Кубак Мінскай вобласці. 1/8 фіналу

Спорт

“Медпрэпараты” (Нясвіж) – “Колас” (Чэрвень) – 1:0

Нясвіж. Стадыён райаграсервіса. 22 чэрвеня. Пераменная воблачнасць. 24 градусы. 50 гледачоў.

«Колас»: Курыловіч, Палтаржыцкі, Качановіч, Камісаранка, Прытыка, Жданок, Трапашка (Сасункевіч, 46), Суша, Канцур, Свірыдовіч, Добыш (Аладка, 80).

Так склаўся футбольны каляндар, што сапернікі сустрэліся паміж сабою другі раз за гэты месяц. У пачатку чэрвеня «Колас» прымаў «Медпрэпараты» на сваім полі ў рамках чэмпіянату вобласці. І саступіў — 1:3.

Кубкавы матч ў Нясвіжы праходзіў у роўнай барацьбе з аднолькавымі шанцамі на поспех. Нашы футбалісты, асабліва ў першым тайме, вельмі надзейна згулялі ў абароне. Былі магчымасці і забіць. У прыватнасці, прыцэльны ўдар Дзяніса Добыша прыняла стойка варот. Са штрафнога ў выкананні Сяргея Канцура мяч ляцеў дакладна ў левую «дзевятку», але ад немінучага гола «Медпрэпараты» выратаваў варатар.  Нулявая нічыя, да якой усё ішло, была б на карысць чэрвеньцаў. Аднак за тры хвіліны да заканчэння матча гаспадары поля здолелі забіць адзіны ў гэтай гульні гол і перамагчы.Зрэшты, для «Коласа» ў гэтым супрацьстаянні яшчэ нічога не згублена. Каб прайсці ў чвэрцьфінал, нашым землякам неабходна ў паўторным матчы на сваім полі перамагчы нясвіжскую каманду з розніцай у два мячы. У выпадку, калі чэрвеньцы выйграюць у асноўны час з лікам 1:0, будзе прызначаны дадатковы час, а пры неабходнасці давядзецца прабіваць пенальці.

Ігар АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *