Што зроблена па навяденню парадку на тэрыторыі сельсавета?

Общество

Мікалай НАХАМЧЫК, старшыня Руднянскага сельскага Савета:

На тэрыторыі нашага сельсавета — 18 населеных пунктаў, у якіх 828 домаўладанняў. Пастаянна пражывае 2055 чалавек.
Добраўпарадкаванне тэрыторыі населеных пунктаў праводзіцца ў адпаведнасці з планам, распрацаваным на перыяд з 2011 па 2015 гады, які прадугледжвае падтрыманне парадку не толькі на тэрыторыі домаўладанняў, але і на аб’ектах сферы адукацыі, культуры, аховы здароўя, гандлю.
На тэрыторыі сельсавета 7 мініпалігонаў, тры з якіх у 2010 годзе былі закрыты Чэрвеньскім ЖКГ (в.Праўда, в.Сітнік, в.Новыя Зелянкі ). Астатнія плануецца ліквідаваць да канца чэрвеня 2011 года. У сувязі з гэтым работнікі сельвыканкама з дапамогай старэйшын вёсак праводзяць работу па заключэнню дагавароў з жыхарамі на вываз цвёрдых бытавых адыходаў (ЦБА) Чэрвеньскім ЖКГ. Заключана 418 дагавароў. На працягу двух гадоў ЦБА камунгасам вывозяцца з в.Новыя Зелянкі і Праўда. На сённяшні дзень распрацаваны і пачалі дзейнічаць маршруты па вывазу смецця, якія ахопліваюць усе населеныя пункты сельсавета. У вёсках Праўда, Іўнік, Сітнік, Новыя Зелянкі смецце вывозіцца кожную першую і трэцюю сераду месяца. Усе астатнія населеныя пункты сельсавета ўключаны ў маршрут, які прадугледжвае вываз смецця кожную другую і чацвертую пятніцу. У асноўным усе жыхары разумеюць неабходнасць заключэння дагавароў, хаця ёсць і такія, хто адмаўляецца. Тлумачаць, што смецця ў іх няма, або яны закопваюць яго на сваім падвор’і.
Падчас правядзення месячніка па добраўпарадкаванню тэрыторыі населеных пунктаў з дапамогай сельгаспрадпрыемстваў ліквідавана 6 стыхійных звалак смецця ў в.Чарнава, Рудня. Выданы 134 афіцыйныя прадпісанні аб неабходнасці падтрымання тэрыторыі домаўладання ў належным санітарным стане, своечасовым падкошванні травы, рамонце і замене платоў. На тых, хто не выконвае прадпісанні ў адпаведны тэрмін, будзем складаць адміністратыўныя пратаколы, штраф за якія прадугледжаны ў памеры да 5 базавых велічынь.
Усе 7 грамадскіх могілак, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, у красавіку — маі з дапамогай тэхнікі сельгаспрадпрыемстваў былі ачышчаны ад смецця. У маі за кошт сродкаў праведзены работы па частковай замене агароджы могілак в.Замасточча. Прадугледжваем таксама агароджванне могілак в.Кутузаўка і в.Чарнава.
Пэўнай праблемай на тэрыторыі сельсавета з’яўляюцца пустуючыя зямельныя ўчасткі. Сёлета з 29 такіх участкаў ужо заарана 24, агульнай плошчай 5,76 га. Праводзім работу па пошуку спадчыннікаў, выдаем ім прадпісанні аб недапушчальнасці безгаспадарчага ўтрымання дамоў і зямельных участкаў. Летась на тэрыторыі сельсавета на падставе заяў нашчадкаў і ўласнікаў знесена 5 старых дамоў.
У мінулым годзе ўсе дарогі населеных пунктаў перададзены на баланс ДРБУ — 121, што ў асноўным зняло праблему іх грэйдзіравання, ачысткі зімой ад снега.
Былі выдзелены сродкі на асфальтаванне вул.Садовай в.Чарнава. Пасля гэтага ўзнавілі рух міжгародняга аўтобуса «Мінск — Новыя Зелянкі» з заездам у вёску.
Ёсць шэраг арганізацый і ўстаноў, якія вызначаюцца добраўпарадкаванасцю сваіх тэрыторый. Гэта Новазелянкоўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа, Руднянскі дзіцячы сад — сярэдняя школа, аддзяленне кругласутачнага знаходжання в.Рудня, водазабор №11 УП «Мінскводаканал». Гэтыя прадпрыемствы і ўстановы радуюць вока добраўпарадкаванасцю сваіх тэрыторый, наяўнасцю вялікай колькасці кветах, малых архітэктурных форм.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *