Смілавіцкая валюшна-лямцавая фабрыка

Общество

1 сакавіка 2011 года на Смілавіцкай валюшна-лямцавай фабрыцы (якая ў часы майго дзяцінства называлася арцеллю) адзначылі 83-годдзе са дня яе заснавання.
Размешчана фабрыка ў мястэчку з багатай гісторыяй, якое славілася сваімі рамеснікамі, асабліва спецыялістамі па вырабу валёнак.
У 1928 годзе шасцёра смілавіцкіх кустароў-адзіночак аб’ядналіся ў лямцавую арцель, якая ў хуткім часе вырасла да трох дзесяткаў рабочых. Праз пару гадоў яна атрымала назву «Чырвоная зорка». У арцелі ў той час усе аперацыі выконваліся ўручную, і праца мойшчыкаў, брыйшчыкаў, фарбавальшчыкаў і ткачоў была вельмі цяжкай. Але работа ішла паспяхова, таму што валёнкі былі патрэбныя ўсім. Тут працаваў і мой дзядзька Стафан Мікуліч, майстар на ўсе рукі. Ён загінуў пры штурме Кенігсберга ў 1945 годзе.
Непадалёку фабрыкі знаходзіцца «Яма» ці “Саламянка” (як яе называюць смілаўчане). Тут фашысцкімі вылюдкамі праз чатыры месяцы акупацыі мястэчка, 14 кастрычніка 1941 года (на вялікае хрысціянскае свята Пакравы), было забіта звыш дзвюх тысяч яўрэяў са Смілавічаў і Гамбурга. Як расказвала мама, зямля тут некалькі дзён «дыхала» пасля той жудаснай трагедыі. А мая знаёмая Гэля Пякарская (тады 17-гадовая дзяўчына) працавала ў тыя трагічныя дні на «войлачнай» (як называюць яе смілаўчане). Назаўтра пад канвоем немцы вялі іх на працу міма Саламянкі. На толькі што выпаўшым снезе, што крыху прысыпаў пясок гіганцкай брацкай магілы, страціўшы розум, сядзела і раскачвалася ў бакі маладая жанчына. Ноччу яна выбралася з-пад цел сваіх забітых суродзічаў і механічна спрабавала прычасаць пальцамі сівыя акрываўленыя валасы. Рабочыя ў натоўпе і паліцэйскія-канваіры ў жаху здранцвелі. Няшчасную пазналі: гэта была першая прыгажуня даваенных Смілавіч. Прыйшоўшы ў сябе, адзін з канваіраў рукамі, якія калаціліся, клацнуў затворам карабіна і дабіў няшчасную…
Над Саламянкай шэфствуе валюшна-лямцавая фабрыка, якая ўстанавіла помнік над брацкай магілай ахвярам фашызму. Работнікі фабрыкі даглядаюць пахаванне тысяч людзей, сюды яны ўскладаюць вянкі ў святочныя дні.
З дырэктарам мы прайшлі па тэрыторыі фабрыкі, успомнілі тыя драўляныя аднапавярховыя будынкі, у якіх месцілася арцель. Тут працавала і працуе ў цяперашні час нямала шаноўных у мястэчку людзей. Вельмі паважалі тэхнарука (цяпер гэтая пасада называецца галоўным інжынерам) Якава Плаксу, бацьку майго школьнага сябра Мішкі Плаксы. Асабліва адзначыў у гутарцы са мной дырэктар Васіль Сабан рабочую часальна-снавальнага цэха Хоту Хасяневіч. Мне было прыемна пачуць сярод імёнаў лепшых работнікаў прозвішча гэтай маёй аднакласніцы. З блізнятамі Хотай і Фаней Хасяневіч мы вучыліся разам. З таго часу (аж 55 гадоў!) Хота Хасяневіч старанна працуе на Смілавіцкай валюшна-лямцавай фабрыцы.
Дырэктар ганарыцца не толькі сваімі ветэранамі, але і моладдзю. Такімі, як Ваўчок Лена, Чэрнік Людміла і іншымі. Паспеў добра сябе зарэкамендаваць малады галоўны інжынер Мікалай Герэйка, хаця працуе ён тут некалькі месяцаў.
Асноўная прадукцыя валюшна-лямцавай фабрыкі — валёнкі, і нічога лепшага для здароўя, чым гэты від абутку, чалавецтва яшчэ не прыдумала. З кадраў кінахронікі вядома, што нават маршалы Савецкага Саюза у час суровых ваенных зімаў выязджалі на перадавую не ў футравых ботах, а ў валёнках. Былі часы, калі мода на валёнкі прайшла, і многія фабрыкі, якія выпускалі гэты абутак, зачынілі. У Еўропе засталася толькі адна лямцавая фабрыка — у маіх родных Смілавічах. Спатрэбіліся вялікія намаганні, каб у драматычны момант, калі на вачах развальваўся Савецкі Саюз, зберагчы вытворчасць і калектыў. Рушыліся эканамічныя сувязі, якія наладжваліся дзесяцігоддзямі, патрэбна было знаходзіць не толькі пакупнікоў прадукцыі, але і прадаўцоў сыравіны — воўны.
Рэзка ўпаў выпуск валёнак, і за ўвесь 1991 годзе іх было прададзена крыху больш тысячы. Дырэктар Васіль Сабан не мог спаць начамі, абдумваючы розныя варыянты выратавання фабрыкі. Попыт на валёнкі ўпаў не толькі у былых рэспубліках СССР, але і ва ўсёй Еўропе. Да таго ж, Беларусь, якая толькі што набыла незалежнасць, яшчэ не паспела наладзіць кантакты з іншымі краінамі. І дырэктар прыйшоў да высновы, што адзіны выхад са складанага становішча — шматпрофільная вытворчасць. «Калі на рынку ўпаў попыт на адзін від прадукцыі, значыць, трэба асвойваць іншы», — Васіль Сабан яшчэ ў Вышэйшай партыйнай школе (ВПШ) зразумеў гэтую азбучную ісціну. Таму на фабрыцы арганізаваў дадаткова мэблевую і швейную вытворчасць. Тут пачалі выпускаць таксама арыгінальную мяккую мэблю, чахлы для яе і сядзенняў аўтамабіляў, сарочкі, блузкі, сумачкі, кашалькі. Асвоілі нават выпуск шліфавальных колаў для апрацоўкі металу, дрэва, лямца.
Але аператыўны пераход з аднаго віду прадукцыі на іншы, які карыстаўся б попытам на рынку, магчымы, калі работнікі маюць некалькі прафесій. Пераадольваючы інертнасць мыслення часткі калектыву, дырэктар Васіль Сабан прыклаў намаганні, каб рабочыя ў максімальна кароткі тэрмін асвоілі некалькі сумежных прафесій.
Цяпер ім дастаткова было перайсці з аднаго цэха ў другі, каб пачаць выпускаць іншую прадукцыю. Цэхі фабрыкі размешчаны на плошчы звыш дзвюх тысяч квадратных метраў, дзе выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі.
Спецыфіка асноўнай вытворчасці звязана з воўнай. Авечкагадоўля, як галіна, як вядома, была ліквідавана ў Беларусі яшчэ ў часы Мікіты Хрушчова. Некалі шмат трымалі авечак, асабліва па хутарах. Мяса і лой елі, а шкуры і воўна ішлі на адзенне і абутак. Цяпер воўну вымушаны купляць у Сярэдняй Азіі і Казахстане. У ёй шмат пылу, каб нейтралізаваць яго, у працэсе апрацоўкі выкарыстоўваецца пара, гарачая і халодная вада, а на санітарыю і тэхніку бяспекі на фабрыцы трацяцца значныя сродкі.
У размовах са мной рабочыя з гордасцю казалі пра сваю фабрыку. Можа таму, што зарплата ў іх неблагая, да таго ж атрымоўваюць дадатковыя сацыяльныя выплаты.
Як ні здаецца дзіўным, але валёнкі патрэбны ў краінах не толькі з халодным, але і гарачым кліматам, таму што лямец абараняе ад пераахалоджвання і перагрэву.
Калі я знаходзіўся ў кабінеце дырэктара, яму амаль безупынна званілі дзелавыя партнёры і розныя пакупнікі з Масквы, Кіева і іншых гарадоў былога Саюза ССР. Валёнкі зноў увайшлі ў моду ва ўсім свеце, і цяпер яны нарасхват. 20 тысяч валёнкаў, якія выпускае Смілавіцкая фабрыка ў месяц, прадаюцца.
Змяніўся знешні выгляд валёнкаў, дызайн. У параўнанні з тымі, што выпускаліся раней, яны куды больш элегантныя і камфортныя для людзей любога ўзросту. Праўда, у апошні час узніклі цяжкасці з пакупкай сыравіны ў сувязі з праблемамі на валютным рынку. Але яны, у гэтым перакананы Васіль Сабан, хутка будуць пераадолены.
Хочацца расказаць і аб самім дырэктары Смілавіцкай валюшна-лямцавай фабрыкі, намаганнямі якога ў немалой ступені прадпрыемстваа дасягнула цяперашняга ўзроўню. Асабліва захацелася напісаць, калі даведаўся, што ў нас шмат агульнага. Ён, як у свой час і я, ставіў фільмы для смілаўчан, абодва закончылі Смілавіцкую школу і Мінскі політэхнікум, Беларускі політэхнічны інстытут і Мінскую вышэйшую партшколу, абодва ў свой час былі сакратарамі камсамольскай арганізацыі Смілавіцкага сельсавета. Праўда, адбыліся гэтыя падзеі з разбежкай у паўтара дзесяцігоддзя. Але нашы шляхі і перасякаліся. Ободва часта наведвалі пісьменніка Эдуарда Ярашэвіча, які жыў на нашай Камсамольскай вуліцы, цікавейшага субяседніка з трагічным лёсам, у якога любілі збірацца не толькі моладзь, але і людзі самых розных узростаў… Гэта мы ўспаміналі, праглядаючы з Васілём праспекты, прысвечаныя 70-годдзю і 80-годдзю фабрыкі. Я ўбачыў у іх шмат знаёмых прозвішчаў.
З 83-ох год, што існуе фабрыка, амаль палову гэтага тэрміну ёй кіравалі двое: 18 год — Аляксей Якаўлевіч Мялешчык, а 22 гады — Васіль Мікалаевіч Сабан. А яшчэ да гэтага цяперашні дырэктар працаваў на ёй 15 гадоў. Паступіўшы ў 1974 годзе на фабрыку 17-гадовым хлопцам, потым ён працаваў на розных рабочых і інжэнерна-тэхнічных пасадах.
Я спытаў дырэктара пра яго незвычайнае прозвішча. Аказваецца, спробы даведацца пра карані роду Сабаноў былі безвыніковымі.
Мы пабывалі ў роднай вёсцы Васіля — Дукоршчыне, што ў трох кіламетрах ад Смілавіч. Цяпер у бацькоўскай хаце жыве яго брат Мікалай. Якраз гэта быў дзень Святога Мікалая. Сярод вясковай зеляніны, у аўры роднай хаты Васіля з хваляваннем мы разглядалі армейскія альбомы Мікалая і Васіля, партызанскі альбом іх бацькі. Адсюль, з Дукоршчыны, Васіль пайшоў у вялікае жыццё.
Нарадзіўся Васіль Сабан 23 ліпеня 1957 года ў вёсцы Загай Пухавіцкага раёна, што за тры кіламетры ад Мар»інай Горкі. Бацька яго, Мікалай Філімонавіч Сабан, нарадзіўся ў 1914 годзе ў вёсцы Вецярэвічы Пухавіцкага раёна, што недалёка ад Шацка. У гэтай жа вёсцы ў 1922 годзе нарадзілася і яго маці Соф»я Міхайлаўна Гурыновіч. Яны ўзялі шлюб у 1940 годзе.
Да вайны бацька быў старшынёй калгаса «Вецярэвічы», які перайменавалі затым у саўгас «Зорка». З пачаткам вайны з Германіяй Мікалай і Соф»я Сабаны пайшлі ў партызанскі атрад, які базіраваўся ў Шацкіх лясах. Атрад уваходзіў у склад брыгады, якой камандаваў Уладзімір Лабанок (будучы намеснік старшыні Савета Міністраў БССР). У 1943 годзе ў балоце, калі немцы блакіравалі партызанскі атрад, у сям»і Сабаноў нарадзілася дачка Ганна, якая цяпер жыве ў Мар»інай Горцы. Усяго ў Мікалая і Соф»і Сабаноў нарадзіліся тры дзяўчынкі: Ганна 1943 г.н., Ліда 1947, Галя 1951, і чатыры хлопчыкі: Валодзя 1954 г.н. (цяпер жыве ў Барысаве), Васіль 1957, Мікалай 1959 (жыве ў Дукоршчыне), Гена 1961 г.н.
Пасля вайны з Вецярэвіч сям»я пераехала ў вёску «Загай». Дзед, Сабан Філімон Канстанцінавіч, 1878 года нараджэння, родам таксама быў з вёскі Вецярэвічы. Гэта быў сапраўдны працаўнік! Акрамя кароў, авечак, курэй, у яго гаспадарцы было 13 валоў і 7 коней. Бальшавікі ў пачатку 30-х гадоў за гэта яго раскулачылі і выслалі ў Сібір, на катаржныя работы. П»яніцы камбедаўцы адабралі ўсё, нажытае цяжкай працай. Сям»і давялося жыць у малюсенькай «времянке». Перад вайной дзеду Філімону пашанцавала вярнуцца дадому. У час Вялікай Айчыннай вайны, змагаючыся за свабоду сваёй радзімы, ён быў сувязным партызанскага атрада. Дзеда Філімона выдалі здраднікі. Акупанты патрабавалі выдачы патрэбных ім звестак, але ён маўчаў. Фашысты адрэзалі яму вушы, нос, губы і выкалалі вочы. Дзед Філімон, не вытрымаўшы катаванняў, памёр.
Відаць, ад дзеда Філімона перадаліся ўнуку Васілю працавітасць, настойлівасць, сумленнасць. Калі што небудзь здаралася на фабрыцы, званілі і звоняць дырэктару, які жыве побач. Нават сярод ночы, асабліва ў першыя гады неразбярыхі, калі Беларусь стала незалежнай краінай, ён, закасаўшы рукавы, не грэбаваў работай простага слесара ці электраманцёра. Дасведчаны ва ўсіх тонкасцях работы фабрыкі, Васіль Мікалаевіч нездарма карыстаецца тут вялікім аўтарытэтам.
Бабуля нарадзілася ў 1882 годзе, а памерла ў 1964 годзе, калі сям»я жыла ў Загаі. Васілю ўрэзаўся ў памяць той дзень, калі жалобная працэсія ішла за санямі, дзе ў труне ляжала яго бабка Марыя. У Загаі сям»я жыла ў маленькай старэнькай хатцы, і маці марыла аб іншым, больш прасторным, жытле. Эканомячы на самым неабходным, яна некалькі гадоў збірала грошы. Нарэшце пашанцавала: яны знайшлі падыходзячую хату ў Дукоршчыне. Прадаўшы за тысячу рублёў старую хатку ў Загаі, дадалі яшчэ дзве тысячы і ў 1969 годзе купілі новую.
Першыя чатыры класы Васіль вучыўся ў Загайскай пачатковай школе, а калі пераехалі ў Дукоршчыну, пайшоў у пяты клас смілавіцкай сярэдняй школы, дзе дырэктарам быў Аляксей Расолька. Школу да гэтага часу перавялі на рускую мову навучання, увасабляючы ў жыццё імперскі тэзіс ЦК КПСС аб тым, што ўсе нацыі ў СССР павінны зліцца ў адну «небывалую доселе общность людей — советского человека» з адной мовай зносін — рускай.
Школа, у якой вучыўся Васіль Сабан, была ўжо новая, трохпавярховая, цагляная. А ў «деревянке» з доўгімі вузкімі класамі, у якой вучыўся я, размясцілі вячэрнюю школу. Закончыўшы з добрымі і выдатнымі адзнакамі сем класаў, Васіль паступіў у Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Але праз тры месяцы вырашыў памяняць спецыяльнасць і паступіў ў вучылішча кінамеханікаў у Мінску. Закончыўшы яго з адзнакай, вярнуўся ў Смілавічы на пасаду інжынера кінатэатра. Па сумяшчальніцтву на паўстаўкі працаваў мастаком. Тут пасябраваў з загадчыкам клуба Уладзімірам Быстровым. Працуючы, Васіль адначасова вучыўся завочна ў Мінскім політэхнікуме па спецыяльнасці «электраабсталяванне прамысловых прадпрыемстваў».
У 1975 годзе ў Смілавічы прыехала працаваць выпускніца Казанскага тэхнікума лёгкай прамысловасці Людміла Шыршова. Васілю яна вельмі спадабалася. Каханне было ўзаемным, і праз год яны пажаніліся. Цяпер у іх сям»і дзве дачкі і чацвёра ўнукаў. З самай малодшай, пяцігадовай Настачкай, якая вельмі добра спявае і танцуе, мы нават паспелі пасябраваць.
У 1977-1979 гадах служыў у арміі ў ракетных войсках стратэгічнага прызначэння ў Саратаўскай вобласці. Пасля арміі Васіль уступіў у партыю. Быў сакратаром камсамольскай арганізацыі Смілавіцкага сельсавета. Васіль з гумарам успамінае, як ездзіў на матацыкле МТ і збіраў камсамольскія ўзносы.
Закончыўшы тэхнікум, В.Сабан паступіў працаваць на валюшна-лямцавую фабрыку электраслесарам. Затым яго прызначылі механікам, а яшчэ праз нейкі час — у 1983 галоўным механікам. Працуючы, Васіль Сабан працягваў вучобу, і пасля заканчэння Беларускага політэхнічнага інстытута ў 1984 годзе яго прызначылі галоўным інжынерам фабрыкі.
На энергічнага, мэтанакіраванага Васіля Сабана, які адпрацаваў на фабрыцы галоўным інжынерам шэсць гадоў, звярнула ўвагу кіраўніцтва раёна і вобласці, і ў 1987 годзе яго накіравалі вучыцца ў Мінскую вышэйшую партыйную школу. Яе (яна цяпер называецца інстытутам паліталогіі і сацыяльнага ўпраўлення) таксама закончыў з адзнакай. Гэта былі драматычныя гады ў гісторыі СССР, бо Міхаіл Гарбачоў спыніў існаванне КПСС, якая была фактычна стрыжнем усёй вялікай краіны.
Прыехаўшы у Чэрвень, Васіль Сабан зайшоў да першага сакратара райкама Аляксандра Іванавіча Мяцельскага. На бюро райкама было разгледжана пытанне аб яго працаўладкаванні. Сам Васіль быў згодзен вярнуцца на пасаду галоўнага інжынера. Аляксандр Мяцельскі, які сам меў некалькі дыпломаў і абараніў кандыдацкую дысертацыю эканаміста ў Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, пачаў публічна яго экзаменаваць па эканамічных пытаннях. Задаволены адказамі, прапанаваў вярнуцца на валюшна-лямцавую фабрыку на больш высокую пасаду — дырэктарам.
Працаваць дырэктарам у першыя гады было вельмі складана. «Каб прыйшоў з работы і ноч спакойна паспаў, — такога амаль не было, — успамінае Васіль Мікалаевіч. Што-небудзь здаралася, асабліва ноччу. То матор згарыць у кацельнай, то нешта здарыцца з сістэмай ацяплення, то прарвуць трубы, па якіх паступае пара, то недзе закараціла электраправодку. Добра, што ў самога была спецыяльнасць электрыка».
Абсталяванне на фабрыцы было старое, дабітае, і пастаянна трэба было яго рамантаваць. Падабраць добрых спецыялістаў у тыя гады было цяжка з-за мізэрнай зарплаты, таму дырэктару нярэдка прыходзілася працаваць за слесараў і за электрыкаў.
Васіль Сабан па праву ганарыцца сваёй валюшна-лямцавай фабрыкай, дзе працуе ўжо 37 год, з якіх 22 гады — дырэктарам.

Уладзімір Шулякоўскі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *