Выпраўляемся разам з удзельнікамі ансамбля народнай песні «Вёсачка» да работнікаў зернятоку эксперыментальнай базы «Натальеўск», які знаходзіцца ў Любішыне, — і трапляем туды акурат у абедзенны перапынак. Самадзейных артыстаў гасцінна сустракае намеснік дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Галіна Іотка, знаёміць іх са слухачамі. А тыя ўжо ўладкаваліся пад драўляным навесам, які дарэчы тут, бо з неба раз-пораз адна за адной падаюць буйныя кроплі, і запытальна пазіраюць у бок машын…
Больш за дзесяць гадоў падчас жніва штодзень развозіць абеды па пяці-сямі гарачых у гэтую пару кропках — на зерняток, да камбайнаў у полі і г.д. — вадзіцель эксперыментальнай базы «Натальеўск» Юрый Багамаз. З добрай усмешкай назірае ён, як завіхаецца ў кузаве пад тэнтам раздатчыца Надзея Арлова, для якой гэта — звыклая праца на працягу апошніх пяці гадоў.
Яе «гаспадарка» — вось гэтая «кухня на колах», якую ад сапраўднай адрознівае тое, што ўсе стравы тут прыгатаваныя ўжо. Толькі накладвай, налівай норму ў міскі, кубкі ды падавай акуратна. Каб самой не абпячыся — і ўдзельнікам жніва было зручна.
А тых да абеду і запрашаць не трэба. Дружна застукалі лыжкамі, раз-пораз узнімаючы галовы, каб паслухаць самадзейных артыстаў ды азірнуцца на іх…
— Харчаванне для сваіх работнікаў стараемся разнастаіць, — тлумачыць Галіна Іотка. — Вось закупляем на Валевачоўскай птушкафабрыцы курэй… Для ўдзельнікаў жніва ў сталовай гатуюць абед і вячэру, якія развозяць дзве машыны, забяспечваем іх і мінеральнай вадой па норме. Гатаваць наш повар з памочнікам стараюцца смачна…
Абед у музычным суправаджэнні — так можна вызначыць дзейства, што адбывалася на зернятоку ў вёсцы Любішына. Пра тое, што ежа спадабалася, сведчылі пустыя міскі. А ўдзельнікаў самадзейнасці ўдзельнікі жніва аддзячылі апладысментамі.
Мімаволі заслухаліся іх спевамі і Надзея Арлова з Юрыем Багамазам. А пасля іх машына неяк неўпрыкмет знікла з вачэй, спяшаючыся да іншых працаўнікоў палёў і фермаў. Канцэрт жа ансамбля народнай песні «Вёсачка» скончыўся адначасова з абедзенным перапынкам. Работнікі зернятоку пад іскрыстымі кроплямі лёгкага дожджыку пайшлі на свае працоўныя месцы. Самадзейныя артысты, ажыўлена перагаворваючыся, накіраваліся да мікрааўтобуса, які павёз іх у іншую гаспадарку Чэрвеньшчыны. А намеснік дырэктара эксперыментальнай базы «Натальеўск» па ідэалагічнай рабоце Галіна Іотка шпарка пакрочыла па сваіх шматлікіх справах. Працягваўся звычайны працоўны дзень — падчас жніва-2011…
Святлана АДАМОВІЧ.
Фота аўтара