ЗНОЙДЗЕНЫ МОГІЛКІ РОДНЫХ СТАНІСЛАВА МАНЮШКІ

Общество

Адшукаліся могілкі, дзе мелі апошні прытулак родныя людзі славутага кампазітара Станіслава Манюшкі. Пры пэўным намаганні гэтае месца можа стаць сапраўднай рэліквіяй, святыняй роду. Куток будуць наведваць не толькі экскурсанты, але і далёкія родзічы кампазітара, каб пакланіцца сваім продкам.
Курган — насыпаны. Былы жыхар пасёлка Азёрны Васіль Арцёмавіч Нахамчык паведамляў мне ў 70-ыя гады мінулага стагоддзя, што ў целе насыпу знаходзіцца цэментаваны склеп (крыпта), дзе і ставілі дамавіны нябожчыкаў. І, маўляў, накрыўку са склепа замуравалі пад ганак, калі будавалі рыбгасную сталоўку, а склеп засыпалі. Шукалі з ім гэтую пліту ды, на жаль, не знайшлі.
Жыхар вёскі Убель, шаноўны Леанід Аляксандравіч Капанец сцвярджае, што помнік апошняй жанчыне з роду ўладальнікаў фальварку Альжбэце знаходзіўся каля канюшні вёскі Петравінка. Знік без следу.
Месцяцца могілкі на адной лініі з былой сядзібай фальварка, прыкладна 500-700 метраў ад сучаснага помніка Станіславу Манюшку, за вуглом тэрыторыі і збудаванняў санаторыя, на скрыжаванні.
Прыкладныя памеры вяршыні кургана складаюць дваццаць метраў на пятнаццаць метраў і выцягнуты з захаду на ўсход. Сёння ён выклікае вельмі цяжкае ўражанне: засмечаны, равы, дзе калісьці знаходзіліся надмагільныя пліты, таксама засыпаны смеццем. Адна пліта захавалася, але скінута з месца, а частка яе адбіта. Убачыў свежы раскоп — мабыць “чорныя” шукальнікі думалі штосьці знайсці. Побач знаходзяцца нейкія хляўчукі. Дзеці, ці мо паляўнічыя змайстравалі вышку.
Санаторый-прафілакторый закінуў гэтую сваю тэрыторыю, не прыбірае. Між іншым, яму можна было б выкарыстаць гэтую мясціну для выхавання людзей, адраджэння духоўнасці.
Гэтае месца патрэбна нам, нашым нашчадкам. Бо няма будучага без мінулага. Лічу неабходным і магчымым зрэзаць некалькі дрэў на вяршыні кургана, каб адкрыць яго для агляду людзям. Безумоўна, трэба навесці парадак, замацаваць тэрыторыю за санаторыем, а Кліноцкі сельскі Савет давядзе да ведама сучасных жыхароў інфармацыю аб помніку і аб адпаведных адносінах да яго.
Гэта ўсё падрыхтоўчая работа, а вынікам павінна быць усталяванне дзяржаўнага ахоўнага знака. Спадзяюся, што гэта здзейсніцца — і ў раёне з’явіцца яшчэ адзін помнік.
Іван ЯРАШЭВІЧ,  краязнаўца,  г.п. Смілавічы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *