СЯРОД КВЕТАК І КУСТОЎ ТУТ ПАЎЛІНЫ ШПАЦЫРУЮЦЬ…

Общество

На сядзібе Яўгена і Таццяны Арлоўскіх у Астравах поўна дзівосаў. І бачыш іх яшчэ на падыходзе да брамкі. Над ёю гаспадар будуе прыгожы навес, які пакуль складаецца з узорнай асновы. Акурат пасярэдзіне стаіць… бусел. Не сапраўдны, вядома ж, але здалёк дык і падобны. Яшчэ цэлая бусліная сямейка размясцілася на коле над уваходам, а пад колам — ліхтар. Усе гэтыя аздабленні на фоне сайдынгу і кветак, якія вісяць на сценах, на фоне блакітнага неба з бялюткімі аблокамі прыемна лашчаць вока і цешаць душу. Той, хто ўразлівы да прыгажосці,  спадзяюся, мяне зразумее…

Зусім не злосна, хутчэй, для парадку брэша чорны калматы сабачка на ланцугу. А далей на колькі метраў узбоч сцежкі — найдзівоснейшае відовішча, дзе шматколернасць змяшалася з зелянінай, фігуры і фігуркі розных істотаў паядналіся з кветкамі і дэкаратыўнымі кустамі. Завяршаюць усю гэту вялізную кампазіцыю сялянскі вазок на колах ды самаробны драўляны млын. А самае цікавае, што на падворку Арлоўскіх нават шпакоўні адметныя — двухпавярховыя! Вось гэта вырашэнне «кватэрнага пытання» ў птушак!

Захоплена пазіраю на іх і раптам бачу, як з кустоў важна выплывае… паўлін. Вось гэта дзіва! Але, згледзеўшы чужую, ён пачынае непакоіцца і бегма накіроўваецца ў зараснікі. Паўлінаў у Арлоўскіх — пара. Прывёз іх гаспадар ажно з Віцебшчыны. Клапатліва даглядае, частуе рознымі прысмакамі… То семачак сланечніку купіць, то моркву патрэ… Гэтыя птушкі вольна ходзяць па падворку і нават спраўна лётаюць. Бо калі патрэбна было ладзіць «фотасесію», адзін з іх практычна адразу з разгону з рэзкім крыкам узляцеў на «гняздо», зробленае гаспадаром… А яшчэ ў Арлоўскіх ёсць фазаны, перапёлкі, куры розных парод, індакачкі… Гаспадары гадуюць свіней, актыўна займаюцца ўласнай падсобнай гаспадаркай. А Таццяна, да таго ж, працуе ў сталовай гімназіі №1 г.Чэрвеня — старшым поварам. І толькі дзіву даешся, як у яе на ўсё хапае часу! Бо не толькі вялізная тэрыторыя кветак патрабуе клапатлівых жаночых рук, а і немалы агарод — з буракамі, бульбай, гарбузамі ды іншым…

Зрэшты, як высветлілася з размовы, у гэтым сямействе не прынята дзяліць працу на мужчынскую і жаночую, усё імкнуцца рабіць разам. Яўген, напрыклад, частку кветак купляў і садзіў сам. Як трэба, дык і папалоць іх можа. А Таццяна дапамагае мужу збываць сельгаспрадукцыю, перапрацоўваць яе. 33 гады — такі сямейны «стаж» Арлоўскіх. Таму і разумеюць адно аднаго ўжо з паўслова. А ўвогуле, Таццяна ведае Яўгена… з 11 гадоў. Вось, як кажуць, і лічыце…

Увесь свой вольны час Арлоўскія аддаюць уласнай гаспадарцы. Рана ўстаюць, позна кладуцца. Прывыклі ўжо, да гарадскога жыцця не цягне. Са сваёй працы жывуць. І нават крызіс не збіў іх з абранага шляху. Мо, месяц, кажуць, пабылі ў цяжкой сітуацыі — і зноўку сталі на ногі.

Гэта, вядома, не можа не захапляць старонняга назіральніка. Як і тое, што ў Таццяны і Яўгена ёсць вялікія жаданне і ахвота займацца добраўпарадкаваннем сядзібы. Якіх толькі кветак ні вырошчваюць тут у сезон! Красуюць сярод кустоў гартэнзій і белай вярбы флёксы, рамонкі, цыніі, бальзаміны, ружы, каны, лілейнікі і лілеі, петуніі, настуркі, бягоніі, клеомы… А як прыгожа глядзяцца гладыёлусы ў акуратных аднолькавых абгародках, зробленых Яўгенам! Ён шмат чаго робіць з дрэва сваімі рукамі, пляце з прутоў. Кажа, што рабіў бы і больш, ды дужа шмат часу займае догляд «свінства» ды птушынага царства.

Самае цікавае, што ні ў Таццяны, ні ў Яўгена ў сем’ях, дзе яны гадаваліся, не было вялікай гаспадаркі. А гадоў пяць таму вырашылі завесці сваю — і не шкадуюць…

На падворку Арлоўскіх вельмі хораша, асабліва ўлетку. Таму прыязджаюць сюды з задавальненнем унукі. І родныя, і няродныя, зазначае Таццяна, але ўсе — свае. Нікуды больш не хочуць, толькі да бабулі. Вось і гэтым разам тут гасцявалі Ілья, Юля і Даша…

Штогод у Арлоўскіх з’яўляецца шмат новых задум па добраўпарадкаванні-ўпрыгажэнні сядзібы. У планах — зрабіць пасярод усёй прыгажосці фантан. Пажадаем ім поспехаў і ўдачы, здзяйснення ўсіх планаў і мараў!

Святлана АДАМОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *