Народны каляндар. Жнiвень

Общество

Сучасная беларуская назва восьмага месяца, таксама як і старабеларускія серпень, зарев, адлюстроўвае прыродныя асаблівасці пары. Рымляне называлі яго sehstylis, што значыць шосты (год пачынаўся тады вясною). Пазней рымскі сенат перайменаваў у гонар імператара Аўгуста. Гэты імператар пажадаў не толькі месяц у свой гонар, але і каб колькасць дзён у ім была не меншая, чым у ліпені — месяцы Юлія Цэзара. Таму гэты месяц парушае чаргаванне 31—30. Заканадаўчы орган, аднолькава паважаючы Юліяна Цэзара і Актавіяна Аўгуста, зрабіў і аднолькава доўгімі месяцы, якія стаяць побач у годзе.

Жнівень дае знаць, што заканчваецца лета і набліжаецца восень. Ночы становяцца халаднейшымі, даўжэйшымі і цямнейшымі. Раніцай з’яўляюцца туманы. Яшчэ ў пачатку месяца заканчваецца ўборка азімых, затым убіраюцца пшаніца, ячмень, авёс, грэчка, проса, лён-даўгунец, скараспелая бульба, іншая гародніна і садавіна. Людзі карыстаюцца і багатымі дарамі лесу. Таксама вядзецца сяўба азімых, касавіца атавы.

2 жніўня. Ілля — апякун земляробства і абаронца ад нячыстай сілы, які ўвабраў у сябе рысы язычніцкага бога Перуна. Свята дажджоў і навальніц. Успрымацца як канец лета і пачатак восені: “Прыйшоў Пятрок – сарваў лісток, прыйшоў Ілля – сарваў два”, “Ілля нарабіў гнілля”.

Народнае ўяўленне, якое праяўляецца ў свяце Іллі, цесна звязана з біблейскай гісторыяй аб прароку Іллі. Ён нарадзіўся ў Фесвіі Галаадскай яшчэ за 900 год да хрысціянства. Ілля (у перакладзе з яўрэйскага “апора Божая”) перад паганскімі жрацамі і ізраільскім народам, які перастаў верыць у Адзінага і ад таго тры гады была засуха, запаліў агнём з неба мокры ахвяравальнік, што не змаглі зрабіць жрацы са сваімі багамі. Пасля гэтага язычнікі ўверавалі ў адзінага Бога, жрацы былі забіты, а народ атрымаў доўгачаканы і жыццядайны дождж. За гэты і іншыя цуды Ілля па Божай волі ўзляцеў на неба на вогненнай калясніцы.

14 жніўня. Макавей (Макава, Макаўе, Першы Спас, Спас Мядовік). Свята маку і мёду. Праводзілі абрады з макам, ужывалі ў ежу, рабілі варэнікі з мёдам, а таксама елі тое, у што можна было макаць. Асвячалі ваду, зёлкі, садовыя кветкі, моркву, сланечнік. Елі пірагі з макам і моркваю. Ведалі: на Макавея трэба ўволю наесціся маку. Пчалаводы правяралі пчол, “макалі ў мёд нажы”. Для збору мёду ўсе апраналіся па-святочнаму. Хаця і частаваліся перад асноўнай падзеяй, але без гарэлкі і закускі з рэзкім пахам. Раней запальвалі дымар “жывым агнём”, выкарыстоўвалі свянцоную ваду. У гэты дзень праводзілі “вадзяную аправу” – крыжовае шэсце да вадаёма. Існавалі прыкметы: “Як на Юр’я дождж – будзе рыбы многа, а на Макава – будзе многа грыбоў”.

15 жніўня. Успенне (Прачыстая). Урачыстасць Унебаўзяцця Маці Божай святкуюць каталікі. У праваслаўных гэтае свята прыпадае на 28 жніўня. Свята ўзнікла ў ІV ст. на ўшанаванне Маці Божай. У Беларусі ў гэты дзень асвячаюць новы ўраджай (дажынкавыя снапы, садавіну, гародніну), а таксама зёлкі і кветкі. Букеты асвечаных раслінаў заносяць дамоў і высушваюць. Іх прызначэнне — ахоўваць ад хваробаў. У выяўленчым мастацтве адлюстравана сцэна смерці Маці Боскай і ўзнясення яе душы на неба ў прысутнасці апосталаў. Вядомы кароткі і разгорнуты варыянты кампазіцыі. У кароткім варыянце звычайна паказваецца ложак з прасцёртым на ім целам Маці Боскай, паабапал яго — выявы апосталаў. За ложкам у ззянні (мандорле) Хрыстос трымае ў руках душу сваёй маці ў выглядзе спавітай фігуркі. У разгорнутым варыянце уводзяцца таксама сцэна адсячэння архангелам Міхаілам рук Афонію, які спрабаваў апаганіць цела Маці Боскай і перакуліць ложак, сцэна ўзнясення Маці Боскай на неба «во плоти» і перадача ёю пояса Фаме, выявы апосталаў на аблоках.

Існуе шмат прыказак і прыкмет на гэтае свята: “Прыйшла Прачыста – стала поле чыста”, “Зельная Божая Маці ўсяго можа нам даці”, “Да святка араць – лішнюю капу нажаць”, “Прачыстая прынясе хлеба чыстага”, “Першы Святок і першы світок”.

19 жніўня. Яблычны Спас. Свята садавіны, якую асвячаюць, пасля чаго дазвалялася есці яблыкі, бо яны лічыліся грэшнымі пладамі. Згодна Бібліі, змей-спакушальнік праз яблык зрабіў грэшнай Еву. Таму першыя плады неабходна было асвяціць у дзень Пераўтварэння Госпада Бога і Спаса нашага Ісуса Хрыста. Асвячалі таксама мёд, каласкі новага ўраджаю. Усё можна было ўжываць у ежу, аб чым і сцвярджала прыказка: “Спас – усяму час”.  Лічыцца, што ўжо скончылася лета: “Першы і Другі Спас – бяры рукавіцы ў запас”.

28 жніўня. Прачыстая ў праваслаўным календары. Хрысціянская царква адзначыла Дзень смерці – Успенне Прасвятой Уладаркі нашай Багародзіцы і Прыснадзевы Марыі, душу якой без пакут прыняў у царства нябеснае Гасподзь Ісус.

29 жніўня. Трэці Спас (Малы Спас, Хлебны Спас, Арэхавы Спас). Адно са свят хлеба.

31 жніўня. Арабінавыя дзень і ноч (Варавіты дзень). Пара, калі бывае “сухая” навальніца або буран.

Падрыхтавана па матэрыялах інтэрнэт-сайтаў

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *