БЛАКІТНЫЯ АЗЁРЫ. Рамантычныя паданні

Общество

Наша Бацькаўшчына. Вандруем з сябрамі  раённага краязнаўчага клуба


(Заканчэнне. Пачатак у №№ 176-177)

Па тэрыторыі нацыянальнага парка працякаюць малыя рэкі Нарач і Страча. Рака Нарач бярэ пачатак з возера Нарач.

У рацэ Страча да цяперашняга часу  водзіцца каралеўская рыба фарэль.

Народныя ўмельцы зрабілі для нацыянальнага заказніка драўляныя статуі беларусаў з добразычлівым сэрцам, жывёлін.

Азёр на тэрыторыі заказніка больш за дзесяць.  Яны — ледавіковага паходжання і ляжаць у глыбокіх паглыбленнях, ахінутыя з усіх бакоў змешаным лесам. Самае вялікае і глыбокае — Балдук, з  крынічкамі на беразе.

Колькі часу хады — і мы на беразе возера, якое называецца

«Галубелька»

Яно мае форму сэрца, працятага востравам -«стралой». Паданні гавораць, што востраў на возеры — гэта  параненае сэрца дзяўчыны. На ўзвышшы берага ўстаноўлена вышка, з якой добра праглядаецца востраў. Калі раненька зірнуць з яе на возера, то ствараецца адчуванне, быццам возера пульсуе як сэрца.

А легенда такая.

Аднойчы падчас вячэры пасля ўдалага палявання  паны дамовіліся пажаніць сваіх дзяцей — Галю і Вінцэнта. Не запытаўшы ў іх згоды, прызначылі вяселле праз чатыры гады, калі Галі споўніцца 17.

Вінцэнт, атрымаўшы спадчыну, вырашыў пагуляць, а потым узяцца за гаспадарку. Ён так аддаўся куцяжу, што хутка ўсё праматаў, нават праіграў у карты сядзібны дом.

Бацька Галі запрасіў Данілу, адукаванага сына свайго сябра, весці ягоную гаспадарку. І стаў юнак аб’язджаць фальваркавыя ўладанні, сачыць за парадкам. Часта да яго падсядала ў брычку гарэзлівая Галя. Яна весела “шчабятала”, захапляючыся прыгажосцю азёр і ракі Страчы, іншы раз спявала.

Надыходзіла семнаццацігодзе дзяўчыны, і ўсе пачалі рыхтаваліся да балю. Аднойчы Галя сказала Данілу:

— Глянь на возера! Яно — як сэрца. Хвалюецца гэтатак жа, як маё…

А потым абняла юнака, пацалавала і прамовіла:

— Я хачу, каб на балі ты танцаваў са мной.

І вось на баль сабралася гасці. Прыехаў і Вінцэнт. Калі ён ўбачыў Галю, то ўспомніў пра заручыны. Абрадаваўся, што шлюб дапаможа паправіць дрэнныя справы і займець прыгажуню-жонку. Вінцэнт заказаў мазурку і паімкнуўся запрасіць Галю на танец. Але яго апярэдзіў Даніла…

Месцам высвятлення адносін была прызначана паляна між ляснымі азёрамі. Даведаўшыся пра паядынак, Галя пабегла туды. Калі яна спускалася з гары, пачула два стрэлы. А на месцы ўбачыла Вінцэнта, які стаяў ля дрэва, трымаючы руку ля грудзей…

Дзяўчына падбегла да параненага, каб дапамагчы яму, але ў гэты момант Вінцэнт усадзіў кінжал у дзяўчыну і смяротна яе параніў.

— Ні мне, ні яму, — былі яго апошнія словы.

Узняўся моцны вецер, забурліла азёрная вада, і пасярэдзіне возера з’явіўся прадаўгаваты востраў. Ён нагадваў рану на сэрцы.

— Галя! Галубачка! Галубэлька мая! — у роспачы закрычаў юнак.

— Галубэлька! Галубэлька-а-а-а, — жаласліва паўтарыла рэха.

І зараз рэха на Галубэльцы паўтарае сказанае па некалькі разоў. А назва як бы асуджае ганебныя чалавечыя якасці: карыслівасць, зайздрасць, злосць і рэўнасць.

 

У склад Блакітных азёр уваходзіць

Мёртвае возера

Невялікая сцежка прывяла нас сюды, да возера, якое  нагадвае чорнае люстэрка. Катлавіну яго ўтварае паласа верхавога балота,  таму ў ваду не трапляюць мінеральныя рэчывы. На мелкаводдзі няма водных раслін, у возеры не водзіцца рыба. З гэтай прычыны яно атрымала сваю назву.

Пра возера існуе паданне. Нібыта на месцы возера стаяў калісьці горад. Жыла там прыгожая і добрая дзяўчына. Пакахаў яе смелы рыцар, збіраўся ажаніцца з ёю. Ды ворагі напалі на той горад. Усе мужчыны выйшлі на абарону, але не ўстаялі  супраць навалы, многія загінулі. Убачыла дзяўчына, як смяротна паранілі яе жаніха, паднялася на замкавыя муры і закрычала:

— Загінулі абаронцы нашы! Няхай жа не трапіць родны горад у палон да чужынцаў!

У той жа момант знік горад пад вадою, якая паглынула ўсіх ворагаў. І з’явілася возера. Воіны ператварыліся ў атрутную балотную траву. Калі чалавек параніцца аб яе, атруціцца сам і памрэ.

Кажуць, што раней на возеры было шмат такой ядавітай травы, але зараз яе становіцца ўсё менш. Відаць, не кранае ніхто спакою падводнага горада, вяртае чараўніца воінаў, якія заўсёды гатовы прыйсці на абарону сваёй Радзімы.

У гэтыя прыгожыя рамантычныя гісторыі хочацца верыць. Ва ўсялякім разе ўзгадваецца народная мудрасць: “Казка выдумка, ды ў ёй намёк, добрым моладцам урок“.  Тым больш, што глыбокай пяшчотай да роднага краю і нашай цудоўнай прыроды прасякнуты ўсе пачутыя падчас вандроўкі легенды і паданні любай Беларусі.

***

Да новых вандровак, шаноўныя чытачы, з сябрамі раённага краязнаўчага клуба “Бонда”.

Дзякуй яе кіраўніку Станіславе Баркоўскай за арганізацыю пазнавальных экскурсій.

 

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *