Мужнасць і боль генерала

Общество

Працяг

У ЕДНАСЦІ З МІНСКІМІ ПАДПОЛЬШЧЫКАМІ

Лютай зімой 1942 года  даводзілася пераадольваць вялікія цяжкасці. Атрад не мог размяшчацца па вёсках — фашысцкія карнікі жорстка распраўляліся з мірнымі жыхарамі. Таму базіраваліся ў лесе, жылі ў буданах і зямлянках. Харчавацца даводзілася мёрзлай бульбай і кіпнем. Не хапала цёплай вопраткі, медыкаментаў.

Нічыпаровіч вырашыў прасіць дапамогі ў мінскіх падпольшчыкаў, з якімі падтрымліваў сувязь.  З гэтым ён накіраваў у горад разведчыка Васіля Сокалава. Перад дарогай патлумачыў:

— Няхай, што магчыма, збяруць сярод насельніцтва. Перадай таксама, каб забяспечылі нас бланкамі пашпартоў і аўсвайсаў. Апроч таго, патрэбна хоць бы невялічкае друкарскае абсталяванне для выпуску лістовак. З ворагам трэба змагацца не толькі куляй, але і патрыятычным друкаваным словам, інфармуючы насельніцтва аб падзеях на фронце.

Нічыпаровіч назваў явачную кватэру і на ўсялякі выпадак запасны адрас.

Пасля гэтай размовы начальнік разведкі партызанскага атрада расказаў, як трэба трымацца. Цяпер Сокалаў павінен быў выдаваць сябе за жыхара адной з бліжэйшых вёсак. Ён запомніў некалькі названых прозвішчаў сялян, дакладныя звесткі пра старасту — словам, усё, што спатрэбіцца ў выпадку, калі затрымаюць…

Завітаўшы на  явачную кватэру, Сокалаў перадаў просьбу Нічыпаровіча. Бланкі пашпартоў і аўсвайсаў ён атрымаў адразу. Наконт іншага дамовіліся, што праз сувязнога паведамяць у атрад, калі належнае прыгатуюць. Сакратар падпольнага гаркама партыі папрасіў, каб накіравалі наступным разам былога батальённага камісара Бывалага, якога тут добра ведалі па падпольнай дзейнасці, і ён ведаў, куды звярнуцца. Праз некалькі дзён Бывалы выбраўся з Кліноцкіх лясных нетраў і на жвавым коніку неўзабаве ўжо ехаў па знаёмых вуліцах Мінска на Лаўскую ўзбярэжную. Дакументы былі зроблены бездакорна, а сам партызан сваім адзеннем і прыкметным вазком  здаваўся заможным чалавекам.

Спыніўся ён у падпольшчыцы Софіі Гардзей. Да пераходу ў партызаны суседзі часта бачылі яго тут і лічылі сваяком гаспадыні, таму прыезд  не выклікаў здзіўленне.

На другі дзень сувязны прывёў яго на явачную кватэру, дзе сабраўся падпольны гаркам. Бывалы коратка распавёў аб баявых дзеяннях атрада, цяжкасцях з—за адсутнасці цёплага адзення, харчавання, медыкаментаў, перадаў просьбу Нічыпаровіча больш накіроўваць у партызаны рабочых. Паведаміў таксама, што партызанскі атрад захапіў  у адным з нямецкіх гарнізонаў невялікую гармату і добра было б знайсці майстра, які змог бы яе адрамантаваць.

Просьбу 208-га атрада задаволілі амаль поўнасцю. Бываламу далі адрасы явачных кватэр, дзе можна было ўзяць катлы для прыгатавання ежы, цёплае адзенне, медыкаменты, перавязачныя матэрыялы, мыла, грошы купіць сахарын. Наконт друкарскага абсталявання патлумачылі, што лепей выкарыстоўваць яго ў Мінску і затым забяспечваць лістоўкамі партызанскі атрад.

Пэўныя захады для гэтага падпольшчыкі ўжо зрабілі. У канцы снежня 1941 года на канспіратыўнай кватэры пачалі выдаваць невялічкую газету “Вестник Родины” са звесткамі аб становішчы на фронце, дзейнасці партызан. Словы праўды іскрамі ўспыхнулі ў акупіраваным горадзе і бліжэйшых з ім вёсках. У гэтай газеце ад імя камандавання 208-га партызанскага атрада быў надрукаваны “Зварот да грамадзян і грамадзянак часова акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі”, які заклікаў да змагання, выкрываў хлуслівы змест варожых сродкаў масавай інфармацыі. Тут друкавалі і лістоўкі, затым падпольшчыкі распаўсюджвалі іх. Праз цешчу Нічыпаровіча да падпольнай работы былі прыцягнуты яе сваякі — бацька і сын Воранавы. Яны працавалі ў Доме друку. Бацька, Міхаіл Воранаў, быў начальнікам друкарскага цэха, а сын, таксама Міхаіл, загадваў электрацэхам. Пасля арышту і павешання арганізатара выдання “Вестник Родины”, Воранавы разам з іншымі патрыётамі прымалі ўдзел у выпуску створанай падпольнай газеты “Звязда”.

(Працяг будзе)

Аляксандр БУШЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *