ГІСТОРЫЯ ВЁСАК І ШКОЛЫ — У МУЗЕЙНЫМ ПАКОІ

Общество

Цудоўнае ўражанне стварае пакой у Раваніцкай школе, дзе ўладкавалася сама пані Гісторыя. Вялікае светлае памяшканне, у якім шмат паветра і сонца, умяшчае ў сабе самаробныя цуды, прадметы гісторыі, шматлікія фотаздымкі, фрагменты інтэр’еру вясковай хаты…

Тут можна нетаропка шпацыраваць, разглядаючы экспанаты, альбо прысесці за столік і слухаць экскурсавода. І ўсё цешыць вока, абуджае цікаўнасць, напаўняе душу спакоем. Вось такія яны, асноўныя асаблівасці музейнага пакоя. Ужо год ён прымае наведвальнікаў. А гэта не толькі вучні, але і госці школы, былыя выпускнікі, цікаўныя вяскоўцы…
Пра стварэнне экспазіцыі распавядае настаўнік гісторыі Раваніцкай школы, жыхар Дамавіцка, наш колішні няштатны аўтар, адметны творца Франц БЛЯХНІК (на здымку ўнізе):
— Ідэя зрабіць музейны пакой нарадзілася ў школе ўжо даўно. Раней тут быў музей, потым знік. І мне давялося ўсё рабіць з нуля. Экспанатаў не было. Што-кольвечы мы прывезлі з Дамавіцкай школы пасля яе закрыцця. Усё астатняе збіралі тут — разам з вучнямі, бацькамі, педагогамі. І яшчэ будзем звяртацца да насельнікаў Раванічаў, іншых вёсак з просьбай ахвяраваць штосьці ў музейны пакой. Не губляем спадзявання адшукаць што-небудзь з рэчаў, якія захоўваліся ў касцёле, панскім палацы, дзе, апрача ўсяго іншага, мелася багатая бібліятэка. Я ўпэўнены, што яны захоўваюцца ў старэйшага пакалення… Ёсць яшчэ шмат ідэй наконт арганізацыі выстаў у гэтым пакоі — манет (розных часоў, розных краін), марак, значкоў… І, канешне, трэба працягваць працу па збору матэрыялаў — па гісторыі школы, па вайне, хаця ветэранаў засталося ўжо зусім мала… Ёсць задумка стварыць шырокую экспазіцыю па ўшанаванню подзвігу воінаў-афганцаў… Лічу, што такія музейныя пакоі павінны быць у кожнай школе. Але іх трэба ўвесь час папаўняць, штосьці мяняць. Бо калі ўсё застыне, гэта ўжо будзе не музей, а склад…

 

Невысокі тын са збанком і кветкамі навявае ўспаміны аб цёплым летнім вечары ў вёсцы, калі прыемна пасядзець пасля працоўнага дня, палюбавацца наваколлем, паслухаць спеў птушак, цвырканне конікаў… Фрагмент сялянскай сядзібы з акном, завешаным узорнымі самаробнымі фіранкамі, стварае ўражанне пераносу ў рэчаіснасці на некалькі дзесяцігоддзяў таму. Гаспадарчыя прадметы побыту нагадваюць аб цяжкай сялянскай працы і спрадвечных народных умельствах. Шматлікія вышыванкі і прадметы ткацтва выклікаюць шчырае захапленне ўмелымі рукамі, багатай творчай фантазіяй вясковых дзяўчат, жанчын, бабуль… Шмат карыснай інфармацыі можна набыць, пазнаёміўшыся са стэндамі, прысвечанымі Вялікай Айчыннай вайне і гісторыі Раваніцкай школы. Асобны столік аддадзены вырабам, створаным рукамі сённяшніх вучняў.

Зараз над музейным пакоем апякуюцца намеснікі дырэктара — Наталля ЛАГОЦІНА і Наталля ФАШЧАНКА (на здымку ўверсе).
— Мы сталі прадаўжальнікамі справы Франца Аляксеевіча, — тлумачаць яны. — Таксама кінулі покліч — дапамагчы ў зборы экспанатаў. Сабралі шмат вышыванак, саматканак ад дарослых. Гэтая работа аб’яднала і вучняў, і настаўнікаў. За год тут на экскурсіях пабылі ўсе класы, а таксама выхаванцы дзіцячага садка. Дарэчы, у гэтым навучальным годзе ў школе распрацаваны турыстычна-краязнаўчы маршрут па ваколіцах Раванічаў. Спадзяёмся, што ён зацікавіць дзетак гісторыяй роднай вёскі…
Сапраўды, у Раваніцкай школе ўжо шмат зроблена для захавання гісторыі, вяртання з небыцця цікавай інфармацыі, гістарычных фактаў, рэчаў і прадметаў. Магчыма, пасля гэтай публікацыі хтосьці з вяскоўцаў захоча пакінуць для нашчадкаў штосьці прадметнае з уласнага мінулага. Стваральнікі і захавальнікі музейнага пакоя будуць вельмі ўдзячны…

Святлана АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *