Азы вершаскладання ад Генадзя Аўласенкi

Общество

Сёлетні год для нашага няштатнага аўтара, сябра пісьменніцкага Саюза, паэта, празаіка, драматурга, настаўніка хіміі і біялогіі Генадзя Пятровіча Аўласенкі пазначаны адметнай падзеяй. У мінскім выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшаў яго дапаможнік для пачынаючых паэтаў «Азы вершаскладання».

У анатацыі зазначана: «… своеасаблівы дапаможнік для ўсіх тых, хто робіць першыя крокі ў паэтычнай творчасці. Але не толькі для іх. Гэтае выданне будзе карысным і выкладчыкам мовы і літаратуры, і кіраўнікам літаратурных гурткоў ці аб’яднанняў, і, наогул, усім тым, хто цікавіцца паэзіяй». Рэцэнзію напісаў паэт, мовазнаўца, сакратар Праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў.

Ва ўступе «Ад аўтара» Генадзь Аўласенка так тлумачыць узнікненне гэтай кнігі: «Зразумела ж, не ўсе дзеці, якія пачынаюць пісаць вершы, стануць у будучым сапраўднымі паэтамі. Ды гэтага і не трэба. Больш таго: чалавек, які спрабуе пісаць вершы, не маючы для гэтага ніякага, нават самага маленькага таленту, можа з цягам часу ператварыцца ў самага звычайнага графамана. А можа, і не ператварыцца, а проста, цвяроза ўсё ўзважыўшы, перастаць займацца гэтай справай. І стаць прызнаным майстрам у нейкай іншай…

І ў гэтым яму таксама трэба дапамагчы. І тым больш трэба дапамагчы літаратурна адораным дзецям. Для гэтай мэты існуюць літаратурныя гурткі ці аб’яднанні, у школах, у дамах дзіцячай творчасці, пры бібліятэках і рэдакцыях. Усё гэта добра, але…

Усім гэтым гурткам і аб’яднанням, на мой погляд, вельмі не хапае спецыяльнай літаратуры, прычым менавіта такой, якая б была разлічана не проста на пачынаючых паэтаў, а на юных пачынаючых паэтаў.

Каб ліквідаваць гэты прыкры прабел, каб хоць нейкім чынам дапамагчы як кіраўнікам гэтых дзіцячых літаратурных гурткоў, так і самім юным паэтам, якія толькі пачынаюць свой шлях у літаратуры, я і задумаў гэты свой паэтычны дапаможнік…»

Дарэчы, асноўная яго адметнасць — гэта тое, што ў якасці прыкладаў пісьменнік прыводзіць уласныя творы — цалкам ці ўрыўкі з іх.

Выданне ўключае ў сябе чатыры часткі — «Вершастваральныя кампаненты», «Паэтычныя жанры. Віды верша», «З гісторыі сусветнай паэтычнай творчасці», «Кароткі паэтычны агляд». Кожная частка, у сваю чаргу, дзеліцца яшчэ на некалькі. А складаюцца яны, як і ў школе, з заняткаў. Падчас іх Генадзь Аўласенка размаўляе са сваімі чытачамі, раскрывае сэнс асноўных паняццяў, вучыць на канкрэтных паэтычных прыкладах, раіць, пераконвае і нават… дае заданні.

З кнігі ўсе ахвотныя могуць даведацца, чым верш адрозніваецца ад прозы і каго можна лічыць паэтам, што такое рытміка верша, дакладныя і недакладныя рыфмы, чым рэфрэн адрозніваецца ад прыпеву, якія формы верша называюцца цвёрдымі і шмат чаго іншага — цікавага і, безумоўна, карыснага.

Гэты дапаможнік — для ўдумлівых чытачоў, для тых, хто любіць даведвацца пра штосьці новае, паглыбляць свае веды, пашыраць кругагляд… Напісаны ён простай, даступнаю мовай. А паэтычныя прыклады Генадзя Аўласенкі з’яўляюцца сапраўдным яго аздабленнем. Вось, напрыклад, ілюстрацыя да падваення — стылістычнага прыёму, калі ў вершаваным радку паўтараюцца адны і тыя ж словы ці словазлучэнні:

— Груганы ляцяць, груганы!

Крумкачы крычаць, крумкачы!

Да вайны крычаць, да вайны…

— Памаўчы, сынок, памаўчы!…

І паэтычныя радкі Генадзя Аўласенкі — таксама цудоўны прыклад для пачынаючых паэтаў, узор прыгожай лірыкі са сваімі адметнасцямі, па якіх беспамылкова пазнаеш аўтара…

Словам, «Азы вершаскладання» — кніга, вартая ўвагі. Яна дарэчы будзе ўсім аматарам прыгожага пісьменства. Асабіста я прачытала яе з вялікім задавальненнем і даведалася шмат чаго новага, за што Генадзю Пятровічу шчырая ўдзячнасць!

Святлана АДАМОВІЧ.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *