ДАРОГI, ВЕЧНЫЯ ДАРОГI

Общество

Наша Бацькаўшчына. Вандруем з сябрамі раённага краязнаўчага клуба.

Мы часта цікавімся гісторыяй вёсак, гарадоў і пасёлкаў, але гісторыя дарог не менш таямнічая і заслугоўвае ўвагі. Менавіта дарогі з’яўляюцца першымі сведкамі тых далёкіх падзей, якія адбываліся на нашай зямлі….

Якой бы дарога ні была, вялікай ці малой, шыкоўнай  ці сціплай, куды б яна ні вяла,  гэта заўжды гісторыя. Гісторыя жыцця і лёсаў многіх пакаленняў. І як тут не ўспомніць “Новую зямлю”  Я.Колоса, у якой ён зазначаў:

“Дарогі, вечныя дарогі!

Знаць, вам спрадвеку самі богі,

Калі красёнцы жыцця ткалі,

І вашы лёсы вызначалі.

Няма канца вам,

ні супыну;

Вы жывы кожную часіну,

То задуменны,

смутна строгі,

Як след захованай

трывогі,

То поўны чараў

спадзявання,

То страхаў цёмнага

знікання…”

Гісторыя — сведка таго, што не только чалавек пакідае свой след  на дарогах, але і яны робяць адбітак у жыцці чалавека. У дарог, як вядома, няма канца. Яны не заканчваюцца, а толькі перадаюць вандроўніка ў клапатлівыя рукі іншай дарогі.

Першыя дарогі былі водныя. Сухапутныя з’явіліся значна пазней і выглядалі зусім не так, як сёння. Яны былі грунтавыя і адлюстроўвалі асаблівасці мясцовага рэльефу. Дарогі імкнуліся не перасякаць значных перашкод, рэзка збочвалі і  паварочвалі, часта змянялі свой напрамак, а на забалочаных месцах рабіліся насыпы і гаці.  Адсюль і вычурны выгляд бывае ў дарог. Часам яны закручаны так, што чорт галову скруціць.

Даўным-даўно з’явіліся і першыя дарожныя знакі. Іх ставілі продкі-беларусы, якія накіроўваліся ў лес за прадуктамі для харчавання, за раслінамі для лекаў. Тады не было ні бальніц, ні аптэк, і людзілі лячыліся самі.  Каб абавязкова вярнуцца назад, не згубіць гэтую дарогу, яны рабілі для сябе прыкметы — своеасаблівыя дарожныя знакі. У прыватнасці, дралі кару з дрэў  (драць кару — драга). Мажліва ад гэтага пайшло слова дарога.

Першыя ўпамінанні пра беларускія дарогі адносяцца да 12 стагоддзя і захоўваюць шмат неразгаданых таямніц. У той час дарогі масцілі дрэвам. А ў трынаццатым стагоддзі з’явіліся іншыя дарогі — брукаваныя ці каменкі, таму што брукавалі іх, укладваючы вялікія валуны і каменні. Адсюль і адпаведная назва.

Апроч таго, у далёкай мінуўшчыне дарогі падзяляліся па сваёй значнасці. Напрыклад, былі дарогі звыклыя, на якіх захоўваўся пэўны парадак. На іх назначаўся стараста, які сачыў за тым, каб людзі, якія праязджалі па дарозе, плацілі своечасова пошліну. Гэтыя грошы ішлі на падтрыманне дарогі ў належным стане і на забеспячэнне бяспекі. Для гэтага выдзяляўся ўзброены канвой. І невыпадкова. Бо на дарогах паўсюдна бясчынствавалі разбойнікі, таму бяспечней было рухацца па дарогах з канвоем.

Меліся і дарогі добраахвотныя — для больш бедных людзей, на які плату не прызначалі. Сервіс на іх быў не вельмі прэзентабельным. На такіх дарогах бяспеку ніхто не гарантаваў.  Таму на іх часта бушавалі разбойнікі. Але нашы продкі былі мудрымі. Перш чым накіроўвацца ў дарогу, яны збіраліся ў групы,  і рухаліся разам, каб у выпадку небяспекі абараніць саміх сябе.

Цікава, што ў 15 стагоддзі, калі асабліва актыўна ішло будаўніцтва дарог, на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага  быў прыняты Статут, адпаведна якому кожны, хто праязджаў па тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, знаходзіўся пад абаронай дзяржавы. І не дай Бог было даставіць якія-небудзь нязручнасці, а тым больш абакрасці… Гэта вельмі строга каралася. Вось так нашы продкі клапаціліся аб прэстыжы і аўтарытэце сваёй дзяржавы.

Пазней з’явіліся дарогі-бальшакі.

Паступова ажыццяўлялася пашырэнне існуючай сеткі дарог, іх  добраўпарадкаванне.

Найбольш значныя ў дзяржаўным, гандлёвым плане дарогі называліся гасцінцамі. Яны былі шырокія і добра абсталяваныя. Статут ВКЛ агаворваў, што гасцінцы «мають быць водле стародавного обычаю так широке, абы на полтора прута [7,3 м] быти могли». Былі  выкладзены і правілы праезду: «воз порожний маеть уступовать возу наложоному, пеший — езному, езный — возу».

Дарогі мелі сістэму дрэнажу, іх акопвалі з абодвух бакоў равамі, абапал высаджвалі дрэвы. У гарадах практыкавалася пабудова дарог з цвёрдым пакрыццём (спачатку дашчатым, потым брукаваным). Дарогі часта абносіліся агароджай.

У 18 стагоддзі на перакрыжаваннях пачалі ставіць указальнікі з назвай важнейшага населенага пункту па напрамку руху. Важнейшымі сухапутнымі дарогамі тады былі: «вялікая дарога» Смаленск-Орша-Талачын-Бобр-Барысаў-Менск-Койданава-Мір-Слонім-Ваўкавыск-Берасце; «гасцінец вялікі» Полацк-Віцебск-Орша-Копысь-Шклоў-Магілёў; Луцк-Пінск-Новагародак—Вільня; Менск-Маладзечна-Вільня, Новагародак-Шчучын-Гародня-Аўгустаў і інш.

Асноўную цяжкасць пры будаўніцтве дарог складала абсталяванне рачных перапраў. Для пераадолення рэк выкарыстоўваліся броды, масты, а на вялікіх рэках — паромныя пераправы. Некаторыя масты былі даволі значных памераў (цераз Друць каля Бялыніч,   цераз Бярэзіну і Гайну). Акрамя пастаянных, усталёўваліся часовыя пераправы пантоннага тыпу. Для пабудовы мастоў выкарыстоўвалі дрэва, апоры рабілі з камення.

За стан дарожных камунікацый адказваў уласнік ці трымальнік уладання і яго адміністрацыя, на землях якога знаходзіліся дарогі.  Практыкаваўся збор так званага маставога мыта —  грашовых сродкаў на ўтрыманне дарог і мастоў.

Звычайным відам транспарту быў конны: калёсны (летні) і палазны (зімовы). Выкарыстоўваліся павозкі, падводы, фуры, карэты, у зімовы перыяд — сані. Хуткасць руху залежала ад якасці дарогі: у 18 стагоддзі для абозаў яна была 20-30 кіламетраў у суткі, для асобных экіпажаў — 40-50, для верхавых — да 70-80. Напрыклад, па існуючых звестках у 1668 годзе, каб дабрацца з Варшавы да Магілёва, трэба  было патраціць у дарозе 13 дзён.

Раней ля дарог, на перакрыжаванні важных шляхоў на выездзе з горада ставілі карчму. Яны была абязковым элементам беларусскіх пасяленняў. Тут стомлены падарожнік мог пахарчавацца і пераначаваць. Мясцовыя жыхары праводзілі ў карчме сходы, а моладзь ладзіла танцы. Будынак карчмы звычайна выдзяляўся сярод іншых пабудоў. Яго характарызавалі кованыя ручкі і завесы.

Па размерах і абслугоўванні карчмы былі розных відаў, нават двух і трохпавярховыя. На першым месцілася піцейнае памяшканне, на другім і трэцім — жылыя пакоі.

Аднапавярховая карчма выглядала бедна. Яна дзялілася на дзве часткі. У адной былі пакоі для падарожнікаў, а суседні пакой адводзіўся гаспадарам.

З другой паловы 16 стагоддзя самым прадаваемым таварам у карчме былі спіртныя напоі. Яны давалі вялікі прыбытак гаспадару і дзяржаве, якая брала з карчмы падатак. Вельмі добра апісвае карчму  Змітрок Бядуля ў кнізе “У дрымучых лясах”: “Тут п’янствавала навакольнае сялянства. Тут аддавалі за гарэлку апошняе збожжа, апошні кажух. Тут ачумелыя п’яніцы біліся каламі, падымаліся і зноў біліся…

Ля карчмы заўсёды было весела. Галоўны тэатр, галоўнае відовішча аколіцы…”

У Вялікім Княстве Літоўскім  пры кожным каралеўскім замку і двары былі людзі, у абавязкі якіх уваходзілі паездкі з лістамі ў суседнія маёнткі, а таксама дастаўка ў каралеўскую казну сабраных падаткаў. Яны карысталіся існуючымі шляхамі, а потым  распачалося будаўніцтва дарог са станцыямі праз пэўную адлегласць. Называліся  яны  паштовыя тракты. Паабапал іх саджалі бярозы.

У першай палове XIX стагоддзя паштовыя станцыі ўяўлялі сабой цэлы комплекс пабудоў: хата для ямшчыкоў, стайні, хлявы. У цэнтры двара быў калодзеж. На станцыях можна было адпачыць, паесці, памяняць коней.

На новым Варшаўскім тракце, па якім з 1854 года пачалі рэгулярна два разы на тыдзень вазіць лісты з Масквы ў Варшаву,  ставілі толькі мураваныя будынкі. Станцыі падзяляліся на тры разрады. Першаразрадная была вялікая і мела атынкаваны, пафарбаваны ў яркі колер фасад, бакавыя флігелі для фурманаў і наглядчыкаў, шырокі брукаваны двор, а таксама некалькі стайняў і пуняў, бо была разлічаная на ўтрыманне 50 коней. На такой станцыі  прадугледжваліся нават VIP-пакоі для членаў імператарскай сям’і.

Паштары, як і станцыйныя наглядчыкі, прыраўноўваліся да людзей вайсковых, насілі форму і нават мелі зброю. Арыентавацца  дапамагалі паласатыя вехі і “паштовыя дарожнікі”-схемы — першыя атласы з указаннем маршрутаў, адлегласці, назваў станцый і колькасці коней на іх.

Адлегласць у тыя часы вымяралася вёрстамі. На паштовых трактах кожная вярста адзначалася верставым слупом. Каля пошты ставілі слуп — «нулявая вярста» — пачатак усіх трактаў губерніі.

Усе  дарогі ажно да пачатку 20 стагоддзя пракладвалі для руху па іх коннага транспарту і толькі пасля заканчэння першай сусветнай вайны ў Беларусі пачалі будаваць дарогі, прызначаныя для руху аўтамабіляў. Дарэчы, першы аўтамабіль з’явіўся шмат раней — у 1895 годзе. Набыла яго Ковенская акруга. Пазней Мінскі губернатар купіў цёмна-сіні «Бэнц». Князі Радзівілы ў Нясвіжы валодалі двумя аўтамабілямі.

Таксама пачалася арганізацыя грамадскага транспарту. У 1909 годзе Бабруйскі купец Некрыч разам з ганаровым грамадзянінам Слуцка Эцінгерам стварылі «Прадпрыемства тэрміновых аўтамабільных зносін». Ад Слуцка да Старых Дарог і зваротна курсіравалі тры автобусы. Са Слуцка ў Ляхавічы хадзілі два аўтобусы фірмы «Дзюркон».

Грузавыя аўтамабілі  з’явіліся крыху пазней.

Існуе цікавае меркаванне наконт правастаронняга руху па дарозе. Яно звязана з далёкім мінулым і датычыць падарожнікаў, якія пераадольвалі сотні вёрстаў па вузкіх сцяжынках праз лясы і палі  ад аднаго населенага пункта да другога. А хадзіць па такіх дарогах было небяспечна, таму яны мелі зброю.  Калі падарожнік сустракаўся з іншым чалавекам, ён саступаў дарогу, трымаючыся правага боку, каб без перашкод падчас небяспекі дзейнічаць правай рукой са зброяй. Так паступова рух па праваму боку дарогі ўвайшоў у звычку, а пазней і стаў правілам у большасці  краін.

Сёння ў свеце больш як 23 мільёны кіламетраў добраўпарадкаваных аўтамабільных дарог, 140 тысяч  — платныя. Па існуючай статыстыцы, дарог у Беларусі больш як 83 тысячы кіламетраў агульнага карыстання і каля 200 тысяч кіламетраў ведамасных, у тым ліку 10 тысяч кіламетраў у гарадах і населеных пунктах.

***

А нас разам з раённым краязнаўчым клубам  “Бонда” дарогі вядуць на гэты раз на Мядзельшчыну да Блакітных азёр.

 

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *