Любча

Общество

…Як адмовіцца ад наведання Любчы, дзе ў глыбокай старажытнасці быў сабор, дзе ў паганскай Літве часоў Міндоўга высока ўзнёс біскупскую годнасць Віт дамініканін, дзе яшчэ засталіся руіны радзівілаўскага замка…»

Так пісаў калісьці вядомы паэт і краязнаўца Уладзімір Сыракомля. Не прамінулі завітаць сюды і сябры Чэрвеньскага краязнаўчага клуба “Бонда”.

Гарадскі пасёлак на рацэ Нёман невялікі, усяго паўтары  тысячы жыхароў. Але гісторыя яго багатая, насычаная шматлікімі падзеямі і паданнямі. У  пісьмовых крыніцах Любча згадваецца ў 1241 годзе.

Наш экскурсавод-гісторык  распавядаў тут:

Пра каханне Міндоўга

Аднойчы праз Нёман перапраўляўся знатны наваградскі князь Міндоўг. На беразе ракі ён убачыў прыгажуню з сінімі вачыма і залацістай касой. Горача закахаўся ў яе з першага погляду.  Не жадаючы раставацца, забраў з сабой, каб пазней зрабіць яе першай каралеўнай Вялікага  Княства Літоўскага. А паселішча на Нёмане назваў  Любеч, у памяць аб месцы, дзе ўспыхнула яркае і светлае пачуццё. Прыгажуню звалі  Марта. Лёс злучыў закаханых,  зрабіў іх мужам і жонкай. Міндоўг адчуваў сябе шчаслівым, меў ад яе дзяцей. Аднак было ў князя шмат ворагаў, якія прагнулі  яго смерці. Ён смела змагаўся з імі  ў бітвах, цярпліва вытрымліваў аблогі, а адданая Марта заўсёды  падтрымлівала яго.  Калі Міндоўг адышоў ад хрысціянства і адмовіўся ад кароны, яна моцна перажывала, захварэла і нечакана памерла.

Паводле іншай версіі, Марта звар’яцела. Але будучы яшчэ ў розуме, склала завяшчанне, у якім прадпісала мужу ажаніцца з яе сястрой. У знак кахання Міндоўг выканаў пажаданне, але праз некаторы час  быў забіты.

Пра геральдыку Любчы

Любча адметна  тым, што мае адразу два гербы. Даследчыкі сцвярджаюць, што паселішча ў 1590 годзе атрымала магдэбургскае права, а разам з ім і  герб — у выглядзе срэбнай падковы з трыма залатымі крыжамі, дзвюма срэбнымі рыбамі — ласосямі ў блакітным полі. Згодна гістарычных крыніц ХVІІ стагоддзя, быў у Любчы яшчэ адзін  герб — у блакітным полі брама з дзвюма вежамі. Наверсе брамы — узброены рыцар, у правай руцэ яго меч, а ў левай — шчыт.

 

Пра замак, што падобны на Мiрскi

1581 — год, калі распачалося будаўніцтва ў Любчы замка. Гэтую дату адшукалі мясцовыя краязнаўцы, калі знайшлі сцяжок старажытнага флюгера, на якім быў пазначаны год і адлюстраваны герб Кішкі. З гэтага зроблена выснова, што мясцовы беларускі магнат Ян Кішка (1552 — 1592)  і быў фундатарам будоўлі, якая цалкам закончылася ўжо пры Радзівілах Біржанскіх у пачатку XVII стагоддзя. Вось як апісваюць яго выгляд гісторыкі: ”Любчанскі замак узнік на краі мястэчка, на ўчастку высокага левага берага Нёмана памерамі, блізкімі да квадрата, — 85х85 м. З трох бакоў замчышча ахінаў абарончы роў шырынёй да 30 метраў і глыбінёй 7-8 метраў (з захаду і поўдня) і да 10 метраў з усходу, з чацвёртага боку замак прыкрываўся Нёманам.“

Па кутах замка ўзвышаліся шматярусныя вежы з байніцамі, знешне падобныя на вежы Мірскага замка, кожную з якіх упрыгожвалі флюгеры з гербамі ўладальнікаў зямель Радзівілаў. Усе вежы  мелі бляшаныя дахі з купаламі.

Будаўнічы матэрыял прывозілі з-за мяжы за вялікія грошы. Радзівілы падтрымлівалі сувязі з дзяржавамі заходняй Еўропы, таму для будаўніцтва  запрашалі нямецкіх і нідэрландскіх майстроў.

Верхнія ярусы вежаў Любчанскага замка, а на Брамнай вежы яшчэ і ніжні, былі ўпрыгожаны чорна-белымі малюнкамі і ўзорамі. Параднасць надавалі гадзіннік на Брамнай вежы і ветранікі з белай бляхі. Увогуле замкавы комплекс меў кантрастны  колер: патынкаваныя белыя вежы спалучаліся з чорнымі ўзорамі і чорнымі драўлянымі крыжамі будаўнічай канструкцыі.  Інтэр’еры залаў і пакояў мелі багатую ляпніну, кафляныя печы. Але каштоўную значнасць надавалі размешчаныя ў  прасторных пакоях характэрныя для магнацкага роду рэчы: архівы дакументаў,  кабінет мастацтваў і дзівосаў — кунсткамера. У ёй  знаходзіўся збор карцін, скульптур, замежных і мясцовых творцаў, калекцыі ўзбраення, старых кніг, посуду, прадметаў хатняга ўжытку (кітайская парцаляна, антычная кераміка, рымскія лямпы, кубкі, шахматы, гадзіннікі), навуковых прыладаў, прыродных знаходак, экзатычных рэчаў і рознага кшталту забавак.  Доўгі час тут захоўваўся так званы «скарбец горны» роду Радзівілаў — унікальная Радзівілаўская скарбніца. Яна складалася з вельмі каштоўных прадметаў і радавых памяткаў Радзівілаў. Напрыклад, у калекцыі з 900 адзінак халоднай зброі, былі шаблі Івана Жахлівага, Барыса Гадунова, турэцкага султана Асмана, Крыштофа Перуна і Мікалая Чорнага, трафеі, а таксама адзнакі вайсковай улады, булавы і бунчукі, турэцкія штандары. Нават можна было ўбачыць  птушку фэнікс.

Апроч іншага, быў  у замку і багаты кнігазбор Крыштофа Радзівіла. Пра яго памер сведчыць тое, што для перавозу гэтай бібліятэкі ў 1630 годзе спатрэбілася больш за сорак вазоў.

У 1654 годзе пачалося нападзенне расійскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі. Іх падтрымалі ўкраінскія казакі Багдана Хмяльніцкага. Стотысячная руска-украінская армія ўварвалася на беларускія землі і распачаўся патоп, як назвалі польскія гісторыкі страшнае дзесяцігоддзе, калі была знішчана большасць мясцовага насельніцтва.

Напярэдадні гэтай жахлівай вайны  прадбачлівы Радзівіл вывез каштоўнасці  з Любчы ў Польшчу. Вялікі гетман літоўскі, таленавіты военачальнік Януш Радзівіл, які вызначыўся сваімі перамогамі ў войнах, не здолеў абараніць уласныя ўладанні.  У Любчу, якая не несла ніякай стратэгічнай функцыі, спецыяльна наляцеў украінскі атаман Залатарэнка, каб адпомсціць Янушу Радзівілу за разгром яго войскаў дзесятак гадоў таму. І яму гэта ўдалося. Замак быў  прыступам узяты, спалены і часткова падарваны. Па  прычыне помсты выразалі амаль усіх местачковых людзей.  Як сведчыць гісторыя, і пазней  не шанцавала замку і яго люду. Крэпасць разбуралі і аднаўлялі, зноў разбуралі… Але яна паўставала над Нёманам як магутны і непераможны волат.

Пра друкарню

Радзівілы першымі сярод магнатаў Вялікага Княства Літоўскага асэнсавалі неабходнасць кнігадрукавання і пачалі рабіць адпаведныя захады дзеля пашырэння гэтай справы. Мікалай Радзівіл Чорны падтрымліваў кнігавыдавецтва ў Берасці і Нясвіжы. Яго старэйшы сын заснаваў друкарню ў Вільні.  Працавала друкарня і ў Любчы. Сваім росквітам яна  абавязана дзейнасці мецэната Крыштафа ІІ Радзівіла. Планавалася нават, што тут будзе паперня. Па просьбе Радзівілаў у 1612 годзе з Вільні ў Любчу перанёс свой друкарскі варштат Пётр Кміта. Тут яго дзейнасць працягвалася больш як трыццаць гадоў і за гэты час пабачылі свет кнігі больш як 100 назваў. Выдавалася літаратура па гісторыі, геаграфіі, хіміі, астралогіі, ветэрынарыі, медыцыне. Сярод кніг — нотны зборнік, першы медыцынскі дапаможнік, першы зборнік мясцовага фальклору з тлумачэннямі на латыні і з прыведзенымі паралелямі з нямецкай і італьянскай моваў.

Выдаваліся і творы паэтаў, празаікаў, бо тыя ахвотна супрацоўнічалі з друкарняй. У Любчанскіх аўтарах былі паэт і навуковец Даніэль Набароўскі; філосаф,  педагог, вучоны-фалькларыст i этнограф Саламон Рысінскі — першы чалавек, які сам сябе назваў беларусам. Друкарня праіснавала да 1655 года.

Пра кампазiтара Набокава

Мікалай Набокаў  — аўтар шматлікіх балетаў і сімфоній, арганізатар сусветных музычных фестываляў, многія гады генеральны сакратар музычнай секцыі ЮНЭСКА. А нарадзіўся ён тут, у Любчы, у 1903 годзе. Ён — сваяк сямейства Святаполк-Мірскіх і стрыечны брат вядомага рускага пісьменніка Уладзіміра Набокава. Яшчэ ў дзяцінстве Мікалай захапіўся музыкай, а таму заўзята вучыўся іграць на старым раялі, які быццам бы блаславіў сам Чайкоўскі.

У Любчанскім замку Мікалай Набокаў жыў з 1908 па 1911 гады, пакуль уся сям’я не пераехала ў Пецярбург. Адтуль кожнае лета падчас канікулаў ён наведваўся ў Любчу — сядзібу сваёй маці, любаваўся цудоўнымі краявідамі, удыхаў гаючае паветра.  У 1917 годзе Мікалай разам з маці і братамі адправіўся ў эміграцыю. За мяжой старанна вучыўся ў кансерваторыях, наведваў фартэпіянныя заняткі. Пазней, калі перабраўся ў Парыж, закончыў Сарбону і атрымаў ступень бакалаўра мастацтваў.

Набокаў быў не толькі кампазітарам і музыкантам, але і таленавітым літаратарам. Яго біяграфічная кніга «Багаж» перакладзена на рускую мову. Памёр Набокаў у 1978 годзе.

Любчане не забываюць свайго славутага земляка і сёлета  ў яго гонар правялі музычны фестываль. У якасці ганаровых гасцей прысутнічалі прамыя нашчадкі Святаполк-Мірскіх — Марыя, а таксама Ірэна Антуанета Станіслава з дачкой Алівіяй.

Пра святую крынiцу

Непадалёк Любчы спрадвеку б’е крыніца, якая, паводле падання, валодае гаючымі якасцямі. Знаходзіцца  яна на «Святой гары». Мясцовыя жыхары распавядаюць, што крыніца з’явілася тут пасля таго, як па пагорку прайшла Багародзіца. Многія, хто ведалі пра гэта і мелі патрэбу  пазбавіцца хваробаў, ішлі да крынічкі памаліцца, набраць святой вадзіцы. Кажуць, пілі празрыстую чысцюткую святую ваду — і выздараўлівалі, а затым неслі ў знак удзячнасці свае ахвяраванні.

Крыніцу абклалі камянямі, збудавалі драўляны зруб для збору вады.  Паставілі два крыжы.

 

Пра аднаўленне спадчыны

Любчанскі замак узвышаецца на высокім беразе магутнай ракі Нёман, якая цячэ ля яго серпантынам і стварае жывапісныя краявіды. Калі стаіш на самым краі гэтай замкавай гары, адчуваеш сябе вольнай птушкай,  якая вось-вось расправіць крылы і высока ўзнімецца ў неба, каб налюбавацца непаўторнай прыгажосцю. Ахоплівае трапяткое пачуццё гонару за родны край, яго мужных, працавітых, шчырых і таленавітых людзей.  Думаю, той, хто трапляе сюды, мае такія ж адчуванні. Невыпадкова мясцовы жыхар Іван Антонавіч Пячынскі вырашыў узнавіць старажытны замак — былы цэнтр духоўнай культуры. Яго актыўна падтрымалі брат, мясцовыя жыхары, розныя гісторыка-краязнаўчыя таварыствы, валанцёры з Беларусі і замежжа, прадпрымальнікі і буйныя кампаніі. Быў створаны дабрачынны фонд «Любчанскі замак». Гэта першая ў Беларусі старажытная крэпасць, якая ўзнаўляецца стараннямі энтузіястаў, дзякуючы грамадскай ініцыятыве. І калі мы завіталі сюды, убачылі моладзь, якая працавала на рэстаўрацыі ўязной брамы-вежы. Кутняя вежа была ўжо адноўлена, вабіла сваім хараством. Адноўлена і частка колішняга абарончага мура. Але Міністэрства забараніла выводзіць яго на вышыню 6 метраў, як было раней, бо тады з мястэчка і парку не будзе відаць палац. Упарадкоўваецца замчышча. Работы шмат, але энтузіясты ўпэўнены: іх задума будзе абавязкова ажыццёўлена.

 

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *