Здаецца, зусім нядаўна Таццяна Іпалітаўна Міклуш пераступіла парог ясляў-сада №1 г.Чэрвеня, а прайшло ўжо дзесяць гадоў. Тут яна сфарміравалася як педагог, стала майстрам сваёй справы. На яе думку, выхавальнік павінен увесь час працаваць творча, ясна бачыць праблемы, якія ўзнікаюць, і знаходзіць шляхі іх вырашэння.
Да кожных заняткаў Таццяна Іпалітаўна рыхтуецца грунтоўна: вывучае метадычную літаратуру, падбірае нагляднасць, некалькі варыянтаў заданняў і пытанняў. Нямала вечароў і выхадных дзён яна патраціла на выраб нагляднасці. А колькі дыдактычных гульняў на развіццё кемлівасці, знаходлівасці, увагі, матэматычнага мыслення зрабілі яе ўмелыя рукі!
Сёлета Таццяна Іпалітаўна працуе ў старэйшай групе. Яе выхаванцы любяць дзіцячы сад, бо ім на занятках заўсёды цікава. Толькі што працавалі з карткамі, а на дошцы ўжо вывешваецца карціна. Адно заданне змяняецца другім, кожнае прымушае думаць, параўноўваць, рабіць вывады. Прапануюцца дыдактычныя гульні, загадкі, галаваломкі, рэбусы. Выхавальніца ўпэўнена, што добры эмацыянальны настрой — важнейшая ўмова эфектыўнасці заняткаў. Кожнае дзіця адчувае сябе годна, позіркі гавораць, што Таццяне Іпалітаўне ўдалося зацікавіць іх.
Сёлета адбылася творчая сустрэча маладых выхавальнікаў дзіцячых садоў раёна з педагогам- майстрам. Гэта была своеасаблівая справаздача Таццяны Іпалітаўны. Госці ўбачылі разнастайную цікавую работу ў старэйшай групе. Уразілі іх выставы метадычных дапаможнікаў, матэрыялаў для правядзення заняткаў, шэраг канспектаў, распрацаваных для навучання грамаце.
Разважаючы аб шляхах педагагічнага сталення, А.С.Макаранка сцвярджаў: «Добрым майстрам можна зрабіцца толькі ў добрым педагагічным калектыве». У гэтым сэнсе Таццяне Іпалітаўне пашанцавала, бо побач з ёй працуюць добразычлівыя, шчырыя, адданыя сваёй справе жанчыны. Ва ўсіх пачынаннях дапамагае ёй загадчыца ясляў-сада Г.К.Грынько. Ранішнікі яна рыхтуе разам з музычным кіраўніком Т.В.Падбільскай.
Клопат аб усебаковым развіцці дзяцей, добразычлівыя ўзаеміны, уважлівыя адносіны да слушных запатрабаванняў выхаванцаў, тактоўная настойлівасць у выпрацоўцы карысных навыкаў і звычак — педагагічнае крэда Таццяны Іпалітаўны.
Леў ГАНЧАРЫК, ветэран педагагічнай працы, г.Чэрвень