Мужнасць і боль генерала

Общество

Працяг
АТРАД “РАЗГРАМІЛІ”… У ФАЛЬШЫЎКАХ

Напачатку 1942 года акупанты некалькі разоў “даводзілі да ведама насельніцтва” аб разроме ў Кліноцкіх лясах 208-га партызанскага атрада пад камандаваннем палкоўніка Нічыпаровіча. У вёсках Чэрвеньскага, Рудзенскага і Асіповіцкага раёнаў з’явіліся нават аб’явы наступнага зместу: “Доблесныя часці СС з дапамогай мясцовага насельніцтва акружылі ў раёне населеных пунктаў Клінок-Турэц і поўнасцю знішчылі партызанскі атрад Нічыпаровіча-Пакроўскага (камісар атрада- аўт.) колькасцю ў больш як 2 тысячы чалавек. Захоплены партызанскія базы і ўзбраенне”.
Але фашысцкія прапагандысты выдавалі жадаемае за сапраўднасць. Партызанскі атрад Нічыпаровіча жыў і працягваў змагацца, правёўшы шэраг паспяховых баявых аперацый у наваколлі Рудзенска, Узлян, Пухавічаў, Дукоры.
Гітлераўцы насуперак праўдзе распаўсюджвалі версію аб знішчэнні 208-га партызанскага атрада, каб апраўдацца перад сваім вышэйшым начальствам за паражэнні ў карных аперацыях, якія яны праводзілі колькасцю ў 100-200 чалавек. Словам, актыўнымі баявымі дзеяннямі народныя мсціўцы шмат чым “насалілі” немцам. І тыя намерыліся пакончыць з імі. Звесткі, якія мелі акупанты пра 208-ы партызанскі атрад, былі перабольшаны. У прыватнасці, гітлераўцы лічылі, што ў ім 3 тысячы чалавек. На падставе гэтага і распрацавалі свой карны план экспедыцыі. Аб тым, што акупанты рыхтуюць яе, Кабушкіну паведаміў падпольшчык Сяргей Благаразумаў, які па заданню працаваў у Мінску ў нямецкай канцылярыі. Гэтую вестку праз сувязную падпольнага гаркама партыі Надзею Галубоўскую адразу ж перадалі Нічыпаровічу. Неўзабаве Кабушкін вярнуўся з Мінска ў атрад і пацвердзіў, што немцы рыхтуюць карную экспедыцыю. Пра тое, што адбылося потым, занатаваў ў сваёй справаздачы Нічыпаровіч.
КЛІНОЦКІ БОЙ
“… 21 лютага буйныя атрады з артылерыяй і мінамётамі нечакана для нас захапілі навакольныя вёскі і адразу ж стварылі апорныя пункты. Сіламі насельніцтва зрабілі снежныя акопы, залілі іх вадой, і яны сталі зусім непрыступнымі для пяхотнага агню, на ўсіх перакрыжаваннях дарог у 5-6 км лагера выстаўлены гарматы і таксама зроблены ледзяныя акопы.
26 лютага немцы закрылі ўсе дарогі для мясцовага насельніцтва і нікога з дамоў не выпускалі, калі хто з’явіцца — расстрэльвалі. Паступова такім метадам немцы пачалі набліжацца да лесу. Усё гэта для мяне было зразумелым, але, на мой погляд, здавалася не небяспечным, бо мясам і хлебам мы былі забяспечаны на тры месяцы, мукі было 15 тон, мяса 28 тон (бітыя тушы), а лыжнікі абыходным маршам рабілі вылазкі і праводзілі на чыгунцы аперацыі. А пра тое, немцы могуць палезці ў лес пасля тых урокаў, якія яны атрымалі, здавалася сумніўным. Акрамя таго, яны невялікія ахвотнікі ў лесе ваяваць.
У атрадзе было 36 чалавек параненых і вельмі вялікі абоз, больш як 150 коней, і калі выйсці з лагера, то маглі быць падвергнуты праследванню, а бой на маршы мог прывесці да вялікіх ахвяр, таму быў нявыгадным. Лагер жа ўяўляў сабой у наваколлі 3-4 кіламетры, добра падрыхтаваныя пазіцыі як у агнявых, так і ў інжынерных адносінах. Баявы разлік у атрадзе быў зроблены з першых дзён, і кожны баец ужо ведаў сваё месца, не гаворачы аб камандзірах. Таму я рашыў заставацца на месцы: у выпадку асады на змор — яна не ўдасца. Я ўсім забяспечаны, у выпадку наступлення — даць бой у лесе; прызнацца, на тое, што немцы палезуць у лес, я ў душы сумняваўся.
Але немцы, падцягнуўшы два пяхотныя палкі, тры атрады СС па 200 чалавек, юнкерскае вучылішча з Магілёва 700 чалавек (здраднікі), пры 2-х дывіз. артыл. і 5 самалётах, агульнай колькасцю пад 7 тысяч чалавек 5 сакавіка 1942 года перайшлі ў наступленне.
Роўна ў 8.00 5.3.42г. раздаўся першы артылерыйскі выстрал, пачалася артпадрыхтоўка, якая цягнулася 30 хвілін, услед за ёй пачалі з’яўляцца перадавыя часці з боку вёскі Турэц і вёскі Клінок. Немцы галоўным чынам ішлі па дарогах і, як трэба было чакаць, трапілі пад прыцэльны агонь нашых станкавых кулямётаў і мінамётаў 400 -500 метраў. Першыя рады адразу ж былі скошаны, груды трупаў валяліся на дарозе. Два батальёны немцаў разгарнуліся справа ад дарогі, стараючыся абысці фланг, але паколькі флангаў у нас не было, абарона кругавая, то зноў трапілі пад моцны агонь станкавых кулямётаў з дыстанцыі 300 метраў і заляглі. Спробы перайсці ў атаку не мелі поспеху — глыбокі снег і дрэнная бачнасць.
У выніку немцы праляжалі да вечара на снезе і, хто жывы, палічылі за лепшае адпаўзаць. Для таго, каб адрэзаць шлях адыходу, я накіраваў два ўзводы лыжнікаў, з’яўленне якіх прывяло немцаў у паніку, і ўсе адышлі, пакінуўшы 170 чалавек забітымі, 120 аўтаматаў, 6 ручных кулямётаў, 4 мінамёты, шмат патронаў. У гэтым баі было забіта 17 афіцэраў, у якіх знойдзены карты з поўнай абстаноўкай, а адзін з афіцэраў аказаўся прафесарам ваенных навук, накіраваным Гітлерам для вывучэння тактыкі партызан і іх быту. На гэтым закончыўся першы дзень боя.
З нямецкіх картаў мне стала зразумела, якімі сіламі я акружаны і дзе больш слабае месца ў немцаў. Больш за ўсё немцы канцэнтрыраваліся ў напрамку Волма — Клінок і меней на ўсход. Таму я прыйшоў да высновы, што немцы лічаць, што наш адыход будзе на паўночны ўсход, так як там таксама вялікія лясы і магчыма перахапіць дарогі, якія ідуць з Іванічаў на Клінок, з паўднёва-заходняга па р.Свіслач паўсюдна лясы. Заставацца ж у лагеры ні ў якім разе нельга, таму я рашыў ноччу адысці на паўночны ўсход на пяць км, па схеме заняць абарону на перакрыжаванні Іванічы -Клінок, каб не адрэзалі апошнюю дарогу, абоз і параненых з прыкрыццём адвесці на ўсход на 5 км, праводзячы ў гэтым напрамку з раніцы разведку за дарогай, якая ідзе з Іваніч на Пухавічы.
Так і зрабіў. Але для таго, каб увесці немцаў у зман, паказаць, што лагер жыве, я пакінуў у лагеры два ўзводы да надыходу цемры наступнага дня з задачай распаліць вялікія вогнішчы ў шалашах ўсю ноч з 5-га на 6-ае, увесь дзень ствараючы бачнасць, што лагер існуе.
Другі дзень, г.зн. 6-га сакавіка немцы актыўных дзеянняў не прадпрымалі, за выключэннем авіяцыі, якая без упынку лятала над намі і лагерам і апошні абстрэльвала кулямётным агнём. Байцы ж там неслі ахову і па аднаму палілі вогнішчы.
Разведка, накіраваная мною, дала ўсе дадзеныя аб дарозе Іванічы-Пухавічы і в. Чырвоны Бераг. Там юнкерскае вучылішча ўсё сядзела ў акопах і замярзала, агнявыя кропкі адпавядалі нямецкім картам. Дзве роты ў адпаведнасці з маім указаннем падрыхтавалі абарону на перакрыжаванні дарог Іванічы-Турэц. На гэтым закончыўся другі дзень.
7-га сакавіка ў 11.00 пачалася моцная кананада па нашаму старому лагеру. 1 гадзіну 30 хвілін немцы вялі артпадрыхтоўку, потым з’явілася 5 самалётаў, 30 хвілін бамбілі, але там ужо ніводнага байца не было. У 13.30 па старому лагеру пайшла моцная кулямётная і ружэйная стральба, крыкі… Гэта аказваецца ў лесе напалоханыя немцы біліся паміж сабой, адзін аднаго прынялі за рускіх і да вечара ішоў бой. Да гэтага ж часу пачалі падыходзіць часці праціўніка з Волмы і Іванічаў на звужэнне кальца, але мы іх, як і 5-га сакавіка, сустрэлі нечаканым агнём на перакрыжаванні дарог Іванічы-Клінок, тут немцы страцілі 130 чалавек забітымі і 11 афіцэраў. Узяты 9 ручных кулямётаў, 90 аўтаматаў і 42 палонных.
Карыстаючыся замяшаннем немцаў і надыходам цемры, я рашыў прарваць ужо добра разведаны ўчастак у напрамку в.Чырвоны Бераг. Прарыў праводзілі 2 роты, разгарнуўшыся на ўчастку 700 метраў. Маючы адзін узвод у рэзерве, нечакана адкрылі агонь па нямецкіх кропках, падбілі бронемашыну, 4 ст. кулямёты, 1 мінамёт. Нямецкія юнкеры, якія тут займалі абарону, разбегліся, значыцца, шлях свабодны, роты кінуліся на дарогу і праследавалі з крыкам “Ура!” у напрамку Чырвоны Бераг.
Але тут рэзерв выйшаў насустрач і зноў завязаўся бой, але ўжо пачало цямнець, было 15 гадзін 45 хвілін. Разведка данесла, што правей на Угалец няма нікога. А немцы, у сваю чаргу, панёсшы страты, адышлі да Чырвонага Берага і пачалі стральбу з вокнаў і дахаў, стральба ніякай шкоды не прыносіла. Мы сабраліся ў калону і пайшлі ў лясы ўсходней в.Угалец. Парадак адыходу быў арганізаваны так: услед за ротамі, якія прарываліся, — агнявая група, за ею параненыя і абоз і з тылу прыкрывала рота” .
У гэтым трохдзённым баі пад Клінком рашучым паказаў сябе памочнік начальніка разведаддзела партызанскага атрада Кабушкін. Як успамінаў пасля Нічыпаровіч, ён па-сутнасці кіраваў дзеяннямі разведкі, пастаўляючы ў баявых умовах звесткі камандзіру атрада.
(Працяг будзе)
Аляксандр БУШЭНКА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *