Хачу падзяліцца з надзейным сябрам — «Раённым веснікам» — сваімі думкамі і пачуццямі, якія перапаўняюць сэрца.
Доўгі час у Грабянецкай школе працавала настаўніцай нямецкай мовы Антошчанка Вольга Кузьмінічна, 1919 года нараджэння, ураджэнка горада Орша, выхаванка дзіцячага дома, адзінокая. Яна не толькі выкладала свой прадмет, а і выхоўвала ў школьнікаў любоў да прыроды, пачуццё гонару за свой край, вучыла дабрыні. Блізкіх родзічаў у яе не было, а вось вучні сталі, як родныя дзеці. За цеплыню, пяшчоту, любоў да іх Вольгу Кузьмінічну паважалі бацькі.
Больш за трыццаць гадоў прайшло, як гэтая настаўніца пайшла з жыцця, але сцежка да яе магілы не зарастае. Сюды прыходзяць колішнія вучні (у многіх з іх валасы пасівелі ўжо), прыносяць і ўскладаюць кветкі. Гэта Міхаіл Ладуцька, Раіса Рабцэвіч, Віктар Ванагель, Вольга Фінская, Наталля Ладуцька ды іншыя. Яе вобраз і зараз захоўваецца ў іх памяці і сэрцах.
Не забываюць Вольгу Кузьмінічну і ветэраны працы — Валянціна Міцкевіч, Леанід Койпіш, Таццяна Матусевіч, Галіна Міцкевіч… Вось і напярэдадні сёлетняга Дня настаўніка дырэктар Грабянецкай школы Аляксандра Пінчук арганізавала догляд магілы Вольгі Кузьмінічны Антошчанка.
Сапраўды, настаўнікі не паміраюць, пакуль жыве ў сэрцах вучняў удзячная памяць…
Браніслава МАЦЕША, ветэран працы, в.Грабянец