Палеткі абудзіў рокат камбайнаў

Аграрный сектор

Напярэдадні сюды наведваліся аграномы, кіраўнік гаспадаркі. Важна было не ўпусціць момант выспявання рапсу, яго гатоўнасці да ўборкі.

Пад сонечнымі промнямі на ўзвышаных палетках  стручкі набылі цёмна-карычневы, а зярняткі — уласцівы ім пры завяршэнні масланазапашвання цёмны колер. Болей чакаць нельга. Рапс — культура далікатная, крыху прамарудзіш — і стручкі перасохнуць, пачнуць трэскацца, «паплыве» на зямлю каштоўнае зерне. А гэта грашовыя страты, якіх у КСУП «Ганута-агра» не жадаюць мець.

Аляксандр Шышонак, Пётр Максіменка, Сяргей Дзенягуб, Сяргей Шышонак, Аляксандр Зелянкоў, Валерый Свірыдовіч

Распавядае вядучы аграном гаспадаркі Міхаіл ЯРОЦКІ:

— На гэтым тыдні мы пачалі ўборку рапсу.  Сёлета пад ім занята 486 гектараў. Пастаянна сеем рапс азімы. Яравы ў нас дае меншую ўраджайнасць. Ён больш падатлівы на хваробы, што патрабуе значных выдаткаў на прэпараты для апрацоўкі пасеваў. Азімы рапс, калі прытрымлівацца тэхналогіі вырошчвання, дае добрыя ўраджаі. Пры гэтым за яго добра плоцяць. Летась, напрыклад, удвая больш, чым за зерневыя. Усе, хто задзейнічаны цяпер на ўборцы, гэта  ведаюць і стараюцца выканаць даручаную работу як найлепш.

Пакуль што ўборку вядзём выбарачна — прамым камбайнаваннем з рапсавым прыстасаваннем. Гэтая тэхналогія мае пэўныя перавагі  над скошваннем у валкі: змяншаюцца страты, эканомія на гаруча-змазачных матэрыялах і, што таксама важна, пасля дажджу рапс хутчэй высыхае.

Пры масавым паспяванні мы маем магчымасць задзейнічаць пяць камбайнаў ГС-12 і ў дадатак адзін або два «Доны». Калі трэба будзе, арганізуем дзвюхзменку. Нашы людзі прывычныя працаваць падчас уборкі ў напружаным рытме. Тым больш, што сёлета ўраджай рапсу чакаецца лепшы. Ёсць участкі, на якіх ён мае быць па 25 цэнтнераў з гектара. На некаторых — меншы, але ў сярэднім мы маем магчымасць сабраць па 20 цэнтнераў з гектара. Летась было 16.

Вільготнасць зерня — 20-22 працэнты, а прымаюць з вільготнасцю 7 працэнтаў. Дзве машыны першага намалоту адправілі ад камбайнаў, але гэта нявыгадна. Скідку ўзялі з нас да 20 працэнтаў. А яшчэ — за аказанне паслуг. Таму ў сераду запусцілі сваю сушылку.

Усе камбайны, якія цяпер працуюць і будуць задзейнічаны пасля на ўборцы рапсу, са здрабняльнікамі саломы. Яе мульчыруем і пакідаем на полі ў якасці ўгнаення пад наступныя культуры.

— У нас на перыяд жніва распрацаваны ўмовы спаборніцтва, — уключаецца ў размову старшыня прафсаюзнага камітэта гаспадаркі Людміла Ніколенка. — З імі ўсе азнаёмлены. Два разы на дзень са сталовай гаспадаркі прывозяць у поле гарачае харчаванне. Повары гатуюць смачныя стравы, людзі задаволены. Ад таго і настрой добры. У перыяд уборкі можна няблага зарабіць, і гэта механізатары імкнуцца скарыстаць. Але прыемна і тое, што ў кожным адчуваецца адказнасць за вырашчаны ўраджай. Сярод экіпажаў камбайнераў ёсць і сямейныя. Напрыклад, Валерый Свірыдовіч працуе з жонкай. На камбайнах — браты Аляксандр і Сяргей Шышонкі. Сяргей закончыў Мар’інагорскі сельскагаспадарчы каледж, выказаў жаданне папрацаваць на трактары, а цяпер вось перайшоў на камбайн. Абодва браты праяўлялі стараннасць і на веснавых палявых работах. Прыемна, калі ёсць узаемная задаволенасць: механізатараў — арганізацыяй працы і мерамі заахвочвання, кіраўніцтва гаспадаркі — адказнасцю занятых на ўборцы.

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара

Па стану на ўчарашні дзень рапс убіралі таксама «10 з’езд Саветаў», «Лядзенскі», «Дамавіцкі», «Райаграсервіс», эксперыментальная база «Натальеўск». Усяго ўбрана рапсу са 180 гектараў, сярэдняя ўраджайнасць  — 15,8 цэнтнера з гектара. Самая высокая яна ў «Ганута-агра» — 21,1 цэнтнера з гектара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *