Моладзь i дарослыя: супраць п’янства — разам

Молодежная политика

Трэці год запар пры нашай бібліятэцы працуе аб’яднанне «Маладзёжнае перакрыжаванне». На яго пасяджэнні мы запрашаем цікавых людзей, якія распавядаюць пра свае прафесіі, абмяркоўваем актуальныя пытанні і праблемы, што існуюць у нашым грамадстве.

 

Напрыканцы жніўня ўдзельнікі аб’яднання сабраліся на сустрэчу за «круглым сталом» пад назвай «Рука дапамогі». Яна ладзілася ў рамках абласной акцыі па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам у асяроддзі падлеткаў і моладзі.

Удзел у мерапрыемстве бралі намеснік пракурора раёна Дзмітрый Цыкал, урач-нарколаг Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бальніцы Васіль Шыкеля, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Чэрвеньскага РАУС Андрэй Мірановіч, спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алеся Акіншава, сацыяльныя педагогі, вучні гарадскіх школ, навучэнцы Чэрвеньскага прафесійнага будаўнічага ліцэя, студэнты ВНУ — жыхары Чэрвеня.

Кожны з гасцей распавёў аб наступствах п’янства і алкагалізму для асобнага чалавека ў прыватнасці і грамадства ў цэлым, аб уздзеянні, якое аказвае спіртное на малады арганізм, хваробах падлеткаў і моладзі, аб адказнасці, што прадугледжваецца за распіццё спіртных напояў і піва ў грамадскіх месцах, памерах штрафаў і г.д.

Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Андрэй Мірановіч, апрача ўсяго іншага, прынёс плакаты па тэме і прадэманстраваў відэаролік пра падлетка, які трапіў у месца пазбаўлення волі. Загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Галіна Ніціеўская падрыхтавала лістоўкі-памяткі «Служба экстранай псіхалагічнай дапамогі». Супрацоўніца тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алеся Акіншава прапанавала маладым людзям анкету, якую яны запаўнялі, і ўручыла кожнаму памятку «Алкагалізм, або Дзе ўзяць «тармазы»?» Вядучая сустрэчы, бібліятэкар Кацярына Лазарчук прачытала верш актыўнага няштатнага аўтара «Раённага весніка» Васіля Грэцкага з в.Іванічы «Аб п’янстве». Арганізавала сустрэчу загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Святлана Ждановіч.

Спадзяёмся, што прапанаваная для абмеркавання тэма нікога не пакінула абыякавым. І, можа, хтосьці з маладых людзей зменіць погляд на праблему і свае адносіны да спіртнога.

Наталля МАЛАНКА, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *