Наша Бацькаўшчына. Вандруем з сябрамі раённага краязнаўчага клуба

Общество

Шчорсы.

Гэтае месца калісьці было своеасаблівым зямным раем. Прырода паклапацілася аб стварэнні дзівоснай прыгажосці краявідаў, а легендарная асоба, вядомы палітычны дзеяч і канцлер Вялікага Княства Літоўскага Яўхім Літавор Храптовіч (1729-1812гг.) — грунтоўна парупіўся аб сваім маёнтку ў Шчорсах.  Ён меў добрую адукацыю. Вучыўся ў Вільні, Германіі. Наведваў Італію, Аўстрыю, Швейцарыю, Францыю, Англію. Усюды цікавіўся найноўшымі на той час дасягненнямі ў навуцы, сельскай гаспадарцы. І як рэфарматар, гуманіст, тое, што лічыў мэтазгодным,  прымяняў на практыцы ва ўласным маёнтку. У прыватнасці, адмяніў паншчыну і ўстанавіў дакладны памер зямельнага надзелу, за  карыстанне якім сяляне павінны былі аддаваць трэцюю частку ўраджаю з ніў і палову — з лугоў. Надзелы перадаваліся ў спадчыну. Такім чынам, была створана сістэма, калі ў простага люду з’явілася зацікаўленасць у выніках працы. Да таго ж,  абавязаў юнакоў з васемнаццаці  гадоў служыць пры двары. За гэта яны мелі адзенне і харчаванне, атрымлівалі някепскую плату. Але галоўнае — вучаліся перадавым тэхналогіям у сельскай  гаспадарцы. Гісторыкі сцвярджаюць, што менавіта ў Шчорсах упершыню ў Вялікім Княстве Літоўскім быў прыменены севазварот.

Фрагмент ансамбля былога палаца. Флігель

Храптовіч дазваляў пакінуць маёнтак, але той, хто гэта рабіў, павінен быў заплаціць пэўную суму грошай ці прапанаваць на свой надзел іншага жадаючага. Але такія наўрад ці знаходзіліся, бо ўмовы працы і жыцця тут значна адрозніваліся ад тых, якія мелі сяляне іншых мясцовасцей.  У Шчорсах былі створаны нават сельскія органы кіравання, сялянскія касы ўзаемадапамогі і страхавы магазін.  Падчас перабудовы эканамічных адносін паступова багацелі гаспадар і яго работнікі. За некалькі гадоў прыбытак павялічыўся ў тры разы. А шчорсаўскія тавары сталі своеасаблівым брэндам і купляліся за добрыя грошы — большыя, чым з іншых маёнткаў.  А выраблялі тут многае: вазы, фурманкі і дэталі да іх, будаўнічыя матэрыялы, касцяную муку для ўгнаення глебы. Вялі племянную жывёлагадоўлю і рыбагадоўлю. На рацэ  Нёман, што працякае поруч, было збудавана прадпрыемства, дзе выраблялі невялікія караблі. Сплаўлялі лес, платы пераганялі ажно ў Прусію. Варылі знакамітае піва, ужываючы мясцовы, адметны хмель. Піва, а таксама хлеб і муку, якую малолі тры мясцовыя млыны, экспартавалі ў Заходнюю Еўропу і Расійскую імперыю. Славіліся Шчорсы і сваімі смачнымі сырамі, якія выраблялі выключна швейцарскія майстры па толькі ім вядомых арыгінальных рэцэптах. Гэтыя сыры адпраўлялі на продаж далёка за межы бацькаўшчыны.

Да 1770 года  маёнтак стаў  адным з самых буйных  і прыбытковых у дзяржаве.

Сажалка і парк

Калі драўляныя будынкі фальварка і сціплы палац сядзібы ўжо не маглі адпавядаць ролі адміністрацыйна-гаспадарчага цэнтра багатага маёнтка, Яўхім  Храптовіч задумаў узвесці непадобны да іншых архітэктурны ансамбль у барочным стылі, для якога характэрны пышныя і раскошныя формы, што зачароўвалі прыгажосцю, своеасаблівай сімфоніяй пластыкі, колеру. Для пабудовы такога палацавага комплексу з паркамі і сажалкамі ён запрасіў  знатных еўрапейскіх архітэктараў. Гэта былі італьянцы, якія праявілі сябе як здольныя і таленавітыя майстры. А царкву ўзводзіў  і зрабіў яе ўнікальнай француз. Літаральна за непрацяглы час яны ажыццявілі амбіцыёзныя планы магната. Комплекс, упрыгожаны ляпнымі аздабленнямі,  керамікай з арнаментам і выявамі кветак, уражваў сваім  вытанчаным і імпазантным выглядам, памерамі і колькасцю будынкаў з цёмна-чырвонай цэглы. А яшчэ — вельмі удалай планіроўкай. У прыватнасці, мураванага трохпавярховага палаца і парка са штучнымі сажалкамі, дзе расло  больш як 200 парод дрэў з розных краін свету. Шырокая ўязная алея ў чатыры рады ліп вяла да асноўнага паркавага масіву. Прадумана было ўсё да дробязяў, нават тое, што шматлікія шляхі работнікаў у маёнтку ніколі не перакрыжоўваліся са шляхамі адпачываючых гасцей, якія ахвотна прыязджалі да Храптовіча.

Увогуле, ён быў неардынарнай асобай, надзеленай шматлікімі дараваннямі:  грамадскі  і дзяржаўны дзеяч, філосаф і асветнік, гісторык і прыродазнаўца, паэт і публіцыст. А яшчэ — адзін з заснавальнікаў  адукацыйнай камісіі, якая фактычна была першым у Вялікім Княстве Літоўскім Міністэрствам народнай адукацыі. Актыўна працаваў у ёй на працягу дваццаці гадоў і стварыў 20 школ, якія давалі сярэднюю ступень навучання.  Існавала такая і ў Шчорсах.

Адукаваны чалавек, ён разумеў, што трэба ў сваім жыцці рабіць не толькі для сябе самога, але і для людзей, сваёй зямлі і краіны. Імкнуўся да гэтага ўсім сваім сэрцам, думкамі, ажыццяўляў магчымае.

Так выглядае бібліятэка з боку тэрасы

Быў Храптовіч яшчэ і заўзятым бібліяфілам. Знаходзячыся ў Варшаве, пачаў збіраць  бібліятэку.  Дзе б ні апынаўся, а ён шмат падарожнічаў, адусюль прывозіў кнігі. Былі яны з бібліятэк рымскага кардынала, а таксама   польскага рэлігійнага дзеяча, заснавальніка Варшаўскай публічнай бібліятэкі епіскапа Іосіфа Залускага. Рэдкія выданні трапілі на рынак і з каталіцкіх манастыроў, што таксама скарыстаў Храптовіч. Да яго перайшла і кніжная спадчына графа Раецкага. Вялікую колькасць геаграфічных карт падарыў польскі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які, вяртаючыся з Нясвіжа, наведаўся ў Шчорсы. У выніку бібліятэка Храптовічаў  стала  адной з самых  каштоўных і набыла шырокую вядомасць. Яе і перавёз гаспадар у Шчорсы — у свой радавы фальварак. Пад бібліятэку  было спецыяльна абсталявана прасторнае памяшканне на верхнім паверсе аднаго з новых карпусоў. Вокны выходзілі на сажалку і парк, ад прываблівасці якіх немагчыма было адарваць вачэй. Гэты чароўны куточак з маляўнічымі краявідамі аблюбавала тагачасная багема — эліта беларускай нацыі. Яе прыцягвалі і адукаваны, уплывовы гаспадар, багатая кнігадрукамі калекцыя. Вядомыя  вучоныя, палітычныя дзеячы, гісторыкі, найбольш заможная шляхта не праміналі наведвацца сюды. Яўхім Храптовіч напісаў  Статут, паводле якога дазвалялася карыстацца бібліятэкай і мясцовым жыхарам, і навукоўцам з-за мяжы. Яна была вялікай і каштоўнай, такой не мелі нават  Вільня і Варшава.

Па гэтых сходах спускаўся калісьці Адам Міцкевіч да сажалкі ці ў парк...

Шчорсы ў канцы 18  пачатку 19 стагоддзяў сталі самым культавым месцам. Сюды наведваліся гісторык, нумізмат, геральдык, палітычны дзеяч, прафэсар Віленскага і Варшаўскага ўнівэрсітэтаў  Іяхім Лялевель, паэт, драматург, перакладчык, літаратурны крытык і краязнаўца Уладзіслаў Сыракомля, астраном Марцін Пачобут-Адляніцкі, гісторыкі  Ян і Анджэй Снядэцкія, Юзаф Ярашэвіч. Прыязджаў і Адам Міцкевіч. У бібліятэцы  паэт збіраў матэрыял для напісання паэмы «Конрад Валенрод», працаваў над паэтычнай аповесцю «Гражына», у якіх  паказаў барацьбу ліцвінаў з крыжакамі. Даследчыкі творчасці Міцкевіча мяркуюць, што менавіта ў памяць аб заснавальніку Шчорсаўскай бібліятэкі, паэт даў імя Літавор галоўнаму герою — Наваградскаму князю.

У маёнтку  рос вялікі дуб,  пад якім, паводле падання, узнікла вядомая паэма «Гражына». Таму гэтае дрэва пачалі называць «Дубам Міцкевіча» або “Дубам Гражыны”.  Выстаяў ён ажно да вясны 1998 года, пакуль моцная бура не загубіла.

А бібліятэка, на жаль, значна раней пачала страчваць свае каштоўныя ўнікальныя выданні. Нашчадкі не надта берагалі кнігі: дарылі іх, прадавалі… Падчас Першай сусветнай вайны вывезлі з сядзібы. Праўнукі Храптовічы вырашылі перадаць кнігі на часовае захаванне ў бібліятэку Кіеўскага ўніверсітэта. Мяркуецца, што адказваў за гэта прафесар Доўнар-Запольскі. Ён паставіў умову, згодна якой з адкрыццём першага  беларускага універсітэта  бібліятэка будзе вернута. Але гэтага не здарылася.  Калі ў Мінску быў створаны дзяржаўны ўніверсітэт, Наркамат асветы зрабіў пэўныя захады, аднак безвынікова. Кнігазбор Храптовічаў застаўся ў Кіеве. У 1915 годзе кнігі з Кіева эвакуіравалі ў Саратаў, а калі   праз год вярнулі, то доўгі час не распакоўвалі скрыні. І задума Яўхіма Храптовіта аб тым, што яго каштоўным архівам будуць карыстацца многія, згасла, пакуль прыватную бібліятэку не перадалі Усенароднай бібліятэцы Украіны пры Акадэміі Навук. У Вялікую Айчынную вайну яе вывезлі ва Уфу, а пасля перамогі над ворагам вярнулі ў Кіеў. З багацейшай калекцыі старадруку ў дваццаць тысяч экземпляраў засталіся рэшткі — усяго дзве тысячы. Пры падтрымцы ЮНЭСКА ўдалося зрабіць лічбавыя копіі большасці з захаваных да нашага часу  рарытэтных выданняў. Гэты электронны варыянт і знаходзіцца ў Беларусі.

Здавалася б, Шчорсы павінны былі развівацца пад уздзеяннем зробленага калісьці моцнага эканамічнага штуршка і быць зараз не горшымі за  радзівілаўскі Нясвіж. Але тых, хто сюды завітае, чакае расчараванне. Шчорсы — звыклая вёска-аграгарадок з 700 жыхарамі, цэнтр  сельсавета. Няма помніка ні Храптовічу, ні Адаму Міцкевічу. Затое  ёсць  герою грамадзянскай вайны Шчорсу, які тут ні разу не быў.  Войны, якія прайшлі праз гэтую мясцовасць,  пакінулі непапраўны след —  разбурылі вядомую на ўвесь свет сядзібу. На тым месцы, дзе калісьці знаходзіўся шыкоўны палац, цяпер ледзь праглядваюцца фрагменты каменнага фундаменту. Але захаваліся будынак бібліятэкі, вяндлярня, стайні, гаспадарчы двор, сажалкі.

Вяндлярня і гаспадарчыя пабудовы

На жаль, цяпер гэтая мясцовасць недагледжана.   Відавочна: няма мясцовых энтузіястаў, якія б навялі парадак на гэтым унікальным месцы, якое атрымалі ў спадчыну ад знатнага роду Храптовічаў. Не знаходзіцца і фундатараў, каб рэстаўрыраваць былую сядзібу.

А вось у Любчы, якая ў 1499 годзе была аддадзена  Фёдару Храптовічу, такія людзі знайшліся. Туды і пралягае наша далейшая вандроўка.

 

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара


 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *