Станіслава Баркоўская і яе «БОНДА»

Люди и судьбы

Кожны чалавек — як непрачытаная кніга. Варта толькі праявіць цікавасць — і апынаешся ў віры ўласцівай яму адметнасці, жыццёвых эпізодаў, учынкаў, якія ўвасабляюць у сабе подых мінулага і аблічча сённяшніх дзён…

Яны побач з намі, гэтыя людзі. Часам незаўважныя з-за таго, што мы мала або зусім нічога не ведаем пра іх.

У публікацыях пад новай рубрыкай «Суботнія сустрэчы» якраз і маецца намер  знаёміць вас, шаноўныя чытачы, з жыхарамі Чэрвеньшчыны, якія маюць што сказаць пра сябе, свае захапленні,  месца ў грамадстве.  Будзем  удзячны кожнай прапанове на сустрэчу з такім чалавекам.  А сёння прадстаўляем першую нашу суразмоўцу.

Даўні звычай паслужыў падказкай…

Карэспандэнт:

— Краязнаўчы клуб, які Вы, Станіслава Чаславаўна, узначальваеце, мае прыцягальна-таямнічую назву. Адкуль яна?

Станіслава Чаславаўна: — Калі мы арганізаваліся, а было гэта амаль восем гадоў таму, узнікла пытанне як назваць наш клуб. Узгадалася, што ёсць даўні беларускі звычай узаемапачастунку. Называецца ён «бонда». Сэнс такі: людзі, калі мелі што лішняе, абавязкова частавалі гэтым суседзяў. У аднаго ўраджайны год на яблыкі, а ў другога  ў садзе іх няма — дык дзяліліся. Калі пчаляры адкачвалі мёд, то таксама частавалі іншых. Гаспадыні спечаны хлеб неслі суседкам. А калі ўлічыць, што кожная сям’я пякла яго ў пэўны вызначаны дзень — хто ў аўторак, хто ў сераду, чацвер, пятніцу, ён меўся ў іх на стале ўвесь тыдзень свежым. Такімі вось мудрымі і гасціннымі былі даўней продкі. А ў нашым клубе мы паставілі перад сабой мэту частаваць адзін аднаго ведамі пра свой край і рашылі даць назву «Бонда». На першым часе на пасяджэнні клуба кожны прыходзіў з пачастункамі. Накрывалі ў раённым краязнаўчым музеі вялікі стол, за якім пад каву і гарбату размаўлялі на краязнаўчыя тэмы, праглядалі нашы фотаздымкі, абмяркоўвалі матэрыялы, якія мелі.

Было нас тады трынаццаць чалавек, затым пятнаццаць. Паступова далучаліся новыя сябры. Цяпер клуб наведваюць ужо каля  трыццаці чалавек. І ў кожнага ёсць пэўныя  інтарэсы, свая зацікаўленасць. Месца за тым  сталом усім ужо не хапае, посуду — таксама. Будзем шукаць нейкае выйсце…

Кар.: — А як узнікла ідэя стварэння клуба?

С.Ч.: — Калі я працавала ў раённым аддзеле адукацыі, арганізоўвала экскурсіі настаўнікаў, вучняў па мясцінах нашых знакамітых пісьменнікаў. Наведвалі і гістарычныя месцы. Потым перайшла на працу ў раённы краязнаўчы музей. Аднойчы гарталі з супрацоўнікамі планы работы іншых музеяў і заўважылі, што пры некаторых з іх створаны краязнаўчыя клубы. Рашылі і мы мець такі. Тым больш, што ён ужо, можна сказаць, выспеў у асяроддзі настаўнікаў, з якімі мне даводзілася вандраваць. Яны і сталі першымі сябрамі клуба “Бонда”: Святлана Іванаваўна Бабровіч, Галіна Іванаўна Дубовік, Галіна Віктараўна Осіпава, Валянцін Уладзіміравіч Чарнавец, яго жонка Ларыса Мікалаеўна Марэніна, Уладзімір Георгіевіч Дарагуж і іншыя.

Кар.: — Ад кагосьці з сяброў клуба чула, што Вы  падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце былі апантанай турыстычнымі паездкамі…

Станiслава Баркоўская

С.Ч.: — Больш таго, на філалагічным факультэце мне давялося чатыры гады ўзначальваць студэнцкі будаўнічы атрад. А гэта таксама вандроўкі па Беларусі. Займаліся мы меліярацыяй, былі і на Чэрвеньшчыне. У прыватнасці, асушалі балоты вакол вёсак Горкі, Аляксандраўка, Забор’е… Усе каналы, якія там, гэта справа нашых рук. Ёсць такія месцы і ў Бярэзінскім раёне. За выніковую шчырую працу нас заахвочвалі паездкамі. Такім чынам мы пабывалі ў Ленінградзе, Кіеве, Кішынёве… Усім сваім атрадам дружненька вандравалі. З таго часу гэта стала маёй неад’емнай часткай жыцця ў Мядзелі, дзе пасля вучобы працавала ў Нарачанскім экскурсійным бюро, і тут, на Чэрвеньшчыне.

 

УЗГАДАЛАСЯ БАЛОТА — І ПАЕХАЛІ…

 

Кар.: — А на Чэрвеньшчыне як апынуліся?

С.Ч.: — Мужу прапанавалі новае месца працы. На выбар — Халопенецкі завод, Любанскі ці Чэрвеньскі. Пра Халопенечы я мела ўяўленне, бо студэнткай была там на фальклорнай практыцы. У Любань увогуле не наведвалася. А Чэрвень добра ведала па будаўнічаму атраду. Падумала і  кажу мужу: “Паедзем у Чэрвень, там хоць балота роднае”. Так вось лёс павярнуўся…

Кар.: — І разам з рэчамі прывезлі сюды гэтае сваё апантанае захапленне?

С.Ч.: — А куды ад яго падзенешся, калі яно стала тваёй сутнасцю…

 

«ВЕДАЙ НАШЫХ!»

 

Кар.: — А з чаго пачынаў клуб “Бонда”?

С.Ч.: — З таго, што датычыць Чэрвеньшчыны. У нас была нават такая рубрыка “Ведай нашых!”. Пад ёю праходзілі вечары-сустрэчы з адметнымі землякамі. У прыватнасці, з мастаком Генадзем Матусевічам. Вывучалі краязнаўчы слоўнік ураджэнца вёскі Старына Мікалая Шатэрніка. І пра многіх іншых чэрвеньцаў гаварылі. А потым пачалі ўжо браць крыху шырэй — рабіць вандроўкі па знакамітых месцах раёна. Напачатку была вёска Кукушка, а пры ёй — помнік загінуўшым у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. У Праўдзе і Кутузаўцы даведаліся, якія назвы мелі гэтыя вёскі раней, пра іх гісторыю. Ва ўсіх выклікала таксама цікавасць наведванне Раваніч, Раваніцкай Слабады.  Там нам хацелася пабачыць  месцы, дзе некалі на беразе ракі Уша меліся прамысловыя прадпрыемствы Слатвінскіх. Паводле ўспамінаў, былі цагельня, шкляны завод, дывановая фабрыка. Дарэчы, дываны, якія выраблялі тут, на Ігуменскай зямлі, карысталіся вялікім попытам за мяжой — і на Захадзе, і на Ўсходзе. На жаль, нічога не засталося…

А потым мы пачалі вандраваць па ўсёй нашай краіне.

 

ТУРЫСТЫЧНЫЯ МАРШРУТЫ

 

С.Ч.: — Першая паездка была праз Мінск у Ракаў. Туды мы патрапілі якраз напярэдадні святкавання літаратуразнаўцам, перакладчыкам, аўтарам шэрагу манаграфій па тэорыі, практыцы і гісторыі беларускай літаратуры, паэтам Вячаславам Рагойшам юбілею. Ён запрасіў нас у свой музей, які стварыў у бацькоўскай хаце. Расповед Вячаслава Пятровіча выклікаў у нас захапленне. Але яшчэ большае — рэдкія экспанаты.

Нашы турыстычныя маршруты ўключалі ў сябе багатыя на духоўную культуру мясціны: Крэва, якое знакамітае замкам, дзе была падпісана Крэўская ўнія, што паклала пачатак магутнай дзяржаве — Рэчы Паспалітай, старажытнае мястэчка Гальшаны з былым палацава-замкавым комплексам, рэзыдэнцыяй магнацкага роду Сапегаў,  радзівілаўскі Нясвіж,  Косава, дзе палац Пуслоўскіх і старадаўняя сядзіба Касцюшкаў разам з паркам ствараюць унікальны палацава-паркавы ансамбль, і іншыя.

Чатыры гады запар наведваліся на два дні з начоўкай у Браслаў з яго цудоўнымі азёрамі. А ўсяго за час існавання клуба “Бонда” было амаль сорак турыстычных паездак, у якіх мы духоўна абагаціліся. Бо кожнае наша вандраванне вельмі насычана цікавымі звесткамі, магчымасцю на свае вочы пабачыць, чым багатая і прыгожая наша Беларусь. І вось што цікава: ніводнага разу нам не перашкодзіла дрэннае надвор’е. Бывала, што вакол дождж, а там, дзе мы,  — няма, альбо пачынаецца пасля таго, як ад’едзем. Спадарожнічала нам надвор’е і калі паехалі ў Рым. Кіраўнік турыстычнага агенцтва ў Мінску, дзе пастаянна замаўляем экскурсію і аўтобус, ужо не здзіўляецца гэтаму. Аднойчы, калі мы сабраліся ў чарговую вандроўку, з раніцы ліў дождж. Яе бабуля кажа: “Воля, куды ты вязеш людзей — такі дождж на дварэ…” А яна ў адказ: “Не турбуйся, бабуля, бо гэта —  Чэрвень. А калі едуць чэрвеньцы, то заўсёды цудоўнае надвор’е!” Так яно і было.

Кар. — Кажуць, добрым людзям Усявышні спагадае…

С.Ч.: — У нас сапраўды такія…

Кар.: — А як выбіраеце маршруты?

С.Ч.: — Улічваем пажаданні сяброў клуба. Затым з супрацоўніцай нашага музея Галінай Мікалаеўнай Кузьміной, якая таксама адна з першых заснавальнікаў “Бонды” і актыўных  ўдзельнікаў, распрацоўваем яго, дапаўняем сваімі прапановамі афіцыйны маршрут. Паглядзім па карце, што побач мясціны цікавыя, — і ўключаем іх. Так сталася, напрыклад, з паездкай у Оршу. Прапаноўвалася наведаць толькі гэты горад. Але як не скарыстаць магчымасць завітаць і ў іншыя адметныя тутэйшыя мясціны? У прыватнасці, летапісны Друцк, слаўныя Ляўкі з летнікам Янкі Купалы, Александрыю — радзіму нашага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі…

Так вось кожны раз уносім свае прапановы.

Кар.: — І Вам ідуць насустрач?

С.Ч.: — Заўсёды. З намі ўвогуле любяць супрацоўнічаць, бо бачаць у кожным не фармальнае жаданне кудысьці з’ездзіць, а шчырую зацікаўленасць як мага болей пазнаць. Таму ахвотна ўносяць карэктывы з улікам нашых пажаданняў. А часам і самі падказваюць, што яшчэ адметнае можна наведаць, і экскурсавод рыхтуе адпаведны матэрыял.

 

КОЖНАЯ ПАЕЗДКА МАЕ СВОЙ ПРАЦЯГ

 

С.Ч.: — Многія сябры нашага клуба маюць лічбавыя фотаапараты. Хтосьці адзін ахапіць экскурсію не можа, таму здымаюць усе. Затым мы гэта змяшчаем у кам’ютар і атрымоўваецца вельмі цікавае паўторнае падарожжа. Удалыя фотаздымкі ў завуча Валевачоўскай школы Алены Яўгенаўны Макась. Яна ўмее выбіраць ракурс. Тое ж можна сказаць і пра Уладзіміра Георгіевіча Дарагужа. Ён не толькі здымае, а і на відэа запісвае некаторыя фрагменты вандровак. Цікавыя здымкі атрымоўваюцца і ў Галіны Віктараўны Осіпавай. Потым усё гэта праглядаем, абмяркоўваем. Часам смяёмся самі з сябе: хтосьці не туды загледзеўся, у кагосьці недарэчнасць нейкая здарылася… Весела на такіх пасяджэннях “Бонды”.

Кар.: — Пазнанае вамі ў вандроўках мае яшчэ які-небудзь працяг?

С.Ч.: — Канешне. Настаўнікі “частуюць” (узгадайце сэнс народнага звычаю бонда) гэтым набыткам вучняў, мы дзелімся з роднымі, знаёмымі. Глядзіш, хтосьці таксама зацікавіўся — і ў чарговай паездцы ўжо новыя людзі…

Кар.: — Колькі іх бывае?

С.Ч.: — Камфартабельны экскурсійны аўтобус умяшчае 47 чалавек. Апроч вадзіцеля і экскурсавода, усе астатнія з Чэрвеня і раёна.

Кар.: — Вы ўвесь час называлі настаўнікаў, а хто яшчэ вандруе ?

С.Ч.: — Ой, зараз нават цяжка пералічыць хто. Бухгалтары, медыкі, юрысты, пенсіянеры… Людзі розных прафесій і рознага ўзросту. Апошнім часам вельмі актыўна далучаецца моладзь. У нядаўняй нашай паездцы на Гродзеншчыну мы пераадолелі за адзін дзень 650 кіламетраў. Гэта вельмі многа. Але калі ў добрым настроі ды з добрым экскурсаводам, у сяброўскай атмасферы, з жартамі — дык і незаўважна было вялікай стомленасці. А мы ж яшчэ і подбегам спяшаліся ўсюды, каб болей пабачыць і пачуць…

Увогуле, заўсёды атмасфера вельмі прыемная. Вось адна толькі дэталь. Калі жанчыны выходзяць з аўтобуса, ім прыветна прапаноўваюць руку, каб не аступіліся…

Часта бывае так, што, паехаўшы з намі на экскурсію адзін раз, жадаюць і далей вандраваць. Сярод такіх — работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі Таццяна Іванаўна Гаўрыльчык. Ёй вельмі падабаецца, кажа: “Я гэтым жыву”. Калі прыязджае з Мінска дачка, і яе бярэ з сабою…

 

У ТЭАТР — ТАКСАМА

 

Кар.: — З надыходам  халадоў вандроўкі завяршаюцца?

С.Ч.: — Так. Вось і ў гэтую нядзелю мы завяршаем іх паездкай па маршруту Нарач — Камаі — Засвір — Шэметава. Але не завяршаюцца нашы сустрэчы. Кожную другую пятніцу месяца будзем наведвацца таксама пасля працоўнага дня ў тэатры Мінска. Звычайна з намі накіроўваецца і шмат моладзі.

Кар.: — А што трэба для таго, каб стаць сябрам клуба “Бонда”?

С.Ч.: — Усяго толькі завітаць у другую пятніцу кожнага месяца а 17-й гадзіне да нас у раённы краязнаўчы музей. Будзем рады кожнаму і пастараемся зацікавіць.

Гутарыла

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота

Уладзіміра ДАРАГУЖА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *