской школы Алена Логінава заняла першае месца па скачках у вышыню і выканала нарматыў першага дарослага разраду. Такі ж нарматыў выканаў і гімназіст Павел Марозаў, заняўшы трэцяе месца ў бегу на 60 метраў. У яго актыве таксама першае месца на двухсотметроўцы. Акрамя таго, прызёрам гэтых спаборніцтваў стала Таццяна Дзянько з Раваніцкай школы. У яе другія месцы ў бегу на 60 метраў (з выкананнем нормы другога дарослага разрада) і на 200 метраў.

 

ПАД ПРЫЦЭЛАМ ЗЛОДЗЕЯЎ — АЎТАМАШЫНЫ

У раёне пачасціліся начныя крадзяжы дэталяў з прыватных аўтамашын, якія стаяць на дварэ.

Напрыканцы мінулага тыдня ў Натальеўску зламыснікі знялі заднія колы з «Мерседэса-Транспарцёра», у Новых Зеляньках — укралі акумулятар з «ВАЗ-21063». А незадоўга да гэтага, як паведамляў ужо «Раённы веснік», у Лядах паздымалі запчасткі з «Фольксвагена» амаль на 4,5 мільёна рублёў.

Матэрыялы рубрыкі падрыхтавалі

Людміла РАБЕЦКАЯ,

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ, Ігар АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *