Зорнае выступленне Яўгена Доліча

Общество

Настойлівы і таленавіты, Жэня зноў парадаваў сваім творчым поспехам. На гэты раз — на ХІ Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2011», прысвечаным 70-годдзю Уладзіміра Мулявіна. У конкурсе маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні ён заняў трэцяе ганаровае месца. У выкананні адоранага спевака з Чэрвеня прагучалі дзве песні: “Ты мне вясною прыснілася” з рэпертуара славутага ансамбля “Песняры” і “Музыкант”, напісаная Аленай Атрашкевіч — Жэніным педагогам па вакалу. Юнак надзвычай тонка і кранальна перадаў глыбіню, прыгажосць гэтых твораў, чым  узрушыў не толькі простых слухачоў, але і прафесіяналаў высокага кшталту. “І пальецца музыка да нябёс, гэта светлы рэквіем, гэта лёс!” — усхвалявана спяваў Жэня, перадаючы шчымлівыя, трапяткія пачуцці, звязаныя таксама з жыццём і творчасцю вядомага беларускага музыкі Уладзіміра Мулявіна.

І Маё сэрца спявала ад таго, што сын меў такі вялікі поспех, — зазначае Любоў Доліч, мама Жэні.

Усе гэтыя дні яна знаходзілася ў Маладзечна, куды прыехала, каб падтрымаць сына. Ад убачанага і перажытага на фестывалі ў яе засталіся яркія ўражанні, з якімі яна ахвотна падзялілася:

— Гэты конкурс прыраўноўваецца па значнасці да «Славянскага базару», таму мы з сынам вельмі хваляваліся.  Усяго прымаў удзел 21 канкурсант — па тры ад кожнай вобласці. У красавіку ішоў строгі адбор, і мне было радасна, што Жэня трапіў у тройку прадстаўнікоў. А цяпер трэба было пацвердзіць сваю невыпадковасць, права выступаць на гэтай сцэне. Вядома, вялікая адказнасць. І, канешне, хацелася перамагчы. Жэня выступіў дастойна. Я вельмі ўдзячна лёсу, што ён займаецца ў таленавітага педагога — Алены Віктараўны Атрашкевіч. Гэта непасрэдна і яе вялікі ўклад у тым, што сын мае высокія  вынікі.

У фестывальныя дні, акрамя конкурсу, было шмат канцэртаў, творчых сустрэч, вечароў паэзіі. Прысутнічала і я на адным з такіх вечароў, прысвечаным творчай сустрэчы з кампазітарамі Аленай Атрашкевіч і Алегам Елісеенкавым. Тут, у канцэртнай зале музычнага вучылішча імя Агінскага, выступалі зусім юныя выканаўцы песняў Алены Віктараўны.  Мой сын таксама выступіў з песняй “Музыкант”, акампанавала яму сама выкладчыца. Усё гэта мяне вельмі ўзрушыла, з пачуццём вялікай мацярынскай удзячнасці я прыпаднесла букет Алене Віктараўне. Кампазітар і спявак Алег Елісеенкаў сам  выконваў уласныя песні. Было вельмі цікава. А на заканчэнне творчага вечара ўсе спевакі разам выканалі “Гімн Маладзечна”.

Дарэчы, гэты горад мяне уразіў сваёй прыгажосцю і ўтульнасцю — паркамі, фантанамі з падсветкай, летнім амфітэатрам, штучным возерам і каналам… І тым светлым настроем, што панаваў на фестывалі. Радавалася сэрца. І зараз яшчэ раз хачу сказаць вялікі  дзякуй першаму настаўніку майго сына Сяргею Іванавічу Дзенісевічу — работніку Дома дзіцячай творчасці Чэрвеня, які даў зялёнае святло Жэні на сцэну.

Яўген Доліч атрымаў права на стыпендыю прэзідэнцкага фонду Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Сёлета ён паспяхова закончыў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў і паступіў у Беларускі Дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Віншуем!

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *