Васіль Семчанка: «Я ганаруся тым, што вызваляў Мінск»

Общество

Васіль Семчанка — ветэран Вялікай Айчыннай вайны. У рады Чырвонай Арміі трапіў у 17 гадоў. Мае шэсць баявых узнагарод, не менш за дзесятак юбілейных і тры падзякі ад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.
Родам Васіль Ігнацьевіч з Мсціслаўшчыны (Магілёўская вобласць). Там і застала яго вайна. Брат, які быў старэйшы на 4 гады, у Чырвоную Армію трапіў у 41-м. Праз лічаныя месяцы, у снежні, ён загінуў пад Масквой.
У 1941-ым годзе Васіль скончыў сямігодку. Была мара працягваць вучыцца. Вайна парушыла ўсе планы.
У войска яго прызвалі ў кастрычніку 1943-га года. На той момант Мсціслаўшчына была месяц як вызвалена з-пад акупацыі. Сямнаццацігадовага юнака накіравалі ў 185-ы запасны стралковы полк. Ён знаходзіўся ў 20 кіламетрах ад лініі фронту. Там хлопец месяц вучыўся на аўтаматчыка, пакуль не трапіў у маршавую роту. Перакінулі на перадавую, пад Горкі, у 42-ю стралковую дывізію трэцяй арміі 3-га Беларускага фронту. Стаялі ў абароне, пакуль не распачалася аперацыя «Баграціён».
Полк, дзе служыў Васіль Семчанка, з баямі рухаўся на Шклоў, Барысаў. Фарсіраваў Беразіну. Шлях ляжаў на сталіцу Беларусі. «Я ганаруся тым, што ўдзельнічаў у вызваленні сталіцы БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — гаворыць ён. — З баямі мы дайшлі да Усходняй Прусіі.”
Падзеі тых дзён — у памяці ветэрана. Фарсіравалі Нёман, вызвалялі літоўскія гарады і хутары. Спыніліся на паўднёва-заходняй мяжы, у Вілкавішкісе. Камандаванне дало загад мяжу не перасякаць, стаць у абарону. У жніўні полк знялі з 3-га Беларускага фронту і перакінулі на 1-ы Беларускі, які знаходзіўся непадалёку ад ракі Вісла. Ішлі праз літоўскія, польскія землі…
13 студзеня выдалі сухі паёк на 5 сутак. На наступны дзень, да світання, пачалася артпадрыхтоўка. Яна доўжылася дзве з паловай гадзіны.
— Прыхінешся да сценкі траншэі — спінай адчуваеш, як зямля хадуном ходзіць, — успамінае Васіль Ігнацьевіч тыя дзве з паловай гадзіны. — Як толькі скончылася артпадрыхтоўка, у наступленне пайшла пяхота. Немцы аказвалі слабае супраціўленне. Іх гарматы былі разбіты падчас артпадрыхтоўкі.
Жукаў загадаў, каб не ўцягваліся ў працяглыя баі. Як мага хутчэй трэба было рухацца да Одэра, каб не даць гітлераўцам адысці за раку.
Шлях ад Віслы да Одэра — 700 кіламетраў. Іх прайшоў разам з іншымі чырвонаармейцамі і Васіль Семчанка. Одэр фарсіравалі з вялікімі стратамі. Узялі плацдарм — у паўтара кіламетрах ад Франкфурта. За гэта Васіль Семчанка атрымаў сваю першую баявую ўзнагароду — медаль «За адвагу». Каля двух з паловай месяцаў савецкія войскі трымалі плацдарм, паступова яго пашыраючы. Ноччу на пантонах ад іх забіралі не толькі параненых, але і загінуўшых. Не было дзе пахаваць — плацдарм знаходзіўся ў багністай мясцовасці.
Ад Франкфурта да Берліна — 600 кіламетраў. Пераадольванне гэтага шляху пачалося 16 красавіка. На подступах да Берліна Чырвоную Армію сустрэлі «фаўстнікі». Так называлі тых, хто ў баі карыстаўся гранатамётамі «Фаўстпатрон». Такая зброя ў нямецкіх салдат з’явілася незадоўга да заканчэння вайны.
«Фаўстнікі» каля Берліна заселі ў першай траншэі. Білі ў асноўным па танках. Савецкія войскі неслі вялікія страты. Васіль Ігнацьевіч успамінае, што кожнаму салдату выдавалі інструкцыю па барацьбе з «фаўстнікамі». Там было сказана: «фаўстнік» пасля таго, як стрэліў, абавязкова ўстае з калена (стрэліць можа толькі стоячы: альбо ў поўны рост, альбо на калене). У гэты момант яго неабходна «зняць» з пазіцыі.
Калі савецкія салдаты ўсё ж такі спусціліся ў першую траншэю, ім было цяжка па ёй перасоўвацца: усюды ляжалі гранатамёты. У нямецкае войска іх прывозілі ў разабраным выглядзе. Таму траншэя была завалена яшчэ і скрынямі: з трубкамі, баегалоўкамі, выбухнымі патронамі…
— Сабраць «фауст» — справа некалькіх секунд, — зазначае Васіль Ігнацьевіч. — Аднак з сабой можна было ўзяць толькі адзін гранатамёт. У камплект уваходзіла шлейка, якая дазваляла насіць зброю «праз плячо». З двумя «фаўстамі» было і цяжка, і нязручна рухацца.
Берлін, калі падышоў 1-ы Беларускі фронт, апынуўся ў акружэнні. З другога боку горада стаяў 1-ы Украінскі фронт пад камандаваннем Конева. Да савецкіх салдат прыйшло папаўненне — каб баявыя падраздзяленні былі цалкам укамплектаваныя байцамі перад штурмам Берліна. Раздалі дадатковыя патроны, «лімонкі». Боепрыпасамі запаўняліся і кішэні, і салдацкія мяшкі.
— Пайшлі на штурм Берліна, — распавядае Васіль Ігнацьевіч, — і завязаліся вулічныя баі. Сёння мне самому цяжка паверыць у тое, что ўсё адбывалася насамрэч. Наша войска на горад насоўвалася лавінай. Немцы вялі агонь з усіх дамоў, з усіх паверхаў. Яны ведалі, што ім не ўтрымаць горад, але не здаваліся… Двое сутак бралі Берлін. Горад паў 2-га мая. Праз тыдзень даведаліся пра сваю канчатковую Перамогу.
— Мы абдымаліся, крычалі «ўра!», стралялі ў паветра з усіх гармат, салютавалі, — працягвае ўспамінаць ветэран. — Мы перамаглі, пасля пекла засталіся жывымі.
За штурм Берліна ў Васіля Семчанкі дзве баявыя ўзнагароды — ордэн Чырвонай Зоркі і медаль «За ўзяцце Берліна».
Доўга ў Германіі паслужыць яму не давялося. У чэрвені 1945-га года полк перадыслацыраваўся ў Расію: спачатку ў Смаленск, потым былі Бранск, Масква… Апошнія салдацкія дні Васіль Ігнацьевіч правёў у Грузіі — у Закаўказскай ваеннай акрузе. У запас яго звольнілі ў 1950-м годзе. Вярнуўся на Мсцілаўшчыну, да бацькоў. На Чэрвеньшчыну ж трапіў у 1968-м.
Увесь гэты час трымае ў галаве лічбы: 700 кіламетраў — ад Віслы да Одэра, 600 кіламетраў — ад Франкфурта да Берліна, 14 студзеня — артпадрыхтоўка каля Віслы, 2 мая — узялі Берлін, 9 мая — абвясцілі Перамогу.
— Ведаеце, колькі радасці было, калі сказалі, што вайна скончылася? — спытаў ён мяне напрыканца размовы.
На шчасце, не ведаю. Як і мільёны іншых беларусаў. Можам толькі ўявіць. І дзякуем за гэта Вам, усім тым, хто ахвяраваў сабой.
Сняжана КАЎГАРЭНЯ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *