Народны каляндар. Лістапад

Общество

Лістапад – вераснёўскі ўнук, кастрычнікаў сын, зіме бацюхна родны.

У лістападзе гола ў садзе.

Лістапад зіме сцежку пракладае.

Апошні месяц восені меў старабеларускаую назву грудзень (ад слова «груды» ў значэнні «замёрзлая зямля»). Сучаснае беларускае найменне лістапад тлумачыцца проста: канец ападання лісця з дрэў.

1 лістапада. Усе Святыя. Памінальны дзень у беларусаў-католікаў.

Народная творчасць, абыгрываючы назву гэтай урачыстасці, паведамляе пра змены надвор’я: «Па Усіх Святых — холад для ўсіх»; «Усе Святыя як засваволяць, дык дрэвы дарэшты аголяць».

2 лістапада. Задушны дзень. Працяг памінальных дзён у католікаў.

4 лістапада. У праваслаўным царкоўным календары – святкаванне Казанскага абраза Божай Маці (у памяць выратавання Масквы і Расіі ў 1612 г.).

Асаблівасці надвор’я нібыта змяшчалі ў сабе характар будучай зімы: «Што Казанская пакажа, тое й зіма скажа», “Да Казанскай – не зіма, а пасля – не восень: зранку – дождж, звечара – снег”, “На Казанскую дождж пойдзе – зіму прывядзе”.

Спрыяльным гэты дзень быў для тых, хто браў шлюб: «Хто на Казанскую жаніхаецца, той не пакаецца».

8 лістапада. Зміцер (Змітрок, Дзмітры). «Хітры» дзень, канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе. Адлюстраваны ў прымаўках: «Да Дзмітра – дзеўка хітра, а па Дзмітры – мужчыны хітры», «Да Змітра пасуць, а па Змітру пільнуюць».

10 лістапада. Параскі.  Дзень забароны прадзення і ткання; заступніца жанчын і сям`і, апякунка жаночага рукадзелля.  Царква да гэтага дня прыстасавала святкаванне святой Параскевы Пятніцы –велікапакутніцы, якая жыла ў ІІ стагоддзі ў Іконіі.

14 лістапада. Кузьма-Дзям`ян (Кузьмінкі). Апякун земляробства і вяселля.

Да Піліпавага посту заставаўся невялікі адрэзак часу, і дзяўчат яшчэ не пакідала надзея на замужжа. Дзень Кузьмы-Дзям’яна асабліва шанаваўся імі, таму што гэтыя святыя, на іх думку, спрыялі вяселлям.

21 лістапада. Міхайлаў дзень.  Унукі ў гэты дзень наведвалі сваіх бабуль. У народзе бытуе: да Міхайла трэба выткаць адны кросны, другія – у Піліпаўку, трэція – у Мясаед, а чацвёртыя – у пост.

28 лістапада. Піліпаўка (Калядны, Піліпаўскі пост). Шасцітыднёвы перадкалядны пост (да 7 студзеня). Не елі скаромнага. Не рабілі вяселляў. Гаварылі: «У Піліпаўку дзень да палудня». Заўважалі, калі на Піліпаўку надвор`е хмарнае або снежнае, то травень будзе мокры. Гэтая зімовая пара пераклікаецца з адпаведнай вясноваю: «Калі добра пагода будзе на Піліпаўку, то добра будзе і на Пятроўку». Лічылася, што ў Піліпаўку збіралася «воўчае вяселле», хадзілі ваўкі зграямі.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *