Урок правялi письменнiкi

Общество

«СЫШЛІСЯ КЛАСНЫЯ «СЯМЕЙКІ» НА ЎРАЧЫСТУЮ ЛІНЕЙКУ…» Такімі ўзнёслымі словамі распачаўся Дзень ведаў у Грабёнскай школе.

Сардэчна прывітаў прысутных дырэктар школы Мікалай Барбук. Ён пажадаў вучням (а іх сёлета тут — 92 і 16 выхаванцаў дзіцячага садка) лёгкай вучобы і пабольш выдатных адзнак у дзённіках, бацькам — штодня сустракаць сваіх дзяцей з усмешкамі і добрым настроем. А яшчэ шчыра падзякаваў усім, хто спрычыніўся да рамонту навучальнай установы і аказаў ёй фінансавую падтрымку.

Незвычайным і запамінальным атрымаўся ў  школе і першы ўрок па тэме «Твая зямля, твая Радзіма названа светла — Беларусь», на які ізноў тут сабраліся ўсе разам. А правялі яго шаноўныя госці — пісьменнікі Васіль Жуковіч і Міхась Скобла, супрацоўнік часопіса «Пралеска» Міхась Шавыркін, артыстка камернага хору Рэспублікі Беларусь Таццяна Матафонава (на здымку)

Васіль Жуковіч прадэкламаваў уласныя вершы — пра Беларусь, яе дзеячаў, беларускую мову, на іншыя тэмы, прачытаў літаратурныя пародыі, пазнаёміў з перакладамі з іншых моў, распавёў аб сваім пункце гледжання на паняцце «малая радзіма».

Таццяна Матафонава цудоўна праспявала пад гітару беларускія песні, пачаўшы з музычнага твора пра першы званок, да якога сама напісала музыку. Адметны голас, багатая міміка, добрае валоданне музычным інструментам… Ніхто не застаўся абыякавым. А як узнёсла-ўрачыста прагучаў у гэтай зале паланез Агінскага «Развітанне з Радзімай» у яе выкананні! Сапраўды, мурашкі па скуры… І гонар за сваю краіну, якая падаравала свету столькі выдатных сыноў і дачок…

Эмацыянальна распавёў пра Беларусь і беларусаў Міхась Скобла. Усё, што ўражвае яго ў жыцці, ён выкладае ў вершах. Касцёл у лесе, адданасць мастака Марка Шагала роднаму Віцебску, копка бульбы, што натхніла на «Оду баразне»… Усе меркаванні паэта з цікавасцю ўспрынялі прысутныя. Са сваімі думкамі па азначанай тэме пазнаёміў таксама Міхась Шавыркін.

І хаця гэты незвычайны ўрок доўжыўся больш за традыцыйныя 45 хвілін, ніхто не глядзеў на гадзіннік з дакорам. Настолькі цёплая, па-хатняму ўтульная атмасфера панавала ў зале… Настолькі нязмушана з вуснаў гасцей лілася мілагучная беларуская мова…

— Да кожнага сэрца даляцела часцінка вашай любові да нашага роднага краю, — зазначыў, звяртаючыся да іх з падзячным словам, дырэктар школы Мікалай Барбук. — Думаю, што вучні цяпер яшчэ раз перагледзяць мінулае, успомняць былое і задумаюцца: «А што я здолею зрабіць для нашай сінявокай Беларусі?» Спадзяюся, што гэта — не апошняя такая сустрэча. Мы заўсёды рады бачыць вас — сапраўдных майстроў беларускага слова, сыноў і дачок сваёй Радзімы…

Святлана АДАМОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *