Маміны дачушкі

Общество

Ані, самай старэйшай — дзесяць гадоў. Яна добрая памочніца маме: і за сястрычкамі прыгледзіць, і цацкі прыбярэ… Хаця вольнага часу ў Анечкі мала: займаецца ў творчых гуртках. Вучыцца вышываць, з гліны вырабляць рэчы і прыгожа спяваць.

На ўрачыстасці з нагоды Дня маці будзе ўдзельнічаць у святочным канцэрце. Вельмі хвалюецца за сваё выступленне на раённай сцэне.

Сярэдняя дачушка Алены Гоман — двухгадовая Паліна — гарэзлівая, шумлівая. Лёгка сыходзіцца з людзьмі, але без мамы — нікуды, нават у бабулі не жадае заставацца. Толькі ў садок да сябровак ідзе без слёз. Штораніцу Алена чуе ад яе радаснае: «Мама, я цябе люблю!»

Самай маленькай — Лізавеце — усяго 10 месяцаў. Назвалі яе ў гонар прабабулі Лізаветы Гурэвіч, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Вельмі хацелася ёй убачыць малышку,  але, шкада, усяго два месяцы не прычакала. Не стала добрай і мудрай старэйшай Лізаветы, але падрастае маленькая. І ўсе ў сям’і хочуць, каб была яна падобная на тую, якой ганарацца і памятаюць. Магчыма, так яно і будзе. Ужо зараз адчуваецца памяркоўны характар дачушкі, адкрыты да людзей.

Вельмі хочацца Алене, каб раслі яе дзяўчынкі здаровенькімі і шчаслівымі, у жыцці  сустрэлі добрых людзей. Задаволены сваёй сям’ёй Сяргей Гоман — адразу столькі вакол яго прыгажосці і пяшчоты!

 

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *