ШТО ЗРОБЛЕНА ПА НАВЯДЗЕННЮ ПАРАДКУ НА ТЭРЫТОРЫІ СЕЛЬСАВЕТА?

Общество

Аляксандр ШЫФРЫН,  старшыня Валевачоўскага сельсавета:
Асноўная частка мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета звязана з навядзеннем парадку і падтрыманнем чысціні на прысядзібных участках і на прылеглай да домаўладанняў тэрыторыі, а таксама паблізу сацыяльна значных аб’ектаў — амбулаторыі, пошты, дзіцячага садка, будынка адміністрацыі, дома быту і інш. Таксама адсочваем работы па добраўпарадкаванні на тэрыторыі вакол фермаў, на механізаваных дварах.
Займаемся частковай заменай агароджы могілак. Іх на тэрыторыі сельсавета 9. Да Радаўніцы адтуль было вывезена ўсё смецце.
Да работ па добраўпарадкаванні аграгарадка, вёсак (пакос пустазелля на прысядзібных участках, рамонт і афарбоўка агароджаў) прыцягваем насельніцтва.
Ужо выпісана 138 прадпісанняў па навядзенні парадку. Сочым, каб яны былі выкананы ў адведзены тэрмін.
На тэрыторыі Валевачоўскага сельсавета знаходзяцца тры мініпалігоны — у Карпілаўцы, Чарнаградзі, Грабёнцы. Плануецца, што сёлета, да сярэдзіны чэрвеня, яны зачыняцца. Абавязкі па вывазу смецця бярэ на сябе служба ЖКГ, з якой заключылі дагаворы 574 домаўладанні з 874. У Валевачах устаноўлена кантэйнерная пляцоўка. Смецце з аграгарадка вывозіцца два разы на тыдзень, з астатніх населеных пунктаў — два разы ў месяц.
Пасля афіцыйнага закрыцця мініпалігонаў у выхадныя ўвядзём дзяжурства. Абыходы тэрыторыі будуць праводзіць участковыя міліцыянеры, работнікі сельсавета, РЦГіЭ і прадстаўнікі іншых зацікаўленых службаў, ведамстваў і г.д. Тыя, хто выкідвае смецце ў непрызначаных для гэтага месцах, будуць карацца штрафам ад 5 да 20 базавых велічынь.
Мы ўжо ліквідавалі дзве стыхійныя звалкі — у вёсках Слабада і Красная гара. Яшчэ дзве былі выяўлены ў Грабёнцы і Нежаўцы. Работа па ліквідацыі там звалак пачалася на пазамінулым тыдні.
Плануем заараць 7,1 га пустуючых прысядзібных участкаў. Сёння работа ідзе ў вёсках Пагулянка і Нежаўка. Дапамагае нам у гэтым СПФ «Аграбуд» пад кіраўніцтвам Івана Малахава. Праца на 4 га ўжо завершана.
Да нас звярнуліся жыхары вёскі Станева з просьбай ачысціць мясцовае возера. Плануем, што на гэтым тыдні прывядзём у парадак зарослыя берагі, ачысцім ваду, зробім возера больш глыбокім, каб можна было купацца. Да гэтай працы падключым Чэрвеньскае ПМС. Дапамогуць нам і мясцовыя жыхары — яны ўжо сабралі адзін мільён рублёў на ачыстку возера.
З мінулага года дарогі ў аграгарадках Чарнаградзь і Валевачы былі перададзены на баланс ЖКГ, астатнія знаходзяцца на балансе ДРБУ-121. З моманту перадачы пасыпана жвірам 2 км дарог у в. Нежаўка, каля 0,5 км — у в. Крываполье.
На працягу 3 гадоў у Валевачах былі «праблемнымі» дарогі па вуліцах Камунараў і Цэнтральнай. Грошы на іх асфальтаванне вылучылі ў мінулым годзе. Да пачатку 2011г. дарогі прывялі ў парадак.
У планах у нас будаўніцтва магазіна ў Валевачах — сумесна з Раённым спажывецкім таварыствам. Сёлета завершацца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол возера. Побач, у парку, будзе знаходзіцца зона адпачынку. Там з’явяцца тратуарныя дарожкі. Усе работы ў парку, паблізу возера вядуцца сумесна з прадпрыемствам «Мінскжалезабетон».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *