Рамантычныя паданні.
Мядзельскі раён — край шматлікіх азёр. Іх тут ажно 51. Яны розныя па памерах, глыбіні, формах, меліяралізацыі і стану вады… Але аб’ядноўваюць усіх — маляўнічасць і цікавыя рамантычныя паданні. Азёры, якія надаюць гэтаму краю непаўторную адметнасць, вабяць да сябе шматлікіх падарожнікаў.
Самае вялікае, самае прыгожае, якое з’яўляецца жамчужынай Беларусі —
Нарач.
Многія называюць яго то «блакітным сэрцам» краіны, то «беларускім морам», а мясцовыя жыхары ласкава — Нарочча. Яго плошча — восемдзесят квадратных кіламетраў, а максімальная глыбіня — амаль 25 метраў. Нарач — самае чыстае і празрыстае возера. Яго дно праглядаецца на 7—10 метраў. Тут водзіцца 19 відаў рыб: лешч, шчупак, верхаводка, плотка, вугор…
Паданняў пра возера шмат. Адно з іх распавядае пра тое, што калісьці возера не было, а прыйшлі людзі, ачысцілі ўчастак і пасяліліся. Жыла тут рабая дзяўчына. Хоць непрыгожая была, але добрая, чулая да людзей, працавітая, душой светлая. Пакахаў яе хлопец-прыгажун. Злыя людзі сталі здзеквацца з яго, гаварыць, што не мае вачэй, бо не бачыць, якая брыдкая абранніца.
Зажурыўся хлопец, горкая скруха палілася з сэрца тужлівай песняй. I столькі ў ёй жадання было надзяліць прыгажосцю ўвесь свет… Кранула песня сэрца чараўніка. I ён вырашыў дапамагчы хлапечай бядзе: падарыў яму чароўнае люстэрка.
Аднойчы, калі дзяўчына вярталася з суседняй вёскі, убачыла штосьці бліскучае ў траве. Падняла — люстэрка здзіўляючай прыгажосці. Глянула ў яго і адхінулася, бо ў ім убачыла пенкнасць. Гэта ж я — абрадавалася дзяўчына і пабегла дамоў. Паказала люстэрка маці — і тая маладзела гадоў на пятнаццаць. Зразумелі маці з дачкой — знаходка чароўная. Вырашылі нікому нічога не расказваць. Алё вёска ёсць вёска — чуткамі зямля поўніцца. І так здарылася, што дайшла яна да пана. Ён з дружынаю памчаўся да дзяўчыны, каб забраць гэтае дзіўнае люстэрка. Уварваўшыся, запатрабаваў чароўную знаходку, але дзяўчына сэрцам адчула, што пан злы, і нельга яму аддаваць люстэрка. Выкінула яго праз адчыненае акно. Як толькі люстэрка кранулася зямлі, пачаўся лівень. Закончыўся ён праз дзесяць дзён. І тады ўбачылі людзі, што вёска іх стаіць на беразе цудоўнага возера. I той, хто глядзеўся ў яго, прыгажэў душою і сэрцам… Між тым, адзінокая чайка кружыла над хатай, дзе жыла дзяўчына. Маці пачула, пазнала ў адчайным крыку птушкі голас сваёй дачкі, якая аплаквала свой лёс і каханне…
С той пары возера пачалі называць Нарач, ад слова — нарачонная. Чайкі і сёння вядуцца на возеры.
Існуе і другое цікавае паданне. Нібыта ў вёсцы на беразе вялікага возера жыла сірата Найрыта. Аднавяскоўцы звалі яе Нарай. Вочы ў дзяўчыны былі блакітныя, як азёрнай хвалі, косы — залацістыя, а голас — высокі і гучны. Бывала, сядзе яна на беразе, на гусельках грае і спявае. Спачатку голас павольна плыве, а пасля ўзлятае высока і ляціць над узбярэжжам. У гэты час і птушкі змаўкалі, а людзі забываліся пра гора.
Аднойчы праязджаў пан — стары ўдавец. Пачуў ён чароўную песню і загадаў спыніць каня. Слухаў-слухаў спевы Нары і прапанаваў ёй спяваць у яго пакоях. Але дзяўчына не пагадзілася на гэта, не захацела быць служанкаю. Тады пан вырашыў ажаніцца.
Закаханы ў Нару юнак, якога звалі Андрэем, падышоў да пана і сказаў, што гэта яго нявеста. Пан загадаў звязаць хлопца і завезці ў маёнтак. Больш яго ніхто не бачыў. А праз некаторы час пан зноў прыехаў да Нары даведацца, ці згодная яна ўзяць з ім шлюб. Дзяўчына зрабіла выгляд, што згадзілася.
…Надышоў дзень вяселля. Прывезлі Нару ў маёнтак. Служанкі завялі яе ў багатыя панскія пакоі, апранулі ў белае шлюбнае адзенне. I Нара выйшла такой прыгажуняй, якія толькі ў казках і бываюць. Пакланілася пану ды папрасіла, каб дазволіў яшчэ хвілінку адной пабыць. Пан згадзіўся. Нара ўзяла прывезеныя з сабой смалякі ды падпаліла панскія пакоі. I калі шугануў чорны дым з вокнаў, выскачыла праз адно з іх ды на фурманцы паімчала ў вёску, туды, дзе з Андрэем часта сустракала ўсход сонца. Прыхілілася да дрэва і горка заплакала. Неўзабаве пачуўся конскі тупат — гэта панскія служкі шукалі яе.
— Жывую не возьмеце,— крыкнула дзяўчына, кінулася да возера, ускочыла ў човен і паплыла. Ад злосці панскія служкі кінулі гуслі ў возера. Човен адплываў усё далей і далей, потым зусім знік у хвалях.
З таго часу людзі называюць возера імем смелай дзяўчыны — Нарач.
Існуюць і іншыя паданні. Уражанне, быццам мясцовыя жыхары штосьці самі дадаюць да існуючых ужо, фантазіруюць і прыезджым распавядаюць на свой лад, кожны раз па-новаму.
Унікальнае на Мядзельшчыне возера Рудакова.
Геаграфічнае становішча яго, магчыма, адзінкавае ў Беларусі. Знаходзіцца возера якраз на водападзеле паміж басейнамі Дзвіны і Нёмана і дае ваду адразу дзвюм сістэмам. Вада Рудакова — празрыстастая і чыстая, блакітнага колеру. Але колер мяняецца, бывае рудым, адсюль і назва. Старажылы сцвярджаюць, што быў час, калі возера станавілася крывава-чырвоным. Такім яно было перад першай сусветнай вайной, перад Вялікай Айчыннай, перад аварыяй на Чарнобыльскай АЭС. Узнікае пытанне: што ж такое адбываецца? Вада, як жывы арганізм (а на сённяшні дзень вучоныя даказваюць гэта правядзеннем доследаў), здольная чуць гукі і перадаваць гэтую інфармацыю. Магчыма, вада, спрабуе загаварыць з намі, але мы яшчэ знаходзімся на той стадыі развіцця, калі не здольны яе зразумець, прачытаць, пачуць.
Мядзел.
— возера з васьмю астравамі, на адным з якіх да нашага часу захавалася высокая гара, дзе раней стаялі магутныя ўмацаванні замка.
У 16-ым стагоддзі Мядзелем валодала каралева і вялікая княгіня Бона з міланскага роду Сфорца. Падарыў ёй паселішча з возерам муж Жыгімонт Стары — князь Вялікага Княства Літоўскага i кароль Польшчы, унук Ягайлы. Мянушка «Стары» дадзена таму, што яшчэ пры сваім жыцці (у 1530 годзе) дамогся каранацыі дзесяцігадовага сына — таксама Жыгімонта, якога пазней звалі Жыгімонт II Аўгуст. А Бона ўвайшла ў гісторыю Беларусі і як правіцельніца, і як асветніца, і як жанчына, якая давала прыклад высокага густу, стварэння моды на ўсё італьянскае — лад жыцця, адзенне, архітэктуру, віды баўлення вольнага часу, якія перажылі саму каралеву. Двор Боны паўплываў на харчаванне, бо на магнацкіх сталах замест вялікай колькасці мясной ежы пачала з’яўляцца зеляніна, гародніна. У рацыён заможных людзей увайшлі лімоны, апельсіны, фігі, не кажучы ўжо пра карэнні і прыправы.
Менавіта Бона ўвяла на Беларусі правіла карыстання відэльцам з нажом. Улюблёнымі яе забавамі былі танцы і паляванне. Яны зрабіліся традыцыйнай формай баўлення вольнага часу і для багатых беларусаў. Італьянка ўвяла ў моду такія танцы, як фаварыт і галарда, якія захаваліся нават у сялянскім асяроддзі ажно да канца XVIІІ стагоддзя. Паляванне, акрамя адпачынку, было прызначана для падтрымання добрага фізічнага стану, для падрыхтоўкі да ваенных дзеянняў.
У Боны захоўваўся гліняны ідал, якому яна пакланялася. Кажуць, быццам дзякуючы яму, каралева шмат разоў ратавала сваіх людзей ад нашэсця ворагаў. Дзякуючы гэтаму ідалу, яна заваражыла тутэйшыя мясціны ад змеяў. Ёсць сцвярджэнне, нібы працяглы час яны ў Мядзельскім раёне не вадзіліся… Ну а сёння іх можна сустрэць.
Каралева Марыя — адна з са сваячак каралевы Францыі Боны — прыехала да яе пагасціць і ад’язджаючы, у тутэйшых мясцінах заўважыла прыгожае возера. З дазволу Бонны Марыя вырашыла пабудаваць тут свой замак.
Запрасіла сюды будаўнікоў, архітэктараў, скульптараў, мастакоў, каб яны ажыццявілі ўсе яе задумы. Юны скульптар, убачыўшы каралеву, закахаўся ў яе з першага позірку. І было тое каханне вельмі моцным. Вобраз Марыі праследаваў яго дзень і ноч. Ён ужо не мог ні есці, ні спаць, ні працаваць. Як чалавек разумны, ён добра разумеў, што просты скульптар не зможа быць побач з каралевай. І тады няшчасны юнак рашаецца на адчайны крок — для сябе выляпіць скульптуру сваёй каханай. Працаваў у майстэрні начамі, каб ніхто і ні аб чым не здагадваўся. І нарэшце скульптура была гатова. Шоўк валасоў струіўся па яе плячах, зялёныя ізумрудныя вочы глядзелі на скульптара і здавалася, што вусны вось-вось раскрыюцца, і каралева ўздыхне. Аднак сам скульптар быў незадаволены тым, што яму ніяк не ўдавалася перадаць колер аксамітнай дзявочай скуры. І толькі, калі кроў сцёртых далоняў трапіла на гліну ды гліна ўпітала яе, убачыў — вось патрэбнае адценне, вось той колер, якога ён так доўга шукаў. І тады, не шкадуючы ўласных рук, мазок за мазком, ён дабіўся патрэбнага выніку. Скульптура нібы ажыла і выглядала як сапраўдная каралева Марыя. Стомлены, скульптар страціў прытомнасць і ўпаў да ног свайго твора. А раніцай, калі слугі абыходзілі замак, яны заўважылі прыадчыненыя дзверы ў майстэрню. З цікавасцю зазірнулі туды і здзівіліся, убачыўшы каралеву ў такі ранні час у майстэрні. Перапалоханыя, яны наблізіліся, паднялі вочы і толькі тут зразумелі — гэта не каралева, а скульптура. Але да чаго ж яна падобная! Як жывая, стаяла перад імі. Кінуліся ў пакой да каралевы. Прыйшла Марыя паглядзець на гэты цуд. І сама моцна здзівілася: перад ёй стаяў двайнік. І тады забылася яна на хвіліну, што з’яўляецца каралевай, нахінулася і пацалавала акрываўленыя ў гліне рукі скульптара. Той расплюшчыў вочы, паглядзеў на сваю каханую і прамовіў: “Дачакаўся!”. З гэтым адышоў у іншы свет. А што Марыя? Каралева загадала паставіць гэтую скульптуру ў сваім пакоі. І калі наступаў вечар, заходзіла сюды, зачыняла за сабой дзверы і пра нешта доўга гутарыла, давярала самыя патаемныя думкі, прасіла парады… Бо ў гэтай скульптуры жыў адданы ёй таленавіты юнак, жыло яго закаханае сэрца. Скульптура не магала гаварыць, але затое ўмела слухаць і чуць. А гэта таксама было важна для юнай каралевы. Вось такая сумная, рамантычная, лірычная, вельмі прыгожая гісторыя, звязаная з возерам Мядзел.
Заказнік “Блакітныя азёры”.
Ступаем на тэрыторыю дзяржаўнага ландшафтнага заказніка “Блакітныя азёры”! Само слова заказ старадаўняе — заказваць, значыць знаходзіцца па правілах: нічога не рваць, не ламаць, не збіраць, ніякіх раслін на памяць не браць. Накіроўваемся на экскурсію па здароўе, па натхненне, па маладосць. Ідзём па лесе. Дрэвы тут пераважна хваёвыя і яловыя, ёсць бяроза, асіна, дуб, вяз, ядловец… Больш за паўтысячы відаў раслін, сярод якіх трапляюцца рэдкія. Напрыклад, расце меч-трава — адзіная ў Еўропе, якая захавалася з часоў ледніковага перыяду. Расце тут каля 40 відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Эма Мікульская.