Зерня дабаўляецца кукурузнага

Аграрный сектор

Яго сабрана ўжо на палетках раёна больш як 8 тысяч тон. Цяпер агульны валавы намалот кукурузы і зерневых культур складае ў раёне 94 тысячы тоны.

Гэта самы высокі паказчык на Чэрвеньшчыне за апошнія гады.

Сярэдняя ўраджайнасць кукурузы — 72,4 цэнтнера з гектара. Найбольш высокая яна ў эксперыментальнай базе «Натальеўск» — 184  ц/га. Тут, а таксама ў ААТ «Лядзенскі» і падсобнай сельскай гаспадарцы «Дамавіцкі» завяршылі ўжо ўборку кукурузы на зерне. У параўнанні з імі больш як удвая займае сёлета гэтая культура ў сельгасфіліяле «Агра-Бокс». Тут убралі яе ўжо на 170 гектарах з пасеяных 249-ці. Ураджайнасць — 105 цэнтнераў з гектара.

Паводле падлікаў спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, у раёне яшчэ будзе сабрана 2000 тон зерня кукурузы.

Больш высокая, чым летась, сёлета і ўраджайнасць бульбы — 212 цэнтнераў з гектара. Яна ўбрана з усёй 1184-гектарнай плошчы.

Тым часам на палетках яшчэ застаецца гародніна. Убіраць яе дапамагаюць калектывы прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

Не спыняецца работа і на ворыве глебы. Пры плане 20784 гектары яе заарана 15094 гектары, што складае 73 працэнты.

А.РУЖЫН

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *