ПАКУЛЬ ЯНЫ ЖЫВЫЯ , УСЕ МЫ — ЯШЧЭ ДЗЕЦІ…

Общество

«Бабіна» лета… Дзівосная пара восені, апетая паэтам… Усё навокал купаецца ў пяшчоце, а сонейка свеціць так ласкава, нібы матуліны вочы глядзяць на сваіх дзяцей. І сапраўды, немагчыма выбраць лепшае пары для цудоўнага свята — Дня маці…

І няма такога чалавека, якога б яно не кранула. Бо ў кожнага ёсць альбо была маці. І нават калі яе няма ўжо на зямлі, успомніце, схадзіце на магілку, бо нашы блізкія з намі, пакуль мы іх памятаем… І няма шчаслівейшых за тых, хто можа прыйсці да сваёй матулі, пагаварыць з ёю, падзяліцца радасцю ці горам, папрасіць парады. А яны нас заўсёды чакаюць. Іх вочы, магчыма, ужо дрэнна бачаць зблізку, затое адразу ўбачаць вас, як толькі з’явіцеся далёка на дарозе.

Мы павінны памятаць, што нашы блізкія не вечныя на гэтай зямлі. І трэба паспець сказаць, што мы любім іх, папрасіць прабачэння за крыўды і бяссонныя ночы. Пакуль не позна… Пакуль жывыя нашы матулі, усе мы — яшчэ дзеці…

Скажу пра сябе і, напэўна, трошкі вас павесялю. Мы з сястрой ужо самі бабулі, а ў вёсцы нас клічуць… Валінымі дзяўчатамі! І толькі там мы так сябе і адчуваем. Бо для тых, хто памятае цябе басаногім дзяўчом, ты назаўсёды застанешся маладой. Дай вам Бог здароўя, дарагія мае бабулькі з вёскі Падгор’е!

Асабіста для мяне няма лепшага свята, чым Дзень маці. І ў сваім жыцці я ганаруся не якімісьці дасягненнямі ў працы ці чым іншым, а тым, што выгадавала траіх дзяцей. Яны — маё жыццё, мая радасць і перажыванні. Я вельмі ўдзячна Богу, што менавіта ў гэты дзень, 14 кастрычніка, з’явіўся на свет мой старэйшы ўнук…

Падчас тыдня Маці немагчыма не ўспомніць і тых дзяцей, якія пазбаўлены мацярынскай пяшчоты. Жанчыны, што далі ім жыццё, не заслужылі і называцца маці! Гэта сумна. Але ёсць такія, каго можна назваць Маці з вялікай літары. Яны гадуюць прыёмных дзяцей. Не кожная з нас можа здзейсніць такі подзвіг — любіць абяздоленых дзетак, як сваіх. Нізкі ім за гэта паклон!

Падчас роздуму склаліся ў мяне і такія радкі:

Ёсць у кожнага мясцінка на зямлі,

Дзе нарадзіўся і рос,

Адкуль вяла сцяжынка па жыцці

Вяршыць свой лёс.

Дзе вочы маміны ў ваконцы

Глядзяць,

чакаючы бясконца

Сваіх дзяцей з дарог

далёкіх…

Дай Бог не быць ім

адзінокім!

Праведаць мам хвілінку адшукаем,

І будзем памятаць:

усе — дзеці,

Пакуль назваць мы

шчасце маем

Матуляю адзіную

ў свеце!

Са святам усіх вас, дарагія матулі Чэрвеньшчыны!

 

Таццяна ЗАБАЎСКАЯ,

г.п.Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *