КАЛІ ПОБАЧ МАЛЫШЫ, ДЫК І ПРАЦА ДА ДУШЫ

Общество

Шлях у прафесію сённяшняй настаўніцы пачатковых класаў Турэцкага дзіцячага сада-базавай школы Галіны Анатольеўны Казаковай даволі цікавы. Ды і кар’ерны рост у свой час ішоў хуткімі тэмпамі. Вось гэта і не толькі — нагода для расповеду пра яе на старонках «раёнкі».


Ураджэнка Касцюковіччыны, восем класаў школы яна скончыла на «выдатна». Дырэктар сказаў тады таленавітай вучаніцы: «Мая табе парада. Калі хочаш жыць у горадзе, абірай для вучобы прамысловую спецыяльнасць, прычым зараз».
— А жыць у горадзе пасля той вёскі Магілёўшчыны ой як хацелася, — з летуценнай усмешкай прыгадвае Галіна Анатольеўна. — Таму і паслухалася. Паступіла ў тэхнікум лёгкай прамысловасці. Закончыла таксама з «адзнакай». А як пачала працаваць, убачыла, што гэта — не маё…
Але, тым не менш, набыўшы спецыяльнасць «тэхнік-тэхнолаг абутковай вытворчасці», вясковая дзяўчына пажыла-такі ў вялікіх гарадах. Працавала па размеркаванні ў Маладзечне, затым — на абутковай фабрыцы ў Віцебску. Была майстрам участка. А потым наблізілася і да выкладчыцкай дзейнасці, займеўшы пасаду майстара ў вучылішчы. Рабіла там, пакуль ні выйшла замуж. Між іншым, за свайго аднакласніка — Віктара Казакова.
Вярнуўшыся на Касцюковіччыну, Галіна Анатольеўна выканала даўнішнюю мару — пайшла ў школу настаўніцай пачатковых класаў. Нягледзячы на адсутнасць педагагічнай адукацыі, з працай спраўлялася паспяхова, бо любіла дзяцей і ўмела вучыцца ўсяму сама — ад калег. А калі нарадзіла першынца, паступіла ў педінстытут.
Відавочна, лёс спрыяў ёй у набыцці настаўніцкай адукацыі. Паколькі тэхнікум Галіна Казакова скончыла з «адзнакай», здаваць трэба было ўсяго адзін іспыт — «Грамадазнаўства». Яна і зараз памятае той дзень да драбніц. І вельмі рада, што трапіліся такія лагодныя экзаменатары.
— Першым пытаннем у білеце стаяла «Роля асобы ў гісторыі», — прыгадвае настаўніца. — Другім — «Планаванне пры сацыялізме». Здаецца, і ведала, як адказаць… Але так расхвалявалася, што блытацца пачала. І мне сказалі: «Сядзьце. Не перажывайце. Складзіце план адказу». Я ўсё так і зрабіла. Адказала — і мне паставілі «пяць». Я выходжу — і не веру! Так і ішла па вуліцы з усмешкаю…
У 1989 годзе Галіна Анатольеўна з сям’ёй пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Клінок. З месяц папрацавала ў групе падоўжанага дня, а затым шмат гадоў — настаўніцай пачатковых класаў.
— Дарэчы, менавіта працу з маленькімі дзеткамі я выбірала цалкам усвядомлена, — задуменна кажа Галіна Анатольеўна. — Бо на фабрыцы напрацавалася ўжо з дарослымі людзьмі. І мне тыя адносіны і стасункі не падабаліся. А тут я ўношу свой уклад у фарміраванне асобы маленькага чалавечка, яго светапогляду… Мой кліноцкі перыяд даволі вялікі. І ўспаміны пра яго прыемныя. Найперш таму, што пашчасціла працаваць з дырэктарам школы Уладзімірам Мікалаевічам Ганчарыкам. А ён — вяха ў гісторыі адукацыі Чэрвеньшчыны. Пасля наведвання ўрокаў пры іх разборы Уладзімір Мікалаевіч абавязкова падкрэсліваў добрае. І гэта так засталося ў памяці… Зрэшты, метадычная работа ў Клінку была тады на вельмі высокім узроўні. І чым больш часу мінае, тым лепей гэта ўсведамляеш. Тое, што даваў нам, настаўнікам, Уладзімір Мікалаевіч, памятаецца і зараз. Тады на першым плане былі ўрокі, вучоба. І якія б слабенькія дзеткі ў школу ні прыходзілі, мы прымушалі іх вучыцца. Уладзімір Мікалаевіч Ганчарык узняў планку высока. І мы ўсе ведалі: урок — гэта святое…
Ужо пры іншым дырэктары — Мікалаі Мікалаевічы Казімерчыку — Галіне Анатольеўне была прапанавана пасада яго намесніка. І на яе настаўніца таксама пайшла ўсвядомлена. Бо да таго часу, як ёй самой здавалася, яна ўжо дасягнула верхняй адзнакі планкі. А ўзняцца хацелася вышэй. Затым Галіну Анатольеўну чакала пасада дырэктара Кліноцкай школы.
— Я ніколькі не шкадую, што перайшла тады на адміністрацыйную працу, — зазначае Галіна Казакова. — Бо лепей пачала ўсведамляцца праца настаўніка, на якую я зірнула з іншага боку. Да гэтага часу ў мяне ўжо выпрацаваўся ўласны погляд на адносіны з дарослымі людзьмі, які ў мяне і зараз. Нічога дрэннага не магу сказаць пра той перыяд… Я імкнулася раіцца з калегамі, прыслухоўвалася да іх меркаванняў…
— Вам шкада было, калі Кліноцкую школу зачынілі?
— Так, і вельмі! І да гэтага часу шкадую. Клінок абяднеў, і нашмат. Не, калі мы прыехалі на працу ў Турэц, нас вельмі добра прынялі тут. Але ж усё роўна… Сюды ў школу мы прыехалі — і паехалі. А ў Клінку былі там заўсёды. Усе гурткі працавалі ўвечары. Уладзімір Іванавіч Кірыльчык вёў спартыўныя секцыі, Анастасія Юр’еўна Ганюшкіна — разнастайныя гурткі. Прыходзіш увечары ў Кліноцкую школу — і душа радуецца. На спартыўнай пляцоўцы дзеці бегаюць. На гуртках з цеста лепяць, з паперы вырабляюць, з бісеру плятуць… Ля камп’ютараў гуртуюцца. А зараз куды дзецца кліноцкім дзецям? Школку набылі, тэрыторыю агарадзілі…. Нават на спартыўную пляцоўку цяпер не трапіць…
У свой час Казаковы трымалі вялікую гаспадарку, у якой былі ажно дзве каровы. Зараз — адна, але працы хапае. Траіх дзяцей выгадавалі бацькі. Малодшая дачка — адзінаццацікласніца. Так што падчас яе выпускных і ўступных іспытаў клопату тату з мамай дадасца.
А турботы Галіны Анатольеўны на асноўнай працы — гэта яе 12 жэўжыкаў-першаклашак. Усе яны — хуткія, спрытныя, рухавыя, цікаўныя… Задаюць сваёй настаўніцы мільён пытанняў! А яна цярпліва адказвае на іх з добрай усмешкай. І не толькі вучыць чытаць, пісаць, лічыць, а і фарміруе характар, светапогляд.
Атрымліваецца, што Галіна Анатольеўна Казакова вярнулася да пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці — да працы з малымі дзеткамі, якую калісьці ўпадабала. Але я ўпэўнена, што гэта — рух не па замкнёнаму колу, а па спіралі, дзе з кожным вітком дадаецца штосьці новае. Таму хочацца шчыра пажадаць Галіне Анатольеўне далейшых поспехаў у клопатнай настаўніцкай працы, пабольш прыемных момантаў у жыцці, здароўя, шчасця і ўсіх даброт!
Святлана АДАМОВІЧ.
Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *