Кеды супраць калабка

Спорт

У нас адбылася спартландыя. Удзельнікамі яе былі вучні 3-11 класаў, бацькі і настаўнікі. Ад нашага 4 класа ўдзельнічалі я і Каліна СТАСЮК, а таксама мая матуля. Дарэчы, я вельмі ўдзячны ёй за пастаянную падтрымку і вясёлы характар.

Наша каманда мела смешную назву — «Кеды». Не менш весела зваліся і сапернікі — каманда «Калабок». Галоўным у спартыўнай зале быў настаўнік фізкультуры Аляксандр Мікалаевіч ГЛЯЦЭВІЧ. Ён прыдумаў многа цікавых і даволі складаных конкурсаў. Спачатку нашы «Кеды» вырваліся наперад. Потым «Калабок» нас дагнаў. На дзесятым конкурсе мы зноў перамагалі з лікам 6:5.

Рашаючым стаў апошні конкурс «Пападзі ў цэль»: ён выраўняў рэзультат. Спартландыя скончылася з лікам 15:15.  «Калабок» не здаўся, «Кеды» не змаглі яго перагнаць!.. Галоўны суддзя Валянціна Іванаўна ГРЫНЕВІЧ сказала: «Перамагла дружба!»

Спартландыя нам усім вельмі спадабалася. Як свяціліся вочы нашых бацькоў, настаўнікаў! Яны ж так стараліся: бегалі, скакалі, ганялі мяч, круцілі абруч! Рабілі ўсё, як дзеці. І гэтым сталі бліжэй да нас, за гэта мы іх і любім. Прыемнай аказалася і ўзнагарода — салодкі прыз для ўсіх удзельнікаў. Яго ўручыла дырэктар школы Ірына Мікалаеўна Змачынская.

Саша БАНДЗІК, вучань 4 класа Лядзенскай школы

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *