Свята дзiцячага футбола

Спорт

 

У суботу на гарадскім стадыёне аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама наладзіў для выхаванцаў спартыўных школ Чэрвеня, Мар’інай Горкі, Беразіно, Смалявічаў і Лагойска 1999-2000 гадоў нараджэння цудоўнае свята дзіцячага футбола — турнір на прызы першага трэнера Чэрвеньскай ДЮСШ па гэтаму віду спорту Леаніда Міхайлавіча Корзуна.

Ураджэнец вёскі Клінок Леанід Корзун вельмі шмат зрабіў для развіцця і папулярызацыі гульні нумар адзін у нашым раёне. У дзяцінстве і юнацтве ён сам добра гуляў у футбол: станавіўся чэмпіёнам вобласці і рэспублікі сярод сельскіх спартсменаў, удзельнічаў ва ўсесаюзных спаборніцтвах, перамагаў у чэмпіянатах па боксу і лёгкай атлетыцы на самым высокім узроўні. За 13 гадоў працы трэнерам па футболу ў Чэрвеньскай ДЮСШ Леанід Міхайлавіч неаднаразова выводзіў нашы каманды ў пераможцы і прызёры  абласных спаборніцтваў, падрыхтаваў 10 чэмпіёнаў БССР сярод школьнікаў. Яго выхаванцы выступалі за каманду майстроў «Дынама» (Мінск) і юнацкую зборную краіны…

Падчас урачыстага адкрыцця турніру Леанід Корзун пажадаў яго ўдзельнікам настойліва трэніравацца, павышаць майстэрства і выказаў надзею, што сярод іх з’явяцца новыя зоркі айчыннага футбола.

На першым этапе спаборніцтваў каманды ўтварылі дзве групы. У групу «А» трапілі футбалісты Беразіно, Лагойска і другая каманда Смалявічаў, у групу «Б» — выхаванцы спартшкол Чэрвеня, Мар’інай Горкі і першая каманда Смалявічаў. Вынікі матчаў наступныя: «Беразіно» — «Лагойск» — 1:0, «Чэрвень» — «Смалявічы-1» — 3:1, «Беразіно» — «Смалявічы-2» — 7:0, «Чэрвень» — «Мар’іна Горка» — 0:4, «Мар’іна Горка» — «Смалявічы-1» — 6:0, «Лагойск» — «Смалявічы-2» — 13:1.

У гульні за трэцяе месца чэрвеньцы перамагалі каманду Лагойска — 5:1, а ў фінале мар’інагорскія футбалісты не пакінулі шанцаў бярэзінцам — 9:1.

Пераможцы і прызёры турніру ўзнагароджаны Граматамі і медалямі. Грамату лепшаму іграку ў складзе каманды Чэрвеньскай СДЮШАР атрымаў Дзіма Белабароды. Яшчэ адзін наш юны футбаліст, Дзіма Колтун (на здымку), заахвочаны прызам за перамогу ў конкурсе «Жангліраванне мячом», які прайшоў у рамках спаборніцтваў.

 

 

 

ЛЮДМІЛА ПАЕДЗЕ Ў ЛОНДАН

Ураджэнка Смілавічаў Людміла Валчок заваявала ліцэнзію на ўдзел у летніх Паралімпійскіх гульнях-2012 у Лондане.

На спаборніцтвах па адаптацыйнай грэблі сярод спартсменаў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі ў рамках чэмпіянату свету па акадэмічнай грэблі, які днямі завяршыўся ў Славеніі, наша зямлячка у стартавым заездзе заняла трэцяе месца і трапіла ў лік удзельніц «суцяшальнага» заезду. Там яна фінішавала на другой пазіцыі, чым забяспечыла сабе  пуцёўку у Лондан і магчымасць працягнуць барацьбу за медалі. У фінале спаборніцтваў Людміла паказала шосты вынік.

— Я вельмі рада апынуцца ў ліку ўдзельніц лонданскай Паралімпіяды, — пракаментавала яна сваё выступленне. — Заваяваўшы два залатыя і два бронзавыя медалі ў Ванкуверы, я меркавала, што змагу атрымаць допуск і на летнія Гульні-2012. Не ведаю, ці атрымаецца ў мяне змагацца за ўзнагароды на гэтым планетарным форуме, але да спаборніцтваў у Лондане паспрабую падысці ў выдатнай форме, каб быць адной з прэтэндэнтак на медалі.

 

БЕЗ МЕДАЛЁЎ, АЛЕ З ПРЭМІЯЙ…

Ураджэнкі Чэрвеня Святлана і Ілона Усовічы выступілі на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў паўднёвакарэйскім горадзе Дэгу. Эстафетная каманда ў бегу 4х400 метраў, за якую яны беглі разам з Ганнай Ташпулатавай і Юльянай Юшчанка, прабіліся ў фінал спаборніцтваў і заняла там шостае  месца. Паводле ацэнак спецыялістаў, гэта добры вынік, калі ўлічыць, што нашы спартсменкі апынуліся ў кампаніі з бягуннямі ЗША, Ямайкі, Расіі, Украіны, Вялікабрытаніі.  Дарэчы, за шостае месца яны павінны атрымаць ад Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі 8 тысяч долараў прэміяльных на каманду.tc «У суботу на гарадскім стадыёне аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама наладзіў для выхаванцаў спартыўных школ Чэрвеня, Мар’інай Горкі, Беразіно, Смалявічаў і Лагойска 1999-2000 гадоў нараджэння цудоўнае свята дзіцячага футбола — турнір на прызы першага трэнера Чэрвеньскай ДЮСШ па гэтаму віду спорту Леаніда Міхайлавіча Корзуна.

 

ДЗЯНІС ЗАБІЎ І ЗА «СМАЛЯВІЧЫ»

Выхаванец чэрвеньскага футбола Дзяніс Трапашка адкрыў лік сваім галам за каманду «Смалявічы» ў другой лізе чэмпіянату Беларусі. Ён двойчы вызначыўся ў дамашнім матчы з калінкавіцкай «Вертыкаллю», які скончыўся з лікам 3:0 на карысць смалявіцкіх футбалістаў. Дарэчы, у спісе бамбардзіраў другой лігі Дзяніс Трапашка зараз займае чацвёртае месца. Усяго ён забіў 14 мячоў. З іх 12 — за каманду «Зорка-БДУ», з якой не так перайшоў у «Смалявічы».

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *