Яшчэ адно імя доктара навук з Чэрвеня

Общество

Нараджэннем з Ігумена многія рупліўцы на ніве медыцыны. Адны з іх дасягнулі вышынь у практычнай рабоце. Іншыя здолелі шмат зрабіць у навуцы. Хтосьці актыўна спалучаў медыцынскую практыку і тэорыю.

У 1900 годзе ў Ігумені нарадзілася Рахіль Абрамаўна Хургіна.

Адно з распаўсюджаных яўрэйскіх прозвішчаў на Міншчыне. На жаль, няшмат звестак вядома з яе біяграфіі… У прыватнасці, вядома тое, што вучылася Хургіна ў Маскве ў другім медыцынскім інстытуце. Сярод яе настаўнікаў быў і Іпаліт Васільевіч Давыдоўскі, адзін з буйнейшых савецкіх патолагаанатамаў, акадэмік Акадэміі медыцынскіх навук СССР, Герой Сацыялістычнай працы. Доктарскую дысертацыю ён абараніў яшчэ ў 1921 годзе. Гэта па яго ініцыятыве было ўведзена правіла, што ўсе выдаляемыя хірургамі матэрыялы павінны абавязкова падвяргацца мікраскапічнаму даследаванню. Менавіта настаўнік Хургіной прапанаваў рэгістраваць усе ўрачэбныя памылкі, параўноўваць клінічны і анатамічны дыягназы. У 2-м Маскоўскім медыцынскім інстытуце Давыдоўскі амаль сорак (!) гадоў узначальваў кафедру паталагічнай анатоміі. А таксама з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса «Архив патологии». У 1964 годзе вучоны быў адзначаны Ленінскай прэміяй.

За такім настаўнікам нельга не было ісці след у след… I Рахіль Абрамаўна старалася спраўдзіцца як прафесіянал, дасягнуць вышынь у медыцыне.

У час Вялікай Айчыннай вайны наша зямлячка працавала ў Краснаярскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце. Загадвала кафедрай паталагічнай анатоміі. Прыйшла на яе кандыдатам медыцынскіх навук. Папярэднікам на пасадзе загадчыка кафедры быў прафесар Леон Макусавіч Шабад. А з 1943 года кіраўніцтва ўзяла на сябе ўраджэнка Ігумена. I працавала загадчыкам кафедры да 1949 года. За гэты час (у 1944 годзе) абараніла доктарскую дысертацыю.

Былі ў Рахіль Абрамаўны і свае вучні. У прыватнасці, Пётр Георгіевіч Падзёлкаў, які ў будучым стаў рэктарам Краснаярскага медыцынскага інстытута.

А ў 1950-ыя гады Рахіль Абрамаўна перавялася ў Іркуцкі медыцынскі інстытут. 3 1956 па 1972 гады Хургіна ўзначальвала кафедру паталагічнай анатоміі ў гэтай славутай ВНУ. Дзякуючы новаму загадчыку, іркуцкія вучоныя заявілі аб сабе як аб даследчыках новых важных накірункаў. У прыватнасці, кафедра стала большую ўвагу надаваць даследаванням у галіне паталогіі нырак, імунамарфалогіі і агульнай паталогіі.

Аўтарытэт у нашай зямлячкі быў надзвычайны. Прафесар Р.Хургіна надрукавала болей за 40 сур’ёзных навуковых работ. I сёння, зазірнуўшы ў «Вялікую медыцынскую энцыклапедыю», можна знайсці каля дзесяці яе грунтоўных артыкулаў. Рахіль Абрамаўна — аўтар шэрагу раздзелаў па паталогіі нырак ў VII томе кіраўніцтва для патолагаанатамаў. Пад кіраўніцтвам Р. Хургіной у Іркуцку былі абаронены дзве доктарскія і шэсць кандыдацкіх дысертацый.

За час работы Рахіль Абрамаўны кафедра стала сапраўдным касультацыйным цэнтрам для ўсіх патолагаанатамаў Іркуцкай вобласці і Бураціі.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *