Сёння — дзень усенароднай памяцi ахвяр Вялiкай Айчыннай вайны

Общество

Маладому пакаленню нават уявіць сабе цяжка тую жудасную раніцу 1941 года, калі на досвітку блакітнае неба зацягнула чорная хмара варожых самалётаў, уздрыганулася зямля ад страшэнных выбухаў і ў мірнае жыццё ўварвалася смерць. Выжыць і перамагчы — на тры гады фашысцкай  акупацыі стала пастаяннай мальбою мільёнаў беларусаў, заклікам да бязлітаснай барацьбы з гітлераўскай  навалай.

Зараз, праз семдзесят гадоў,  суцішыўся востры пякельны боль, аднак дата пачатку неймавернай трагедыі людзей не забылася, не згубілася ў яркім водбліску пераможнага дня 9 мая. Памяць пра самую кровапралітную вайну, вядома ж, асабістая, у кожнага звязана з сям’ёй, светапоглядам, паўнатой гістарычных ведаў… Але ёсць у ёй і агульнае: гонар за мужны і свабодалюбівы беларускі народ, патрыётаў — дзедаў і прадзедаў, светлая надзея на мірны заўтрашні дзень.

Нашчадкі пра родных

з гераічнага пакалення

Тамара Антонаўна Парфіменка:

— Калі пачынаю гаварыць пра вайну, нагортваюцца слёзы. Узгадваю расповяды родных — і сэрца шчыміць. Ужо ў першыя яе дні майго бацьку, Антона Мікалаевіча Нішчыка, прызвалі на фронт — і мама, Марыя Ільінічна, засталася адна з чатырмя малымі дзецьмі. Аднойчы фашысты сагналі жыхароў Кутузаўкі да балота. Апынулася там і мая мама з дзецьмі, самага маленькага яна трымала на руках. Вяскоўцы стаялі і ў страху чакалі прыгавору свайму далейшаму лёсу. Але гітлераўцы не спяшаліся: яны патрашылі нарабаваных курэй і рагаталі. Раптам наляцелі нашы самалёты. Яны апусціліся зусім нізка і напалохалі фашыстаў. Тыя пачалі хавацца, а вяскоўцы, скарыстаўшы момант, разбегліся. Мама напачатку разгубілася і нейкі час яшчэ стаяла, баючыся рухацца, каб не атрымаць кулю ў спіну…

Бацька з вайны вярнуўся інвалідам, пражыў 80 гадоў і памёр ад сардэчнага прыступу з атрыманай калісьці ў нагу фашысцкай куляй. Мама жыла значна менш — усяго 54 гады. Яна нарадзіла чатырнаццаць дзяцей, але выжылі толькі дзевяць. Я з кагорты пасляваенных.

Пахаваны бацькі на могілках у Астравах. А вось мамін брат як пайшоў у першыя дні вайны змагацца з ворагам, так ніхто і не ведае пра яго далейшы лёс. Родныя атрымалі афіцыйнае паведамленне: “прапаў без вестак”. Вось думаем звярнуцца да перадачы “Жди меня”, а раптам адшукаецца хаця б яго магілка…

 

Кацярына Дзмітрыеўна ЛАЗАРЧУК:

— У такія асаблівыя даты заўжды задумваешся пра тое, якімі адданымі патрыётамі былі нашы родныя, як моцна яны любілі свой край. Мой бацька Дзмітрый Аляксандравіч Люшынскі і свёкар Іван Уладзіміравіч Лазарчук у свае сямнаццаць гадоў пачалі змагацца з ворагам не на жыццё, а на смерць. Былі на фронце і вярнуліся дамоў з баявымі ўзнагародамі. Наша сям’я ганарыцца імі. На жаль, няма ўжо іх у жывых, але памяць нязгасная. У мяне тры сыны, і я з мужам заўжды выхоўвала іх на прыкладзе дзедаў. Якія гэта былі сумленныя, шчырыя, працавітыя людзі, адкрытыя для іншых, заўжды гатовыя прыйсці на дапамогу… Яны прыклад для кожнага з нас.

Узнагароды Дзмітрыя Аляксандравіча мы беражліва захоўваем, а Іван Уладзіміравіч у апошнія хвіліны жыцця выказаў пажаданне пахаваць яго ў кіцелі з узнагародамі.

Застаўся цікавы  фотаздымак. На ім Іван Уладзіміравіч разам з унукамі на нейкай святочнай урачыстасці — шчаслівы, задаволены і быццам памаладзеўшы побач са сваімі нашчадкамі.

 

Тамара Мікалаеўна МУРАШКА:

— Вайна вымушала перамагаць страх, боль,  смерць, пераадольваць выпрабаванні. І большасць людзей знаходзіла ў сабе сілы на смеласць, адвагу, гераізм, ахвярнасць.  У іх ліку і мой бацька — Мікалай Ігнатавіч Канапелька. На жаль, тры гады таму яго не стала.  Бацька, тады зусім яшчэ бязвусы юнак, поўны лютай нянавісці да ворага і перакананы ў перамозе,  франтавымі дарогамі дайшоў да Берліна, з вайны вярнуўся інвалідам, але  з баявымі ўзнагародамі на грудзях. Пра яго мужнасць і адвагу ўзгадваў у адным з газетных артыкулаў вайсковы камандзір. Аднойчы, калі спатрэбіўся смяльчак, які забраўся б па вадасточнай трубе на трэці паверх будынка, дзе заселі фашысты, і ліквідаваў вогненную кропку ворага, першым падрадзіўся беларус Мікалай Канапелька з Астравоў. Ён выканаў заданне, але быў моцна паранены. Нашы войскі тады паспяхова пайшлі ў наступленне…

Мікалай Ігнатавіч нарадзіўся ў 1926 годзе, каб яго ўзялі на фронт, прыпісаў сабе год. І пазней, заўжды, дзе было цяжка, бацька першым падстаўляў сваё плячо… Такое яно — тое гераічнае пакаленне: вернае, сумленнае, моцнае, як загартаваная сталь, і ўпэўненае ва ўласных сілах. Мы заўжды будзем памятаць іх менавіта такімі…

 

Алена Валер’еўна ЗАБАРОНАК:

— 22 чэрвеня 1941 года ў 3 гадзіны 15 раніцы нацысцкая Германія напала на Савецкі Саюз. Чэрвеньскі  раён акупіравалі 2 ліпеня.  І гэтая акупацыя доўжылася 1095 дзён і начэй. За той час страты людскія былі страшэнныя. У Чэрвені, напрыклад, з 6 тысяч даваенных жыхароў загінула больш як 4260 чалавек. Спалена 25 вёсак, з  якіх дзве не аднавіліся, не заладзілася пасля вайны там жыццё. На тэрыторыі нашага раёна 72 брацкія магілы, у якіх пахаваны 9473 чалавекі. Можна называць і іншыя лічбы ахвяр, загінуўшых, памерлых… За кожнай — чыйсьці лёс. Усяго нацярпеліся ў тое ліхалецце і мае родныя. Бабуля Алена з дзедам жылі ў вёсцы Велікаполле. Бабуля часта пякла партызанам хлеб. А насупраць жыў чалавек, які служыў фашыстам. Ён і данёс пра тое, што начамі з коміну ідзе дым. Немцы наляцелі з вобыскам, але хлеба на той момант не было. Напярэдадні яго забралі партызаны. А бабулю Алену выратавала тое, што быў якраз яблычны Спас. Яна сказала, што нічога не магла рабіць у вялікае хрысціянскае свята, хадзіла ў Чэрвень у царкву.  Калі праз бабулю трэба было штосьці ад партызан перадаць у Чэрвень, дык яна брала з сабой трохгадовую дачушку, якую націрала соллю. У дзяўчынкі з’яўлялася высыпка, бабуля казала, што гэта тыф, маўляў, ідуць у бальніцу — і фашысты прапускалі, не абшуквалі.

Занатавала Эма МІКУЛЬСКАЯ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *