Мужнасць і боль генерала

Общество

Пра тое, як жылі і ваявалі лясныя салдаты 208-га партызанскага атрада, а галоўнае — зразумець іх пачуцці і думкі, даюць магчымасць рукапісныя часопісы. Менавіта тут у лютым 1942 года знайшла ўвасабленне гэтая незвычайная ў партызанскім асяроддзі ініцыятыва. Першы нумар часопіса пачынаўся перапісаным чарніламі ад рукі і расфарбаваным каляровымі алоўкамі Загадам Народнага камісара абароны СССР №55, прысвечаным святкаванню Дня Чырвонай Арміі. Называўся часопіс “Народны мсцівец”. У гэтым яго нумары змешчаны артыкул “З дзённіка батальённага камісара І.Іванова” аб арганізацыі ў акупіраваным Мінску падпольнай групы палкоўніка Нічыпаровіча і яе баявых справах. Аўтарамі часопісаў былі самі партызаны. Яны пісалі не толькі патрыятычныя артыкулы, расповяды аб сваіх баявых дзеннях, аб зараджэнні партызанскага руху, аб мужнасці, гераічных учынках і подзвігах народных мсціўцаў, якія трапілі ў вельмі цяжкія ўмовы жыцця і барацьбы, але і вершы, гумар, сатыру. Гэта садзейнічала падтрыманню маральнага і баявога духу.
Пачынанне 208-га партызанскага атрада Нічыпаровіча паслужыла прыкладам для выдання на Чэрвеньшчыне часопісаў іншымі народнымі мсціўцамі. У прыватнасці, у партызанскім атрадзе “Сцяг” брыгады “Разгром” і партызанскім атрадзе “Іскра”. Аб важнасці гэтага сведчыць тое, што ў 1943 годзе з Беларускага партызанскага штаба ў Маскве былі накіраваны ў партызанскія фарміраванні радыёграмы з распараджэннем захаваць іх для экспазіцыі будучага музея Вялікай Айчыннай вайны.

ТОЙ САМЫ КАБУШКІН

З лютага 1942 года сувязь 208-га партызанскага атрада з Мінскім антыфашысцкім падполлем падтрымліваў відны яго ўдзельнік Іван Кабушкін. Яго ведалі ці чулі пра яго многія падпольшчыкі Мінска, але ніхто не мог назваць сапраўднага імя і прозвішча. Ніхто не ведаў, што ён удзельнічаў у баявых дзеяннях на Фінскім фронце і быў паранены. У зносінах Кабушкін ужываў клічкі — Жан, Назараў, Сашка, Аляксандр Бабушкін. Толькі потым, праз шмат гадоў, будзе расказвацца пра яго ў кнігах і фільме на падставе сабраных звестак. А тады ён быў таямнічым чалавекам-загадкай.
У першыя дні вайны вайсковую часць, у якой малодшы лейтэнант Кабушкін служыў ваентэхнікам разведдывізіёна, разбілі пад Баранавічамі. Разам з іншымі палоннымі яго прыгналі ў Мінск. Гараджане стараліся выратоўваць чырвонаармейцаў. Адна з патрыётак “прызнала” Кабушкіна сваім мужам, і яго выпусцілі з лагера ваеннапалонных. Кабушкіну дапамаглі атрымаць дакументы на імя селяніна Лагойскага раёна Аляксандра Назарава — зроблены па ўсіх правілах нямецкі аўсвайс і працоўную кніжку калгасніка. Неўзабаве Кабушкін устанавіў сувязь з некаторымі былымі вайскоўцамі, Ваенным саветам партызанскага руху і мінскім антыфашысцкім падполлем.
Для жыхароў акупіраванага горада і падпольшчыкаў Жан быў сімвалам мужнасці і бясстрашнасці. На гітлераўцаў гэтае імя наводзіла жах, кожны раз напамінаючы пра гнеў і немінучую расплату. Разам з іншымі патрыётамі ён пераймаў аўтамашыны з ваеннымі грузамі, узрываў іх, падпальваў, нападаў на акупантаў ля развалінаў дамоў. І гэта ў буйным варожым гарнізоне, пад носам у гестапа, службы бяспекі, шматлікіх шпікаў, якія сачылі літаральна за кожным. Кабушкін выконваў самыя адказныя заданні падпольнага камітэта. Яго накіроўвалі на сувязь з партызанамі. Жан непрыкметна для фашыстаў пакідаў горад і гэтак жа непрыкметна вяртаўся назад. Ён збіраў таксама інфармацыю, якая выкарыстоўвалася ў лістоўках і матэрыялах падпольнай газеты, распаўсюджваў іх сярод насельніцтва.
У кліноцкія лясы Кабушкін прыбыў з Мінска ў лютым 1942 года з групай разведчыкаў і 60-цю народнымі мсціўцамі пад камандаваннем Самсонава, якія ўліліся ў гэты партызанскі атрад.
Кабушкіна спачатку прызначылі радавым байцом першай роты. Яе камандзіру маёру Гарнастаеву Нічыпаровіч даручыў праверыць навічка ў баявой абстаноўцы. Праявіў ён сябе добра і неўзабаве быў пераведзены ў разведвальны ўзвод — сведчыў пазней у сваіх паказаннях следчаму ў турме на Лубянцы ўжо ў званні генерала Нічыпаровіч.
(Працяг будзе)
Аляксандр Бушэнка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *