НАРОДНЫ КАЛЯНДАР

Общество

Кастрычнік.

Другі месяц восені. Той самы, які «зямлю балоціць, а лес залоціць». Вядома ж, «у кастрычніку снег — толькі на грэх». У гэтай няўтульнасці пасля ласкавага лета гаспадар з дастаткам пачуваў сябе задаволена: «У кастрычніку і хата з дрывамі, і мужык з лапцямі». Усе святкаванні гэтай пары — нібы кароткія перадышкі ва ўмовах падрыхтоўкі да зімы.

7—14 кастрычніка. Гэты тыдзень перад святам Пакрова  называўся «бабіным летам».  На Беларусі ў гэтыя дні ўсталёўваецца, як правіла, прыгожае надвор’е.

8 кастрычніка. Іаан Багаслоў («Благаслоў», «Багуслаў», «Шаптун»). Гэты дзень — самая апошняя мяжа ўсім шчыраванням дбайнага земляроба, бо зямля атрымлівае за свае дары нябеснае благаславенне на спакой да самае вясны. Няўпраўнасць гаспадара дакаралася сялянамі: «Хто не дасее да Івана Багаслова, той не варты Божага слова». Галоўнай жа прыкметай дня быў пачатак восеньскіх вяселляў.

10 кастрычніка. Святы Францішак з каталікага календаря супадаў з часам, калі пусцелі палі,— гэта і адзначана ў вуснай народнай творчасці: «На святога Францішка шукае зярнят у полі мышка».

14 кастрычніка. Пакроў (Пакравы, Пакрова). Само слова праваслаўная царква тлумачыла літаральна: пакроў (г. зн. пакрывала) Божай Маці. У народнай жа трактоўцы гэта паняцце атрымлівае куды больш шырокі сэнс, ахопліваючы самыя розныя прыкметы  прыроды гэтага часу: «Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам», «…рыбу луской, дрэ-ва карой, птаху пяром, дзеўку чапцом», «Святэй Пакроў стагі пакрыў: першы стажок дранічкамі, другі стажок саломкаю, трэці стажок белым снегам». Гаварылі, што зіма закрывав лета, а Бог пячатае зямлю пасля гэтага дня, і да вясны ніхто не можа знайсці скарбаў.

На Пакроў трэба было закласці ў яслі корму, нават калі жывёла была сытая: «На Пакровы дай сена карове». Дзякуючы фанетычнай сугучнасці свята Пакрова сабрала шмат прыкметаў і парадаў, звязаных з каровамі: «Пры-шла Пакроўка —¦ не дала малака кароўка» (г. зн. запускаецца), або ў дачыненні да нерухавага гаспадара: «Хто сее па Пакрове — не будзе мець чаго даць карове». Пакроў успрымаўся як надзейны паказчык прагнозаў надвор’я на даволі аддаленыя дні і нават на цэлыя поры года: «Калі да Пакрова дня снег не пакрые зямлю, то і на Каляды не будзе снегу»; «Якое надвор’е ў дзень Пакрова, такое яно і будзе ўсю зіму да вясны»; «Калі да Пакроў не было снегу, не будзе яго яшчэ дзве нядзелі»; «Калі ад Пакроў да свята Усіх Святых (1 лістапада) краты зямлю точаць, то зіма снежна і марозліва». Асабліва пільна сачылі на Пакрова за напрамкам ветру: з якога боку ён быў у гэты дзень, з таго боку ён павінен быў дзьмуць галоўным чынам і ў бліжэйшую зіму. Зыходзячы з таго пераканання, што поўдзень заўсёды нясе цяпло, а поўнач холад, сцвярджалі, што паўночны пакроўскі вецер прадказвае суровую зіму, а паўднёвы — мяккую, гнілую. Калі ж з раніцы задзьме ўсходні вецер — зімою будзе мала снегу, заходні — зіма вельмі снежная.

20 кастрычніка. Дзень Сяргея ў асобных кутках Беларусі лічылі пачаткам зімы, хоць за сапраўдную зіму прымалі незалежна ад даты тую пару, калі прыціснуць маразы ды выпадзе снег.

25 кастрычніка. Дзень  Марціна з праваслаўнага календара меў сваю прыказку: «Марцін святы — губіцель гагаты». Пад «гагатой» разумеліся патлусцелыя за лета гусі, якіх к прысвятку смажылі ці везлі прадаваць.

29 кастрычніка. Святому Лонгіну маліліся хворыя на вочы, бо ён лічыўся ў народзе лекарам такіх хвароб.

31 кастрычніка. Дзень евангеліста Лукі. Паўсюль спраўляліся восеньскія вяселлі, шчаслівыя сваты задаволена канстатавалі: «На Лукаша — дзеўка наша». Адзначаны ў той жа дзень Юльян лічыўся захавальнікам малых дзяцей.

На трэцім тыдні пасля Пакрова, у суботу (дата непастаянная), напярэдадні Змітравага дня па ўсёй Беларусі адзначаўся агульны памінальны абрад, вядомы як во-сеньскія («Змітраўскія) Дзяды, ці «Змітраўка». Шмат дзе памінкі абмяжоўвалісй рытуальнай вячэрай у хаце. Але ў многіх мясцовасцях (у Барысаўскім, Вілейскім, Слонімскім, Мінскім і іншых паветах) усёй сям’ёю ішлі на могілкі. Абкладвалі магілы дзёрнам, камянямі, ставілі ці мянялі крыж або якія іншыя помнікі. Маліліся, галасілі, эвяртаючыся да нябожчыкаў, як да жывых. Дома рабілі памінальны стол, да якога старанна рыхтаваліся загадзя. Сядзелі доўга, прытрымліваючыся строгага парадку чаргавання страў, сярод якіх былі любімыя нябожчыкамі. Не падымалі лыжак ці кавалкаў стравы, якія незнарок падалі — маўляў, мёртвыя імі пакарыстаюцца. З’яўленне якога-небудзь матыля ўспрымалі як прылёт душы продка.

Фота Эмы МІКУЛЬСКАЙ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *