Мір і яго замак

Общество

(Працяг)

З цікавасцю крочым па  мястэчку. На адной з яго вуліц захаваліся дамы з 19 стагоддзя. Гэта былыя інтэрнаты для тых, хто выкладаў у ешыве — вышэйшай духоўнай навучальнай установе, дзе рыхтавалі равінаў. Існавала такая славутая акадэмія ў  Міры. Яна ў той час мела шырокую вядомасць у розных кутках яўрэйскага свету. Тут навучаліся студэнты з Францыі, Велікабрытаніі, Аргентыны, ЗША і іншых краін. У першую сусветную вайну мірская ешыва пераехала ў Палтаву, адкуль вярнулася  толькі ў 1921 годзе. А калі пачалася другая сусветная вайна, ешыва „Мір“ зноў сарвалася з месца і ўжо назаўсёды. Цяпер  яна знаходзіцца ў Ерусаліме і Амерыцы. А ў беларускім мястэчку Мір яўрэяў, мясцовых ураджэнцаў, больш няма. Частку тых, хто тады не выехаў, фашысты ў 1941 годзе расстралялі, а 850 заключылі ў гета на тэрыторыі замка. Яўрэі стварылі там падполле і некаторым  усё ж удалося ўцячы.  Аднак да ліпеня 1944 года, калі ў Мір увайшлі савецкія войскі, з іх жывымі засталіся толькі каля сарака чалавек.

 

Цікава, што ў Міры прайшло дзяцінства Залмана Шазара – трэцяга прэзідэнта Ізраіля. Яго за два гады да вайны бацька вывез у Палестыну.

Захаваўся яшчэ адзін адметны будынак, які ў пачатку 20 стагоддзя выкарыстоўваўся як банк і яўрэйскі кагал. Ёсць такое выслоўе — усім кагалам, гэта значыць усёй грамадой.  Зыходзіць гэта з таго, што яўрэяў калісьці абкладвалі не індывідуальным падаткам, а кагальным, у падвоеным памеры. За бедных, няшчасных, калек багатыя яўрэі вымушаны былі скідвацца і плаціць  падатак. Адсюль і пайшло — усім кагалам.

…Набліжаемся да найстаражытнейшай мураванай пабудовы —  касцёла Святога Мікалая — спадчыны Радзівіла Сіроткі. Драўляны касцёл у Міры збудавалі ў 1587 годзе і асвяціў яго ў гонар святога Мікалая брат Сіроткі —  віленскі біскуп Юрый Радзівіл. Пазней, у 1599 годзе, пабудову разабралі і на тым месцы заклалі мураваны касцёл.  Ён паўторна асвечаны 21 жніўня 1605 года  Бенедыктам Войнам, які на той час стаў біскупам віленскім. Гэтыя даты адзначаны на мемарыяльнай дошцы,  ўмураванай унутры ўваходнай вежы. Праз колькі гадоў побач з касцёлам збудавалі плябаню, шпіталь і школу для дзяцей. Ваенныя дзеянні таго часу разбурылі іх, але ў 1710 г. князь Радзівіл Рыбанька аднавіў.

У каталіцкую святыню мы патрапілі якраз на нядзельную Імшу, якую вёў ксёндз Аляксандр. Усе лавы былі занятыя вернікамі, хаця мясцовая парафія тут невялікая — 30 чалавек. Значыць, наведваюцца у храм прыезджыя, госці Міра.  Дарэчы, у ХІХ стагоддзі парафіянінам касцёла быў Уладзіслаў Сыракомля. Тут збіраліся ўдзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў, пасля падаўлення якога касцёл быў перададзены праваслаўным і рэканструяваны пад царкву. І толькі падчас знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы пабудову зноў прыстасавалі пад касцёл. Праўда, выпрабаванняў і далей выпадала шмат. Ужо ў савецкія часы  ён  дзесяцігоддзі стаяў закінуты і занядбаны. Былі раскіданы нават пахаванні, размешчаныя ў яго сутарэннях, парушаны алтар і ўнутраная аздоба. Яшчэ ў 1984 годзе на версе раслі бярозкі, а вакол — бур’ян. Не было ні вокнаў, ні дзвярэй — настолькі знішчылі выдатны помнік гісторыі і манументальнай архітэктуры. Толькі ў канцы 80-х гадоў быў распрацаваны праект рэстаўрацыі. Зараз у храме прыгожы алтар, шмат іконаў. Зроблена многае і аднаўленне працягваецца.

Святар Аляксандр, убачыўшы нас,  сардэчна павітаў, пацікавіўся адкуль, паразмаўляў і благаславіў. Затым падышла прыхаджанка, якая распавяла пра  гісторыю храма, прыход. Было прыемна адчуваць такую добразычлівасць. І з гэтым светлым настроем мы пакідалі касцёл. А наперадзе чакала экскурсія па  аднаму з самых значных помнікаў Беларусі — Мірскаму замку. Ён уражвае  магутнымі вежамі, тоўстымі мураванымі сценамі, яркай святочнай афарбоўкай…

Гісторыя замка складаная і цікавая. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што будаваўся ён не столькі для абароны, колькі для таго, каб даказаць усім, што гаспадар варты тытула графа. У 15 стагоддзі ўладальнікі Міра князі Ільінічы ўмацавалі паселішча, абнеслі  свой двор земляным валам. Але ў гэтых заможных  і ўплывовых гаспадароў існавала праблема. Ім вельмі карцела стаць графамі. Для гэтага трэба  было мець замак. Як па сённяшнім часе: не будзеш крутым хлопцам, калі не маеш чорнага бумера. Вось Юрый Ільініч і стаў ініцыятарам узвядзення мураванага замка. Аднак мара Ільінічаў ажыццявілася толькі паўстагоддзя пазней, калі дваццацігадовы  Юрый (унук першага ўладальніка)   атрымаў такую ласку, дзякуючы клопату родзіча — канцлера літоўскага князя Мікалая Радзівіла “Чорнага”. Імператарская грамата сведчыла:

“Яго замак Мір і ўсю адміністрацыйную акругу з усёй маёмасцю мы ўзводзім у статус графства.  Гэты тытул надаём самому Юрыю Ільінічу, яго дзецям, сукцэсарам і законным спадчыннікам разам з усімі іх дзецьмі абодвух палоў, цяперашнімі й тымі, якія народзяцца, ад сённяшняга дня і ва ўсё будучыя часы, называючы іх ад гэтага графства замка Мір графамі”.

Але лёс Ільінічаў незайздросны. Вось як піша адзін з даследчыкаў:”…У асобе Юрыя Ільініча мы маем аднаго з першых мецэнатаў новых часоў Адраджэння на Беларусі.

Адмысловасць творчага мыслення людзей, што стваралі Мірскі замак, наяўна бачна на самой пабудове. Квадратны план вежаў і размяшчэнне іх па-за вонкавай лініяй крэпасных сцен давалі магчымасць весці стральбу па ворагу не толькі прама, але і ўздоўж сцен. На тыя часы гэта была найбольш прагрэсіўная схема абароны.

Будуючы свой умацаваны дом, Ільініч верыў у светлую зорку свайго роду і марыў пра шчасце для ўсёй сям’і. Таму замак павінен быў выглядаць узнёсла і святочна. Галоўная вежа — гэта ён сам, вялікі і магутны, гасцінна адкрывае вароты для сяброў і прыяцелеў. Непажаданага ворага чакае падаючая рашотка з завостранымі коллямі па нізу. Па вуглах умацавання размешчаны  чатыры меншыя, але таксама грозныя, вежы па колькасці Ільінічавых сыноў: Мікалая, Яна, Станіслава, і Шчаснага. Аднак Ян у апошнія гады бацькавага жыцця сапсаваўся ў гулянках, і ўзвядзенне яго вежы прыпынілася.

Заснавальнік Мірскага замка Юрый Ільініч памёр у жніўні 1526 года. Услед за бацькам памірае адзін з чатырох яго сыноў — Мікалай. Паводле граматы, падпісанай у Кракаве 27 мая 1527 года, «замак Мир в повете Новгородском» як «другая часть имения отчизных достался пану Станиславу». Станіслаў Ільініч панаваў  у Міры нядоўга. Ён памёр маладым і бяздзетным у 1531 годзе, атручаны на банкеце жонкаю свайго служкі. Мірскі замак дастаўся Шчаснаму, а іншыя мірскія ўладанні былі аддадзены  Яну. Апошні памёр бяздзетным у 1536 годзе, адпісаўшы трэць уладанняў жонцы, астатняя маёмасць адышла да брата Шчаснага. Аднак і гэтаму Ільінічу было наканавана нядоўгае жыццё. Каля 1540 год памірае ён, а ў неўзабаве і яго жонка Соф’я з дома Радзівілаў. Іх адзіны васьмігадовы сын Юрый застаўся сіратою і ўладальнікам велізарнай маёмасці. Апекуном да малалетняга Ільініча быў прызначаны яго дзядзька — Мікалай Радзівіл Чорны, у будучым — вялікі канцлер літоўскі.”

Перад смерцю Юрый перадаў Мір разам з графскім тытулам сыну свайго выхавацеля — Мікалаю Крыштафу Радзівілу па прозвішчу «Сіротка». Пазней замак перайшоў да Вітгенштэйнаў, Святаполк-Мірскіх. На працягу існавання велічная пабудова не аднойчы падвяргалася разбурэнню.  Замак зведаў аблогу казацкага атамана Залатарэнкі, Маскоўскага ваяводы Трубяцкога. У паўночную вайну ў 1706 годзе шведы на чале з каралём Карлам ХІІ штурмам  авалодалі ім, а затым спалілі. У час паўстання Касцюшкі замак захапілі салдаты Суворава. Але найбольш пацярпеў ён у Айчынную вайну 1812 года, калі ўзарваўся парахавы склад і раскалоў зверху данізу паўночна-ўсходнюю вежу. Усё было спалена і разрабавана. Больш стагоддзя заставаўся ён занядбаны. І толькі князь Святаполк-Мірскі пачаў будаўнічыя работы, спрабуючы стварыць тут зацішны куточак. Але ў 1938 годзе ён памёр, не пакінуўшы прамых нашчадкаў. Мірскі замак перайшоў да пляменніка Аляксандра, грамадзяніна Румыніі.

17 верасня 1939 года Чырвоная армія ўвайшла ў Мір і арыштавала яго з жонкай. Ад Сібіры іх выратавала толькі замежнае грамадзянства. Аляксандр з сям’ёй перабраўся ў Львоў, затым у Іспанію. Замак апусцеў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны тут было яўрэйскае гета, а пасля выгнання фашыстаў замак ператварыўся ў камуналку, дзе жылі людзі, якія пазбавіліся ўласнага даху. У 1970 годзе тое, што засталося ад замка, закансервавалі, а праз 12 гадоў пакрыху пачалі рэстаўрыраваць.  У 2000 годзе  Мірскі палацава-замкавы комплекс, у які ўваходзяць замак, палац, парк і капліца-пахавальні, уключаны ЮНЕСКА  ў спіс «Сусветная Спадчына».

Зараз у замку завяршылася першая чарга рэстаўрацыі. Для наведвання прадстаўлены 39 музейных экспазіцый.  Кожная з іх — непаўторная, дае магчымасць уявіць жыццё і побыт у замку ў розныя стагоддзі. Для гэтага было набыта каля 900 унікальных прадметаў. Сярод рэдкіх экспанатаў тут — слуцкі пояс, калекцыя зброі, старажытныя музычныя інструменты, мэбля, каштоўныя прадметы  са шкла ўрэчскай і фаянса свержанскай мануфактур, творы жывапісу. Ёсць, напрыклад, такі экспанат, як кавалерыйскі барабан (літаўра). Ён выкарыстоўваўся ў радзівілаўскай кавалерыі ў XVIIІ стагоддзі. Вісяць рогі тура, якія знайшлі на Гродзеншчыне. Яны ўпрыгожваюць інтэр’ер “Сталовай хаты”. Дарэчы, апошні тур забіты ў Налібокскай пушчы ў 1627 годзе. Вельмі эфектна выглядае шпалера — “Паляванне на тура”, вытканая ў Фландрыі 400 гадоў таму. Гэты экспанат адзіны ў нашай рэспубліцы.

Зрэшты, інфармацыя пра кожны музейны прадмет змешчана на аркушы паперы і можна дакладна прачытаць што да чаго. І пры ўваходзе ў залу ў рамцы пад шклом вісіць пісьмовы расповяд пра экспазіцыю. Напрыклад, пра  кабінет князя Міхаіла Святаполк-Мірскага напісана: “У 1920-1930-ыя гады кабінет знаходзіўся ва ўсходнім корпусе замка. Вокны выходзілі на сажалку. Абстаноўка ўзноўлена па ўспамінах сучаснікаў і фотаздымках. Кабінет князя паказвае кола яго заняткаў як інтэлектуала і памешчыка, шахматыста і эстэта, які цэніць прыгожыя рэчы даўніны”.

 

У залах адноўлена пазалочаныя столі, рэканструяваны печы і каміны, паркетная падлога, дэкараваны сцены. Для лепшага ўяўлення аб замку рэстаўратары пакінулі ў ім некаторыя месцы ў першасным выглядзе, а таму, напрыклад, відаць даўняя  кладка сцен.  Здаецца, дакранешся да мура — і пачуеш гучанне лютні падчас баляў ці выстралы з аконных байніц…  Ці стогны пакутнікаў. Калі па вузенькай лесвіцы спускаешся ў падвальнае памяшканне, убачыш астрог з жудаснымі прыладамі для катавання. Нават уявіць страшна, што магло тут адбывацца…

Мірскі замак “аброс” рознымі легендамі. У прыватнасці, адна з іх звязана з каменнай выявай галавы барана, умураванай  у паўднёвую абарончую сцяну. Кажуць, колькі яна будзе захоўвацца, столькі будзе стаяць замак. Другая згадвае пераўтварэнні, зробленыя князем Святаполк-Мірскім. Ён на месцы страчанага Радзівілаўскага каскаду вадаёмаў загадаў выкапаць вялікую сажалку. Была  вясна, пышна квітнеў яблыневы сад. Каб ажыццявіць намечанае, давялося сад выкарчаваць. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, нібыта з таго часу сажалка помсціць за дрэвы і кожны год забірае тапельцаў. Па словах гісторыкаў, першым загінуў сам стары князь, які атрымаў сонечны ўдар і памёр падчас запаўнення ставу…

Немагчыма ў двух артыкулах занатаваць тое, што мы чулі, бачылі і адчувалі ў Міры. Для кожнага з нас ён застаўся сваім, асаблівым.

Ну а наш экскурсійны шлях пралягаў далей — па мясцінах славутага Адама Міцкевіча.

 

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *