Чэрвеньскiм яслям-саду №1 — 20 гадоў

Общество

Гэтая дашкольная ўстанова адукацыі, пабудаваная па сучасным праекце, гасцінна адчыніла свае дзверы для маленькіх выхаванцаў і іх бацькоў 19 жніўня 1991 года. І вось ужо два дзесяцігоддзі будынак з чырвонай цэглы, размешчаны ў глыбіні вуліцы Мінскай, штораніцы, апрача выхадных, напаўняецца дзіцячымі галасамі, смехам, тупатам хуткіх ножак і… смачнымі пахамі ежы.

За 20 гадоў у дзіцячым садку шмат чаго змянілася. Ён папрыгажэў, зрабіўся па-хатняму ўтульным з дапамогай клапатлівых рук супрацоўнікаў і бацькоў, іх багатай фантазіі і шчырай зацікаўленасці. На тэрыторыі з’явіліся фантан, клумбы…

Першай загадчыцай садка была Кацярына Дзмітрыеўна Лазарчук, якая адшчыравала тут 10 гадоў. Другой і зараз працуе Галіна Канстанцінаўна Грынько.  Зноўку — цэлае дзесяцігоддзе.

Амаль з самага адкрыцця дашкольнай установы робіць намеснік загадчыцы ясляў-сада №1 г.Чэрвеня па асноўнай дзейнасці Жанна Мікалаеўна Барнавіцкая. Толькі напачатку гэтая пасада называлася — «метадыст».

— Разам са мной пачынала тут працаваць выхавальніца Ірына Дзмітрыеўна Пікулік, — тлумачыць яна. — А так, у асноўным, калектыў памяняўся. Многія маладыя спецыялісты выходзілі замуж і з’язджалі з Чэрвеня. А вось на працягу апошніх гадоў у нас — стабільны калектыў. Зараз гэта 37 чалавек. Сярэдні ўзрост — 45 гадоў. Ёсць значныя напрацоўкі — і па педагогіцы, і з вопыту работы з дзецьмі. У нас многія педагогі маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйныя катэгорыі. За апошнія гады некалькі чалавек скончылі вышэйшыя і сярэдне-спецыяльныя навучальныя ўстановы. Некаторыя вучацца і зараз, нягледзячы на «нестудэнцкі» ўзрост. Увогуле, выхавальнікі вопытныя, ведаюць псіхалогію дзіцяці, умеюць добра працаваць з бацькамі. Менавіта дзякуючы бацькам нашы групы папрыгажэлі. Шмат чаго яны робяць сваімі рукамі, дапамагаюць у набыцці цацак, гульняў, у тым ліку і развіваючых. Мы ўдзельнічаем у конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях, дзе займаем прызавыя месцы. Пастаянна абнаўляемся, шукаем і знаходзім… А інакш нельга. Толькі тады будзе развіццё… Стараемся таксама падтрымліваць стасункі з тымі, хто рабіў у садку раней, нашымі ветэранамі працы. Некаторыя прыйшлі з ясляў-сада з цэнтра горада, чыімі пераемнікамі мы і сталі, маюць вялікі стаж. Гэта Галіна Мікалаеўна Цераш, Яніна Іосіфаўна Дуцькова, Софія Афанасьеўна Цвірко, Марыя Іванаўна Сівакова, Варвара Сяргееўна Ляпёшка, Валянціна Мікалаеўна Мацівасян…

І яшчэ пра адметнасці садка, клопаты і турботы яго супрацоўнікаў — з вуснаў загадчыцы Галіны Канстанцінаўны Грынько.

— Зараз у нас 5 груп, — распавядае яна. — Дзве — спецыяльныя, кругласутачныя, адна — для дзяцей ранняга ўзросту і дзве — для дзяцей ад трох да шасці гадоў. Памяшканні абсталяваныя трансфармаванай мэбляй, там шмат разнастайных цацак, вельмі цёпла і ўтульна. Дзеці з задавальненнем наведваюць наш садок. Мы маем два карэкцыйна-педагагічныя пункты, гурткі па інтарэсах, спартыўна-трэнажорную і музычную залы… Зараз выхоўваем і навучаем 92 дзіцяці. Групы, па сутнасці, перапоўненыя. У прынцыпе, як і па ўсёй рэспубліцы, бо дзіцячыя садкі зараз запатрабаваныя бацькамі. Працуем з 7.30 да 18.00, кругласутачныя групы — з панядзелка па пятніцу. Сёлета да новага навучальнага года абсталявалі пакой для бацькоў. Будзем праводзіць там з імі гутаркі, кансультацыі, мерапрыемствы, сходы…  Жывём мы ў калектыве дружна, адной сям’ёй. Усе вельмі стараюцца — і педагогі, і тэхперсанал. У адным з конкурсаў на лепшую дашкольную ўстанову мы занялі другое месца. Ёсць шмат задум. Напрыклад, марым стварыць музейны пакой… цацкі. Усе атрымалі заданне знайсці іх даўнейшыя ўзоры…

Уражвае ў садку музычная зала — вялізнае светлае памяшканне сонечнага колеру з адмысловай мэбляй па ўзросту дзяцей.

— Тут мы праводзім шмат мерапрыемстваў, — тлумачыць намеснік загадчыцы Жанна Мікалаеўна Барнавіцкая, — у тым ліку і сумесныя з бацькамі. Актыўна працуе гурток па тэатральна-гульнявай дзейнасці, які арганізавала музычны кіраўнік Таццяна Віктараўна Падбільская. У ім з цікавасцю займаюцца як дзеці, так і дарослыя. Прыдумляюць касцюмы, дэкарацыі, ставяць цэлыя спектаклі і нават мюзіклы — да Новага года, 23 лютага, 8 Сакавіка, іншых датаў… Цікава праходзяць выпускныя балы, сцэнарыі якіх ніколі не паўтараюцца. А як у гэтым гуртку праяўляюць сябе дзеці! Тэатральная дзейнасць дапамагае ім раскрыцца як асобам. Нават самыя сарамлівыя становяцца настолькі артыстычнымі, што часам мы не пазнаём сваіх маленькіх выхаванцаў! Ладзім таксама спартыўныя і спартыўна-забаўляльныя мерапрыемствы, цікавыя выставы. Усё гэта прыцягвае бацькоў у наш садок. Яны — актыўныя ўдзельнікі навучальна-выхаваўчага працэсу…

Зразумела, гэта толькі кароткі аповед пра дашкольную ўстанову-юбілярку, дзе працуюць вопытныя педагогі, якія душу і сэрца ўкладваюць у клопатную справу выхавання малечы. Дзецям сапраўды тут лёгка, прыемна, цікава. Яны развіваюць свой кругагляд, гуляюць і вучацца, адпачываюць і з цікавасцю бавяць час, прывучаюцца да самастойнасці…

З юбілеем, садок! З юбілеем усіх тых, хто меў калісьці ці мае зараз самае непасрэднае дачыненне да гэтай дашкольнай установы. Здзяйснення творчых планаў, здароўя, поспехаў, удачы і шанцавання яго супрацоўнікам, хатняй утульнасці, мацярынскага клопату маленькім выхаванцам, задавальнення ад іх развіцця — бацькам.

Святлана АДАМОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *