З тугою можаш ты не жыць, а з гумарам ты жыць абавязаны…

Общество

Пад такім дэвізам прайшла пятніца 16 верасня для настаўнікаў раёна. У гэты дзень чацьвёртая школа прымала самых вясёлых і знаходлівых педагогаў. Назбіралася 7 каманд: «Девчонки — второшкольницы» са школы №2 г.Чэрвеня, зборная каманда гімназіі і школы №3 г. Чэрвеня «Мы — 1 и 3», гаспадары сцэны каманда «Разноцветные мелки» з чацвёртай школы, дзве смілавіцкія каманды «По локоть в меле» з першай школы і «Слава продакшн» з другой, а таксама запольская каманда «За полем» і «Турецкие бродяги».

Барацьба была гарачай. Актавую залу напаўнялі звонкі смех і апладысменты. Каманды прадэманстравалі даволі высокі ўзровень жартоўнай падрыхтаванасці. Узгадваліся ўсе аспекты настаўніцкага жыцця. Тут былі і іспыты на веданне Кодэксу аб адукацыі, нечаканыя праверкі, хатнія клопаты, прэміі і зарплаты, праца і адпачынак. Гледачы атрымалі вялікую асалоду ад убачанага. Пасля невялічкай нарады былі аб’яўлены вынікі:  пераможцамі сталі самыя вясёлыя і знаходлівыя настаўнікі з каманды «Слава продакшн» з СШ№2 г.п.Смілавічы.

Пасля заканчэння свята (гэта было менавіта свята) па школе яшчэ доўга гулялі весялосць і смех. Некаторыя ўспаміналі найбольш гарачыя прыколы, а некаторыя нават прыдумвалі жарты для новай праграмы. Што ж будзем чакаць наступнага верасня, каб зноў сустрэцца адной вялікай сям’ёй і падарыць адзін аднаму безліч станоўчых эмоцый.

Андрэй Суша,

капітан каманды «Слава продакшн»

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *